“Песьняры”. Ня помнік, а жывая інсталяцыя

Сёньняшнім “Песьнярам” наканавана няспынна блукаць сярод вербаў і бярозаў, кветку-папараць шукаць ды сьпяваць пра Купалінку ды Кацярынку ў адной і той жа манэры. Работа такая.

Ёсьць гурты, якія ўвасабляе адна асоба лідэра, і безь яго ўдзелу гурт з такой назвай выглядае на анэкдот. Але, як выяўляецца, усё магчыма ў гэтай краіне абмежаваных магчымасьцяў – у тым ліку N.R.M. без Вольскага і “Трубяцкі” без Міхалка. “Песьняры” яшчэ пры жыцьці Мулявіна падзяліліся на “Беларускія” (безь яго) і дзяржаўныя (зь ім), а пасьля сьмерці музыкі дык наогул распаліся на шматлікія часьцінкі, кожная зь якіх напоўніцу карыстала спадчыну ансамбля. Па выніку дадзеныя “Песьняры” перамаглі ўсіх – цяпер на іх афіцыйным сайце абвешчана, што гандлёвы знак належыць ім і права на яго ахоўваецца “нормамі Мадрыдзкага пратаколу”.

Насуперак уяўленьням, ансамбль “Песьняры” – не кавэр-бэнд нацыянальнага маштабу. Гэта ня проста не схадняк Элвісаў, а дзейная творчая адзінка. Музыкі пэрыядычна пішуць свае песьні і выдаюць альбомы – гэтым разам ажно два за раз.  У дыск №1 “Прысвячэньне Майстру” ўвайшлі апрацоўкі народных і аўтарскія творы па-беларуску, у дыск №2 “Хмель молодой” – творы па-расейску.

Статус дзяржаўнага ансамблю, безумоўна, абмяжоўвае музыкаў. Яны па змоўчаньні знаходзяцца ў палоне навязаных ранейшай творчасьцю ансамблю вобразаў, адсюль – самацытацыя і экплюатацыя тых жа музычных і паэтычных тэмаў. Ім наканавана няспынна блукаць сярод вербаў і бярозаў, кветку-папараць шукаць ды сьпяваць пра Купалінку ды Кацярынку ў адной і той жа манэры. Работа такая.

 

Але працу гэтую музыкі выконваюць, трэба сказаць, дужа прафэсійна. Пераканацца ў тым, што цяперашнія “Песьняры” здольныя ня толькі салдацікамі стаяць на сцэне на дзяржаўных канцэртах, а ёсьць дзейным арганізмам, можна было на прэм’еры трыб’юту “Re:Песьняры”. Ансамбль п/к Вячаслава Шарапава даў сапраўднага рок-н-рольнага чаду.

У цяперашніх “Песьнярах” сабралася выдатная каманда, якую мацуюць два чалавекі. Найперш гэта Раман Козыраў, вучань выдатнага джазавага піяніста Аркадзя Эскіна, які і фармуе музычнае аблічча сучасных “Песьняроў”. Таленавіты музыка, які добра адчувае мэлёдыю, ён піша выдатныя творы і па-за межамі ансамблю (вось – адзін зь іх). Другі чалавек –  вядома ж, Вячаслаў Шарапаў (адзіны з складу, хто пасьпеў пайграць з Мулявіным), які піша як музыку, так і словы і намагаецца выйсьці за межы дэкаратыўных тэкстаў. Часам у яго выходзіць сьмешна – як у беларускай вэрсіі Hotel California, часам дзіўна – як з аўтарскім расейскамоўным тэкстам да “Палянэзу Агінскага”, а часам вельмі годна (“Ой, княжна” яго аўтарства ўжо стала клясыкай). На новым альбоме можна казаць пра канкрэтную ягоную ўдачу – песьню “Пераборлівыя дзеўкі”, дужа добра выйшла “Гэй кола”, а таксама сумесны твор Шарапава (словы) і Козырава (музыка) – “Кацярынка маладая”, бадай што першы ўцямны гіт новых “Песьняроў”.

Справа ясная – параход сучаснасьці адплыў даўно, а “Песьняры” засталіся на беразе. Час гэтай музыкі і такіх падыходаў сышоў, і Беларусь для неабазнанай публікі адкрываюць ужо іншыя. Але гэты гурт і не бярэцца канкураваць на музычным рынку, іх песьні не  прызначаныя для чартаў, а альбомы ня будуць біць рэкорды продажаў. Яны існуюць для таго, каб сваёй дзейнасьцю рэспэктаваць Мулявіну. І вельмі добра, што ў іх выпадку можна казаць не пра сьляпое капіяваньне і прыпадабненьне, а пра працяг традыцыяў, няхай з пэўнай кансэрвацыяй. У гэтым каштоўнасьць сёньняшніх “Песьняроў” – яны ўяўляюць зь сябе ня помнік мармуровы, а жывую інсталяцыю ва ўяўным музэі Мулявіна. Асабліва ўдала выходзіць (як і ў выпадку з арыгінальнымі “Песьнярамі”), калі працуюць зь беларускай песьняй і словам. Расейскі матэрыял значна слабейшы, хоць і зроблены так, што некаторыя зоркі расейскага шансона пазайздросьцяць. Агулам жа на фоне наскрозь фальшывай, правінцыйнай і пошлай беларускай эстрады “Песьняры” выглядаюць годна і шляхетна.

 

Ідэя: 6
Выкананьне: 8
Тэксты: 7
Запіс: 7
Аздабленьне: 5

Сяргей Будкін