Фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч працягвае свой пракат у Польшчы. Стужку паказваюць у 13 гарадах. Найбольш актыўна праходзяць паказы ва Уроцлаве, а нядаўна ў спіс гарадоў дадаўся Беласток. Першы паказ там пройдзе 11 красавіка ў Беластоцкім Kino Forum. Таксама ў Коніне 25 красавіка, у межах дыскусійнага кінаклубу, адбудзецца паказ з каментаром польскага крытыка Лукаша Мацееўскага.
Кадр з фільма "Пад шэрым небам"
У падкасце «Кінатэатр Беларусь», які вядуць журналісты Юля Аляксеева і Тарас Тарналіцкі, Мара Тамковіч распавяла пра тое, дзе і як ужо паглядзелі гэты фільм у свеце.
— У фільма да гэтага моманту былі, у большасці сваёй, фестывальныя паказы шмат дзе. То бок у нас была наша міжнародная прэм’ера на Трайбецы ў ЗША, потым была еўрапейская прэм’ера ў Тарына ў Італіі, але, апроч гэтага, у нас быў паказ і ў Турцыі, у Бразіліі, у Калумбіі, у Індыі, у Марока, потым у Швецыі — я ўсіх не памятаю. Тры ўзнагароды агулам мы ўзялі на гэтых фестывалях. То бок гэты фестывальны шлях фільма ўвесь час адбываецца, гэтыя паказы ідуць.
Мара Тамковіч на Турынскім кінафестывалі. Фота: сацсеткі фестывалю
Іншая сітуацыя ў Вялікабрытаніі. Тыя пяць ці шэсць паказаў у розных гарадах, зробленыя ў супрацы з фестывалем Кінатэка, які паказвае і класічныя, і сучасныя польскія фільмы. Гэта адна частка.
Другая частка гэта італьянскія паказы. Там у нас ёсць пракатчыца, якая набыла правы на фільм, якая арганізуе гэтыя паказы. Першы тур быў у лістападзе адразу пасля еўрапейскай прэм’еры. Цяпер быў другі тур, і гэта было пяць паказаў у розных гарадах, такія, як цяпер модна казаць, буціковыя паказы.
Скажу вам, што гэта вельмі прыкольны досвед, таму што частка гэтых паказаў была ў адносна невялікіх гарадах. Ты прыязджаеш у італьянскі правінцыйны горад і там збіраецца па 60-70 чалавек на гэты паказ, таму што гэта кам’юніці вакол кінатэатра. Гэты маленькі кінатэатр прывозіць артхаўс кіно. У некаторых выпадках гэта асацыяцыя, і там рэальна валанцёры сядзяць проста на касе. Яны так аб’ядноўваюцца, каб мець свой маленькі кінатэатр і прывозяць туды фільмы літаральна на некалькі паказаў. Гэта проста касмічная для мяне штука. Уяўляеце сабе такая рэчаіснасць у Смаргоні? «Асацыяцыя аматараў Смаргоні», і вось мы сабраліся, вось у нас цяпер кінатэатр, і мы там валанцёрым, каб ён працаваў і прывозім туды ўмоўнага «Бруталіста», і вось сядаем і глядзім. А яшчэ лепш — запрашаем аўтараў такога кшталту аўтарскага кіно, якія маглі б прадставіць».
Таксама Мара Тамковіч заўважае, як адрозніваецца сам спосаб прагляду фільма беларусамі і, напрыклад, амерыканцамі.
— Беларусы — гэта ўвогуле асобная катэгорыя гледачоў. Беларусы глядзяць гэтае кіно іншымі вачыма, чым уся астатняя публіка. Бо беларусы глядзяць кіно, суадносячы яго з уласнымі перажываннямі гэтых падзеяў. То бок у кожнага з нас ёсць нейкі свой след, застаўся ў свядомасці ад 2020 года, і гэты след складаецца з тым адчуваннем ад фільма. Таму мне падаецца, што ў гэтым сэнсе вельмі цяжка параўноўваць рэакцыю.
Наконт іншых гледачоў, залежыць дзе. Былі і такія больш уключаныя. Я прыгадала паказы ў ЗША, трэба прызнаць, яны вельмі вакальныя ў сваіх эмоцыях, то бок ідзе фільм, і яны ўслых выказваюць свае эмоцыі. Усё такое жывое. Для нас гэта вельмі дзіўна адчуваецца, таму што мы проста да такога не прызвычаены. А ў нас у лепшым выпадку смяюцца на камедыі. У маім фільме ёсць адна такая сцэна з печывам, і на ёй у еўрапейскіх паказах ёсць рэакцыя такая гукавая. Амерыканцы охалі і ахалі паўкіно на розных этапах, падскоквалі.
Размову цалкам можна паслухаць у падкасце «Кінатэатр Беларусь».