Рак не вырак. Колькі словаў пра звычайную хваробу

Так ужо сталася — людзі хварэюць. Нехта лягчэй, нехта цяжэй. Бываюць невылечныя хваробы, але дзве самыя «папулярныя» да іх не адносяцца. Гэта я пра СНІД і рак. Хацелася б паразмаўляць пра другую: чаму ўсё не так жудасна, як думаецца? Я падзялюся асабістымі назіраннямі і парадамі, а самае галоўнае — раскажу, з якімі праблемамі соцыуму можа сутыкнуцца хворы.

Аўтару гэтых радкоў і самому давялося прайсці праз лячэнне, у якім нават назвы некаторых працэдур выклікаюць непадробны жах: хіміятэрапія, ствалавыя клеткі, аперацыя і нават рэмісія (якая, вельмі імаверна, перарасце ў выздараўленне). Як усё праходзіць? Ці сапраўды пэўныя працэдуры мусяць палохаць і лепш ад іх адмаўляцца? Як гэта ўвогуле — адчуваць сябе хворым на рак чалавекам? Заглыбляцца ў асабістыя падрабязнасці не буду, скажу адно: гэта была не самая простая з медыцынскага пункту гледжання гісторыя хваробы.

Тое, з чым сутыкаешся пасля дыягназу і пачатку лячэння, ніяк не звязана з самой хваробай ці лекаваннем. Першае, што заўважаеш, — тваё асяроддзе абсалютна не ведае, як рэагаваць. І тут сапраўды часам назіраеш пацучыныя ўцёкі. Хтосьці завочна хавае цябе і ўцякае. Нехта проста істэрыць і не ведае, як будзе з гэтым жыць, калі раптам што. (Вядома, многія застаюцца побач і падтрымліваюць.) Але першае, што адбываецца, — чысціцца кола знаёмстваў.

Я звяртаюся да тых, хто не ведае, як лепш. Самае галоўнае — памятаць: анкалагічныя хваробы — не заўжды смяротны вырак, не трэба лічыць, што пасля такога дыягназу ўсё, адразу канец. Неабавязкова засяроджвацца на хваробе, вы можаце проста быць побач, размаўляць на розныя тэмы, падтрымліваць, каб разам перамагчы гэты даволі адказны для чалавека этап у жыцці. Ніякіх шкадаванняў, слёз і істэрык. Па-першае, не дапаможа, а па-другое, можа зрабіць горш.

Проста варта разумець, што апроч фізіялогіі рак — хвароба яшчэ і псіхалагічная, унутраная. Я маю на ўвазе, што часта шмат чаго залежыць менавіта ад сілы волі, упэўненасці ў сабе, жаданні жыць. І калі чалавек з ракам, здаецца, перастае быць упэўненым, то вельмі часта ён імгненна згарае. Паверце, калі ляжыш у дыспансеры і назіраеш чалавечыя гісторыі, то і такое часам бачыш.

Другая праблема для пацыентаў — небяспека ўдарыцца ў рэлігійны цуд, народную медыцыну, будызм і г.д.

Ох, якіх я тады толькі гісторый не наслухаўся! Адны замест хіміі сабе шпрыцам у вены ўводзілі розныя спіртовыя настоі, іншыя давалі нырца ў рэлігію, адмаўляліся ад усяго і верылі ў цуд. А як жа абагацілася нейкія прайдзісветы, зараджаючы вадзічку за валюту! Не, я ні ў якім разе не атэіст, але не веру, што вадзіца з вёскі за 500 баксаў нешта можа зрабіць. Тым больш, паверце, хіміятэрапія — далёка не самая страшная ў свеце працэдура. Канечне, у кожнага свая рэакцыя на яе, але агулам магу сказаць, што пераносіцца нармальна. Толькі вось атрутай і самазабойствам гэта не называйце, бо якраз гэтыя чароўныя кропельніцы могуць даць доўгае паўнавартаснае жыццё, а вось калі адмовіцца… Ну, некаторыя адмаўляюцца лячыць гіпертанію ці грып, але ж вынік пры гэтым, у прынцыпе, вядомы. Рак не выключэнне.

Калі ў нешта верыце, дык верце, але насамрэч галоўныя, у каго вы павінныя ўкладаць свае надзеі, — лекары. Паверце, ім зусім нецікава вас пахаваць, атрымаць позву ў суд аб медыцынскай халатнасці, а тым больш папоўніць свае асабістая могілкі. Яны ведаюць сваю працу, прафесіяналы, якія сапраўды хочуць вас падняць на ногі. Але калі будзеце супраціўляцца, нічога не будзе. Давярайце поўнасцю свайму лекару, а калі не атрымліваецца, лепш замяніце яго, інакш сабе нашкодзіце, пераправяраючы ўсё і адмаўляючыся ад іх прапановаў.

Пераасэнсуйце жыццё. Падчас лячэння ў вас будзе багата часу на тое, каб заняцца рэфлексіяй, перагледзець нейкія жыццёвыя моманты, змяніць свой погляд на рэчы… Насамрэч хвароба дае дасканалы вопыт і сапраўды вымушае паглядзець на свет крышку інакш. Галоўнае — задумацца: можа, варта нешта змяніць у жыцці?

І вось самае галоўнае, пра што варта паразмаўляць. Ну не трэба ў сацыяльных сетках на паведамленні пра рак пускаць слёзкі, пісаць гэтыя трэшовыя каментары і ствараць атмасферу пахавання і конкурс на падвышэнне свайго эга. З такім жа поспехам мы можам вас пашкадаваць на тэму абсалютна любой хваробы! Таму лепш скажыце нешта падбадзёрвальнае, прамаўчыце, але не стварайце трагедыю! Мяркую, калегі па няшчасці мяне падтрымаюць!

Больш пазітыву, упэўненасці і чалавечнасці! Заўсёды ёсць шанец і магчымасць, галоўнае імкнуцца да гэтага!

На жаль, рак у Беларусі вельмі моцна стыгматызаваны, зрабіўся кляймом, часам праз гэта нават не бяруць на працу, бо бач ты — трэба супрацоўніку яшчэ два-тры месяцы пахадзіць на тэрапію! І варта змагацца супраць гэтага, не баяцца казаць адкрыта, што хварэеце, бо любая хвароба — гэта хвароба, і рак з агульнага перакліку не вылучаецца.

А калі хочаце дыягназ для таго, каб баяцца, то трымайце — хвароба зялёных малпачак. Бывае, перадаецца мухай цэцэ. Сімптомы — фактычна ўсё. Смяротнасць — амаль 100% за некалькі гадзін. Такім у Беларусі не захварэеце, але гэта нашмат жахлівейшы дыягназ, чым больш побытавыя і, да жалю, звыклыя для нас хваробы.

Будзьце здаровыя і на пазітыве!

 

Багдан Сакалоў