Славуты беларускі род Радзівілаў звычайна асацыююць з часамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, зрэдку згадваюць у кантэксце падзей пачатку мінулага стагоддзя. Нямногія ведаюць, што сярод Радзівілаў ёсць шмат цікавых і значных дзеячаў ХХ і ХХІ стагоддзя.
Кенэдзі
Станіслаў Альбрэхт Радзівіл — прадстаўнік пятнаццатага пакалення роду і сын сенатара Януша Радзівіла і Ганны Любамірскай, якая памерла ў савецкім працоўным лагеры яшчэ ў 1947 годзе, — нарадзіўся ў 1914-м. Ён вучыўся ў Польшчы і Швейцарыі, а ў 1937 годзе абараніў дысертацыю ў нямецкім Фрайбургу. Падчас Другой сусветнай вёў барацьбу ў якасці афіцэра кавалерыі, а пазней быў накіраваны ў Жэневу, дзе прадстаўляў Польшчу ў Міжнародным Чырвоным Крыжы і Лізе Нацый.
Радзівілы і Кенэдзі
Пасля вайны Станіслаў Радзівіл пераехаў у Лондан, дзе пачаў займацца бізнесам з нерухомасцю. Менавіта там ён пазнаёміўся з Каралінай (Лі) Був’е — малодшай сястрой Жаклін Кенэдзі. Неўзабаве Станіслаў развёўся са сваёй другой жонкай, а Лі — з першым мужам, і яны ажаніліся.
Чытайце таксама: Галівудскі леў з Беларусі
Калі Джон Кенэдзі ўзяў удзел у прэзідэнцкай кампаніі, Станіслаў Радзівіл арганізаваў партыйную падтрымку і актыўна дапамагаў яму ў агітацыі. Пасля перамогі новы прэзідэнт ЗША падараваў Станіславу ўласны партрэт з надпісам: «Дзякуй табе, мы перамаглі». Ад Жаклін Кенэдзі Станіслаў атрымаў уласнаручна намаляваную ёю мапу ЗША з подпісам: «Насамрэч, гэта ты зрабіў, Стэсі».
Джон Кенэдзі на хрысцінах дачкі Радзівіла
Дзве сям’і — Радзівілы і Кенэдзі — сябравалі і былі вельмі блізкія. Так, князь часам суправаджаў прэзідэнта на афіцыйных мерапрыемствах, а іх сем’і супольна бавілі святы. Акрамя таго, Джон Кенэдзі стаў хросным бацькам дачкі Радзівіла, а Станіслаў — Джона Кенэдзі-малодшага.
Анасіс
Акрамя прэзідэнта Станіслаў Радзівіл меў знаёмства ці сяброўства і з іншымі цікавымі і значнымі асобамі не толькі ЗША, але і Еўропы. Сярод іх былі Юбэр д’Арнано — праўнук палюбоўніцы Напалеона, заснавальнік сусветна вядомай касметычнай кампаніі «Sisley», танцорам Рудольфам Нурыевам, Стаўрасам Ніярхасам — вядомым грэцкім мільярдэрам, Арыстотэлем Анасісам — яшчэ адным сусветна вядомым грэцкім мільярдэрам, Трумэнам Капотэ — выдатным амерыканскім пісьменнікам, аўтарам «Сняданку ля Тыфані» — і нават Уінстанам Чэрчылем.
Лі Радзівіл з Эндзі Уорхалам
Дарэчы, дзякуючы знаёмству з Арыстотэлем Анасісам Станіслаў Радзівіл стаў дырэктарам ягонай авіякампаніі «Olympic Airways». І менавіта ён пасля забойства Джона Кенэдзі пазнаёміў Жаклін Кенэдзі з грэцкім мільярдэрам, з якім яны пазней ажаніліся.
Дэвід Сарноў: Беларускі медыйшчык у ЗША
Станіслаў і Лі Радзівілы развяліся пасля 15 гадоў шлюбу. Станіслаў памёр праз два гады — у 1976-м. Лі Радзівіл пазней яшчэ заручылася з магнатам Ньютанам Копам, была замужам за галівудскім рэжысёрам Гербертам Росам, але сваё прозвішча — Радзівіл — больш ніколі не мяняла. Лі Радзівіл працавала ў Доме Армані, сябравала з Эндзі Уорхалам і Мікам Джагерам, напісала бэстсэлер, атрымала Ордэн Ганаровага Легіёна. Яна памерла ў 2019-м ва ўзросце 85 гадоў.
Прэмія «Эмі» і Кім Кардаш’ян
Сын Станіслава і Лі, стрыечны брат Джона Кенэдзі-малодшага Энтані Радзівіл, працаваў у кампаніі NBC, быў рэжысёрам, журналістам і прадзюсарам, двойчы атрымаў прэмію «Эмі», але ад раку памёр маладым — ва ўзросце 40 гадоў.
Станіслаў ды Лі Радзівіл
А на заканчэнне будзе цікава прыгадаць адну з цікавых падзей мінулых гадоў. У 2017 годзе Кім Кардаш’ян на аўкцыёне Christie’s набыла залаты наручны гадзіннік за 375 тысяч даляраў. Але адметны ён для нас тым, што гэта гадзіннік Жаклін Кенэдзі, які ёй падараваў Станіслаў Радзівіл з надпісам «Ад Стаса Джэкі, 23 лютага 1963 г., 02:05 — 21:35» (за ўдзел у адмысловых спаборніцтвах, калі яна прайшла 80 км).
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!