Што можа аб’ядноўваць хатніх бровараў, экспертаў ЮНЭСКА, уладальнікаў этнакрамаў, даследчыкаў з Акадэміі навук, прадстаўнікоў турыстычных фірмаў, пост-фальклорных спевакоў і выканаўцаў электронных інтэрпрэтацый? Адказ – першы Форум па этнаграфіі “Этнаўсё”, які пройдзе 27 мая ў Мінску.
На Форум запрашаюцца прафесіяналы і аматары, якія займаюцца традыцыйнай спадчынай, разумеюць яе каштоўнасці і праблемы. Задача Форума – абмен практычным досведам, прэзентацыя удалых кейсаў, абмеркаванне “правальных” пражэктаў. Арганізатар мерапрыемства – сацыяльна-культурны праект “Этнаўсё”.
Удзельнікі абмяркуюць вузлавыя пытанні этнаграфічнай галіны, паспрабуюць даць адказ на пытанне, “дзе зараз знаходзіцца беларускае «этна» і куды ісці далей?
“Этнографам не хапае камунікацыі, яны пакуль не заявілі пра сябе як адна магутная плынь, як карпарацыя са сваімі агульнымі мэтамі, – кажа арганізатар Форума Яўген Барышнікаў. – Этнаграфічныя супольнасці ў Беларусі ўжо даўно працуюць на высокім прафесійным узроўні. Але часцей вынікі дзейнасці, напрацоўкі арганізацый не выходзяць далей за іх сцены. Спадзяёмся, Форум задасць новую планку ў развіцці этнаграфіі ў Беларусі”.
Спікерамі стануць прадстаўнікі профільных навуковых і адукацыйных установаў, НДА, прыватных ініцыятыў, якія звязаныя з традыцыйнай культурай. З поўным спісам выступоўцаў можна азнаёміцца на сайце ethno.by/forum/ і ў сацыяльных сетках (FB, VK).
Падчас Форума пройдзе кірмаш рамеснікаў, якія працуюць у беларускай традыцыі. А завяршыцца форум выступамі гуртоў і вечарынкай народных танцаў. Уваход вольны, але патрэбная папярэдняя рэгістрацыя праз форму на сайце.
Форум пройдзе 27 мая ў арт-кафэ “Грай” па адрасе вул. Інтэрнацыянальная, 33. Пачатак а 15.00.
Паводле арганізатараў