З кожным годам усё больш беларусаў пачынае цікавіцца сваімі каранямі і тым, адкуль паходзяць. Даследаванне генеалогіі сваёй сям’і можна замовіць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, але кошт такой паслугі даволі высокі, а ў дадатак давядзецца пачакаць, бо праз вялікую колькасць зваротаў супрацоўнікі архіваў не паспяваюць даследаваць усе запыты.
Насамрэч правесці даследаванне радаводу можна і самому. Таму мы сабралі для вас некалькі парадаў наконт таго, як гэта можна зрабіць.
Распачаць даследаванне свайго радаводу лепш за ўсё з вусных успамінаў сваіх сваякоў: маці і бацькі, бабулі і дзядулі. Даволі часта мы не надаём вартай увагі сямейным успамінам ці схаваным глыбока ў шафе старым фотаальбомам. Даведайцеся ў сваіх сваякоў, з якога горада, вёскі ці рэгіёна паходзяць вашыя продкі, а таксама перапішыце ўсе вядомыя прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, даты нараджэння і смерці сваякоў. Дарэчы, вельмі важная інфармацыя — якога веравызнання былі вашыя продкі.
Фота з сямейнага архіву аўтара, 1933 г.
Зрабіце копіі ці адскануйце сямейныя дакументы, якія захаваліся: пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе, працоўныя кніжкі, атэстаты і г.д. У такіх дакументах можна знайсці шмат цікавай інфармацыі. Добра будзе, калі вы створыце для сабе зручны фармат фіксавання ўсіх дадзеных. Чым больш вы даведаецеся ад сваякоў, тым лепей.
Калі вашыя продкі бралі ўдзел у Другой сусветнай вайне, то можна пашукаць інфармацыю у адкрытых анлайн-базах ўдзельнікаў і дакументаў: «Память народа», «Мемарыял». Таксама ёсць сайт для пошуку удзельнікаў Першай сусветнай вайны.
Варта звярнуцца і да сайтаў з базамі ахвяраў палітычных рэпрэсій СССР — memo.ru і ru.openlist.wiki
Пайменны спіс загінулых падчас ВАВ. Крыніца – pamyat-naroda.ru
Перад тым як ісці ў архіў, варта загадзя даведацца, што і дзе шукаць. У пошукавай сістэме населеных пунктаў і прозвішчаў «Дапаможнік» можна знайсці інфармацыю пра тое, у склад якой губерні і павета ўваходзіў населены пункт, дзе жылі вашыя продкі, а таксама да прыходу якой царквы ці касцёла належала мясцовасць. Пра адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі ў розныя часы можна даведацца на сайце архіваў Беларусі.
Лепш за ўсё пачынаць працу ў архіве з даследавання метрычных кніг, у якіх захоўваюцца дадзеныя аб нараджэнні, шлюбе і смерці. У Беларусі два нацыянальныя гістарычныя Архівы, у якіх захоўваюцца дакументы па генеалогіі. Адзін знаходзіцца ў Мінску, другі — у Гародні . Даведацца, у якім з іх знаходзяцца патрэбныя вам дакументы, можна па спасылках: Метрычныя кнігі і рэвізскія казкі.
(Каб распачаць самастойнае даследаванне генеалогіі, трэба напісаць заяву на імя дырэктара архіва і атрымаць дазвол на працу з дакументамі. Усё гэта можна зрабіць не выходзячы з дому, спампаваўшы узор і, запоўніўшы яго, адправіць заяву па электроннай пошце на адрас архіва. Калі вы атрымалі дазвол на працу з дакументамі, вам трэба зрабіць запыт на патрэбныя вам дакументы, указаўшы нумары: фондаў, вопісаў і справаў).
Праца з архіўнымі дакументамі даволі марудная і займае шмат часу. Таму рыхтуйцеся выдаткаваць не адзін дзень на даследаванне метрычных кніг і рэвізскіх казак.
Метрычныя кнігі — гэта збор дадзеных, які вёўся ў цэрквах і касцёлах. Святары запісвалі інфармацыю пра тых, хто нарадзіўся, пабраўся шлюбам, а таксама памерлых.
У кнігах нараджэнняў звычайна пазначаліся дата нараджэння і дата хрышчэння дзіцяці, ягонае імя, дадзеныя пра бацькоў (з якой вёскі/мястэчка, імёны і прозвішчы, а таксама саслоўе), дадзеныя пра хросных бацькоў.
Метрычная кніга нараджэнняў. (з уласнага архіву аўтара)
У шлюбных кнігах пазначалі дату, калі маладыя пабраліся шлюбам, імёны, прозвішчы і ўзрост маладых, імёны бацькоў, адкуль паходзяць, дадзеныя сведак.
Метрычная кніга шлюбаў. (з уласнага архіву аўтара)
У кнігах аб смерці чалавека запісваліся дата смерці і пахавання, імя, прозвішча, узрост, месца пражывання памерлага, імёны бацькоў памерлага, дзе і ад чаго памёр, дзе пахаваны.
Метрычная кніга смерцяў. (з уласнага архіву аўтара)
(Майце на ўвазе, што царкоўныя метрыкі ў Заходняй Беларусі запаўняліся на польскай мове ў перыяд 1921–1939 гг. Таму мінімальнае веданне мовы нашых суседзяў не перашкодзіць)
Рэвізскія казкі — гэта так званыя перапісы насельніцтва, што праводзіліся раз на некалькі дзесяцігоддзяў. Гэтыя дакументы збіраліся па населеных пунктах, у якіх вёўся ўлік жыхароў. На адной старонцы пазначаліся дадзеныя асобаў мужчынскага полу: імя, прозвішча, імя па бацьку, саслоўе, узрост падчас мінулага перапісу і ўзрост падчас перапісу, які праводзіцца цяпер. Ніжэй запісваліся дзеці мужчынскага полу. На другой старонцы ішоў пераклік жанчын, што пражываюць у хаце, ад гаспадыні да малодшай дачкі, з пазначэннем тых жа дадзеных, што і ў мужчын.
Такім чынам, вы маеце магчымасць і мінімальныя веды, каб заняцца даследаваннем свайго радаводу і складаннем сямейнага дрэва. Хоць гэтая праца даволі складаная і патрабуе дастаткова цярпення і ўседлівасці, вынік таго варты.
Антон Шаранкевіч, budzma.by