Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Менавіта гэтыя радкі верша Уладзіміра Караткевіча прыгадваліся падчас творчых выступаў на Наваградскай зямлі. 24 лютага ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць”, прысвечанай юбілею беларускага друку, прайшлі дзве творчыя літаратурна-музычныя сустрэчы з бардам Таццянай Дайнека (Беланогай) на Наваградчыне. Першая сустрэча адбылася з вучнямі сярэдняй школы в. Вялікія Вераб’евічы, другая – з вучнямі Любчанскай школы.
На абедзвюх сустрэчах Таццяна распавядала пра кампанію “Будзьма беларусамі!”, якая займаецца развіццём, захаваннем беларускай культуры, пра акцыю “500-годнасць”, прысвечаную юбілею беларускага друку.
У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пабачыў свет новы альбом Таццяны на вершы Яўгеніі Янішчыц “Матылёк”. Таму на сустрэчах гаварылі пра творчасць нашай таленавітай паэтэсы, Таццяна спявала песні на вершы “палескай ластаўкі”.
У Вераб’евіцкай школе вучні з дапамогай настаўнікаў загадзя падрыхтаваліся да тэматычнай сустрэчы. Таленавіта, выразна чыталі вершы Яўгеніі Янішчыц навучэнцы. “Красная цана”, “Да сустрэчы”, “Жораў ты, а я сініца…” – розныя па тэматыцы вершы, але прасякнутыя цеплынёй і любоўю, гучалі у сценах школы. Усе ўдзельнікі конкурсу мастацкага чытання атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – паштоўкі, кнігі. Атмасферу ўзнёслага мастацкага чытання задалі аўдыёзапісы аўтарскага прачытання вершаў самой паэтэсы. На дыску “Матылёк” змешчаныя 66 вершаў, якія чытае сама паэтэса. Дзякуй вялікі за падрыхтоўку творчага вечара вучням і настаўнікам вераб’евіцкай школы.
Голас паэтэсы Яўгеніі Янішчыц распачаў творчую сустрэчу і ў Любчанскай школе. Больш за сто навучэнцаў сталі ўдзельнікамі конкурсаў на веданне беларускіх паэтаў, прачытанне вершаў на роднай мове, а вучаніца адзінаццатага класа, Аліна Шыла, прафесійна праспявала песню Змітра Вайцюшкевіча “Дзе мой край…” і атрымала майку “Пяцісотгоднасць”.
“Раней на Наваградчыне ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступалі беларускія паэты і барды. Цяпер бачны плён іх працы. Спадзяюся, што кнігі, вершы, песні на роднай мове не пакінуць сэрцы маладзёнаў, а традыцыя праводзіць паэтычныя чытанні замацуецца на Наваградскай зямлі,” – пракаментавала Таццяна.
Фота – Зміцер Дайнека