Першыя дзве сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” сёлета адбыліся ў Дзятлаўскай гімназіі № 1 і Дзятлаўскай сярэдняй школе № 3 у пятніцу, 11 лістапада. На сустрэчу да настаўнікаў і вучняў завіталі літаратары і журналісты Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын.
Сяргей Чыгрын прэзентаваў сваю кнігу пра Дзятлаўшчыну “На радзіме Ігната Дварчаніна”. Сапраўды, Дзятлаўшчына з’яўляецца радзімай выдатнага беларускага дзеяча нацыянальнага руху, паэта, літаратуразнаўца Ігната Дварчаніна (1895-1937), якога знішчылі ў сталінскіх лагерах. У 1926 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Склаў і ў 1927 годзе выдаў у Вільні “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)”, у якой змешчаны творы беларускіх пісьменнікаў, дадзены кароткія каментарыі пра іх жыццёвы і творчы шлях. У цэнтры Дзятлава стаіць помнік Ігнату Дварчаніну. Пра ўсё гэта распавёў Сяргей Чыгрын школьнікам і настаўнікам.
А Зьміцер Бартосік нагадаў усім, што ў наступным 2017 годзе Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе свайго роднага друку. Настаўнікам і вучням госці падаравалі спецыяльныя плакаты да юбілею беларускага друку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Зьміцер Бартосік выступленні Сяргея Чыгрына таксама дапаўняў патрыятычнымі і жартоўнымі песнямі, якія шчыра віталіся апладысментамі. І ў гімназіі, і ў школе дзеці і настаўнікі прасілі, каб такія сустрэчы ў іх навучальных установах адбываліся часцей, бо так, як госці, у Дзятлаве па-беларуску ніхто не размаўляе. Таму ёсць у каго павучыцца.