27 кастрычніка ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць” у Гомель завітаў вядомы беларускі паэт і перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч. Творчыя сустрэчы з выбітным беларускім творцам адбыліся ў СШ №27 і на філфаку ГДУ імя Ф. Скарыны.
Андрэй прыехаў у Гомель па маім запрашэнні: вельмі хацелася паказаць свайму 9 “А” класу сучасную беларускую паэзію ў жывым выкананні. Хто ж яшчэ зробіць гэта лепш за ўсіх, як не Хадановіч? Запланавая на ўрок сустрэча расцягнулася на дзве гадзіны. Андрэй чытаў свае вершы са зборнікаў “Дэжа вю”, “Цягнік «Чыкага-Токіа»”, “Нататкі таткі” і пераклады Шарля Бадлера, спяваў песні, у якіх, як ён сам гаворыць, “словы чужыя, музыка чужая, а песня – мая”, расказваў гісторыі з жыцця. Дзеці сядзелі як мышы пад венікам, слухалі ўважліва і сур’ёзна. Больш за ўсё, па водгуках, іх зачапіў знакаміты верш “Беларускія мужчыны” і песня “Гатэль «Беларусь»”. А вось на ўроку папрасілі прачытаць верш “Псіхааналіз”: маўляў, цікава, як ён гучыць.
Песні і вершы арганічна перапляталіся з рознымі цікавымі фактамі пра вандроўкі, школьнае і ўніверсітэцкае жыццё аўтара, пра музыку, Боба Дылана, дачку Аленку і многае іншае. Мне, да прыкладу, запомніцца невядомы дагэтуль факт пра першую сустрэчу маладога Хадановіча з разеткай і токам.
Напрыканцы сустрэчы вучні расслабіліся і пачалі задаваць пытанні, за якія з рук паэта атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
А наперадзе былі яшчэ дзве гадзіны творчай сустрэчы з больш дарослым пакаленнем – студэнтамі гомельскага філфаку. Трэба адзначыць, што паслухаць вядомага паэта прыйшлі як студэнты беларускага аддзялення, так і рускага, прычым апошнія былі настолькі ўражаныя талентам і харызмай выступоўцы, што пасля імпрэзы пачалі актыўна шукаць у інтэрнэце яго вершы і песні.
Пачалася сустрэча з урачыстай перадачы загадчыку кафедры беларускай літаратуры Івану Фёдаравічу Штэйнеру рэкламных плакатаў “Пяцісотгоднасць: юбілей беларускага кнігадруку”. Пасля чаго Андрэй Хадановіч распавёў пра гэтую кампанію, прэзентаваў нядаўна выдадзены зборнік перакладаў Шарля Бадлера (чым парадаваў усіх прысутных і асабіста мяне) і прадставіў публіцы лепшае са свайго рэпертуару. Да гэтага часу Андрэй ужо адышоў ад начной паездкі ў цягніку і таму актыўна жартаваў са студэнтамі, правёў экскурсію па месцах сваёй “баявой славы”, праспяваў вясёлыя і рамантычныя песні і таму пакінуў прысутных у задавальненні ад сустрэчы.
Скончыўся творчы візіт Андрэя Хадановіча традыцыйнымі аўтограф- і фотасесіямі.
Крысціна Бандурына