27 кастрычніка ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага ўніверсітэта прайшла прэзентацыя інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” і двух апошніх выданняў з серыі “PostScriptum” — зборніка апавяданняў “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла і кнігі, што ўлучае аповесць Хораса Ўолпала “Замак Отранта” і раман “Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй”, а таксама прэзентацыя кампаніі “Пяцісотгоднасць”, мэта якой — годным чынам ушанаваць памяць пра Францыска Скарыну і яго шчыраванні на ніве беларускай кнігавыдавецкай справы, якую прадаўжае і кніжная серыя перакладных выданняў “PostScriptum”. Прэзентацыю праводзілі перакладчыкі Ганна Янкута і Ігар Крэбс.
Спачатку Ганна Янкута расказала гісторыю часопіса “ПрайдзіСвет”, коратка пазнаёміўшы прысутных з 16 нумарамі часопіса і паказаўшы, як студэнты могуць выкарыстоўваць сайт падчас навучання. Пасля Ігар Крэбс падзяліўся сваім перакладчыцкім досведам і расказаў, чаму ў цяперашні час патрэбныя пераклады на беларускую мову. Ён адзначыў, што кожная добрая перакладная кніга па-беларуску — гэта сапраўды значная падзея (тым часам як пераклад на рускую мову лёгка можа згубіцца ў вялікім патоку рускамоўных выданняў), якая працягвае традыцыі беларускага кнігадруку, запачаткаванага 500 гадоў таму, — і расказаў пра прэмію Карласа Шэрмана, арганізаваную фондам “Вяртанне”, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Пасля ён прачытаў свой пераклад верша Генрыха Гайнэ “Рампсеніт”.
Ганна Янкута прадставіла прысутным серыю часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”, асабліва спыніўшыся на двух апошніх выданнях — зборніку апавяданняў пра Шэрлака Холмса і кнізе Ўолпала і Шэлі. Яна расказала пра складанасці, з якімі можна сутыкнуцца, перакладаючы замежную класіку, а таксама пра асаблівасці падрыхтоўкі кніг да публікацыі. Потым яна падрабязна спынілася на кампаніі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай 500-гадоваму юбілею беларускага друку, расказаўшы пра яго традыцыі, якія падтрымліваюцца ў выданні сучасных кніг. Затым разгарэлася невялікая дыскусія перакладчыцкія праекты, якія робяцца ва ўніверсітэце, і пра знакамітых беларускіх перакладчыкаў, што нарадзіліся ў Полацку. Ганна Янкута адзначыла, што першы лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана, Якуб Лапатка, які атрымаў прэмію за пераклад карэла-фінскага эпасу “Калевала”, працаваў настаўнікам у наваполацкай школе, ды і сам Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку, а таму прэзентацыя ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць” у Полацкім універсітэце — гэта добрая нагода ўспомніць пра ўнёсак палачан у беларускую гісторыю і культуру. У канцы прэзентацыі самыя актыўныя ўдзельнікі дыскусіі атрымалі падарункі — паштоўкі “Не маўчы па-беларуску” і нумары часопіса “Дзеяслоў”, а плакаты кампаніі “Пяцісотгоднасць” былі перададзеныя бібліятэцы.
Тэгі: Полацк