“Пяцісотгоднасць” у Брэсце

У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага прайшла вечарына, прысвечаная выхаду кнігі Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”.

Алена Ігнацюк

Вечарына складалася з некалькіх частак, асноўнаю з якіх была гутарка-дыскусія аўтаркі зборніка з загадчыкам кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Уладзімірам Сенькаўцом, які быў і асноўным вядоўцам вечарыны. Размова вялася вакол трох выпушчаных паэтычных кніг, пытанняў творчага метаду, зацікаўленняў паэткі.

Ціхан Чарнякевіч

Супрацоўнік прэс-службы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Ціхан Чарнякевіч распавёў пра кнігу і перадаў шчырае віншаванне ад СБП, а таксама падарункі ад Алеся Разанава і Васіля Жуковіча – землякоў Алены Ігнацюк. Ён распавёў пра кампанію “Пяцісотгоднасць”, якая прысвечана будучаму юбілею  500-годдзя беларускай кнігі, які адсвяткуецца ў жніўні 2017 года. “Цяпер усе кнігі, што выпускаюцца ў Беларусі, ідуць пад знакам пяцісотгоддзя скарынаўскай “Бібліі”” – адзначыў ён.

“Пяцісотгоднасць” у Брэсце

“Пяцісотгоднасць” у Брэсце, Прэзентацыя Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”

З выхадам кнігі аўтарку павіншавалі навучэнкі пінскіх і брэсцкіх ліцэяў, якія праспявалі некалькі песень на вершы з прэзентаванага зборніка. Павіншавалі Алену Ігнацюк і літаратары Брэста, Пінска, Мінска: Мікола Пракаповіч, Тамара Кейта-Станкевіч, Лявон Валасюк і інш.