21 лістапада, у межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, Лагойск наведаў Андрэй Хадановіч.Літаратар выступіў для вучняў старэйшых класаў лагойскай школы №1. Дзяўчаты і хлопцы відавочна рыхтаваліся да сустрэчы – і былі гатовыя не толькі госця паслухаць, але і сябе паказаць.
На пачатку імпрэзы яны станчылі традыцыйны танец у народных строях, а напрыканцы – ужо ўбраныя па-сучаснаму – выканалі эстрадную песню пра Беларусь. Хлеб-соль з рук навучэнцаў дадалі паэту пазітыўных уражанняў. Сам Андрэй чытаў прысутным вершы з кніг “Дэжа вю” і “Цягнік Чыкага-Токіё”, апавядаў, як напісаў зборнік дзіцячай паэзіі “Нататкі таткі”, дэкламаваў перакладзеныя ім творы французскага паэта Шарля Бадлера, а таксама спяваў пад гітару – як свае кавэры (“Гатэль Беларусь”, “Дзяўчонка з Беластока”), так і пераклады ўлюбёных песень (“Тысяча драбніцаў” Сержа Гензбура ды інш.).
Дзеці не бянтэжыліся і закідвалі паэта пытаннямі. Аўтары найлепшых атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Пасля песні “Бэз”, гераіня якой сама збірае для хлопца букет, Андрэй нечакана атрымаў ад слухачкі букет гваздзікоў. Часам жыццё паўтарае сюжэты мастацкіх твораў.