З 1934 года Карнейчык быў намеснікам дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак ужо праз два гады перайшоў на працу ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага і выконваў там абавязкі дацэнта кафедры гісторыі СССР. На гэтай пасадзе ён і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Хутка Яфрэм Іванавіч трапіў у Чырвоную Армію і ў яе шэрагах прайшоў усю вайну.
Пасля вайны ён вярнуўся ў Мінск і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, а пазней ізноў вярнуўся на працу ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук БССР. Сярод галоўных тэм, якім прысвячаў свае даследаванні Яфрэм Карнейчык, была гісторыя Беларусі другой паловы 19 – пачатку 20 стагоддзяў, гісторыя ўсталявання савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, падзеі Вайны 1812 года на беларускіх землях. Памёр гісторык у 1972 годзе.
Мала хто ведае, што жонка і дачка Яфрэма Карнейчыка засталіся на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі і сталі ахвярамі халакосту. Пра гэтую старонку, а таксама некаторыя іншыя аспекты жыцця вядомага беларускага гісторыка стала вядома з архіўных лістоў, якія захаваліся да нашых дзён.
Растрэл
22 червеня 1941 года Германія напала на свайго былога саюзніка Савецкі Саюз. Фронт рухаўся на Усход вельмі хутка. Ужо праз шэсць дзён быў акупаваны Мінск. Шматлікія супрацоўнікі сталічных Вузаў і Акадэміі навук БССР эвакуіраваліся з Беларусі. Шмат хто трапіў за Урал. Сярод тых, хто аказаўся ў горадзе Чкалаў (зараз Арэнбург), была калега Карнейчыка па навуковай працы.
У адным з лістоў, датаваных чэрвенем 1942 года яна піша: “Шаноўны Яфрэм Іванавіч! Адчуваю сябе вінаватай перад Вамі, што не адказала адаразу. Я дасылала ліст у Куйбышаў, да адной мінчанкі, але яна таксама не ведае месца знаходжання ўсіх навуковых супрацоўнікаў Акадэміі Навук. Мінчанка, якая з намі жыве, працавала ў Акадэміі сакратаром-машыністкай і кажа, што ўсіх бачыла падчас эвакуацыі, але пазней згубіла і не ведае дзе яны.
Мінскі педуніверсітэт. Канец 1930-х гадоў
Я вельмі засмучаная тым, што не змагла Вам дапамагчы ў пошуках вашай сям’і. Але будзем спадзявацца, што пасля завяршэння вайны Вы знойдзеце іх самі. А калі буду сустракацца з мінчанамі, то буду цікавіцца”. Ні Карнейчык, ні жанчына-супрацоўніца АН БССР не ведалі пра небяспеку, якая пагражала сям’е гісторыка.
Толькі праз два гады, у 1944-м, з ліста ад сястры Яфрэм Іванавіч даведаўся, што яго жонкі Міны Абрамаўны і дачкі Нэлі ўжо няма ў жывых. “Навіны нашыя жудасныя. Міна і Нэленька жылі ў нас чатыры месяцы, а потым забралі іх “паліцманы” і ўбілі абодвух. А рэчы вашыя ўсе забралі. Міна і Нэленька ў пачатку вайны прыехалі да нас. Нанялі фурманку і прывезлі ўсе вашыя рэчы з Мінска. Жылі яны ў нас чатыры месяцы, а потым, як забіралі габрэяў, забралі і іх. У той дзень забралі і рэчы вашыя. Нэленьку забілі ў той жа дзень, а Міну павезлі на станцыю ўдваіх з пухавіцкай габрэйкай. Гаварылі, што іх забілі”, – пісала сястра гісторыка Анна.
Дзесьці ў Беларусі. Яўрэі перад растрэлам
У лістападзе 1944 года ад сваёй знаёмай з Пухавіцкага раёна франтавік Яфрэм Карнейчык атрымаў ліст, у якім падрабязна апісвалася трагедыя яго блізкіх.
“Разам з імі мы не жылі. Яны толькі адзін раз былі ў нас, пераначавалі, а на наступны дзень пайшлі ў Турын. Вы пытаеце, ці ведала яна што яе чакае? Такога жорткага лёсу Міна Абрамаўна не чакала. Яна знішчыла свой пашпарт і запісалася на Ваша прозвішча. Яна лічыла, што чапаць яе не будуць. Так думалі і мы, але варвары не паглядзелі на яе новыя дакументы.
Выгляд у Міны Абрамаўны быў жудасны. Яе было цяжка пазнаць. Калі яна была ў нас, яна папрасіла адвеці яе да варажбіткі. Мы з ёй пайшлі да варажбіткі ў Міжрэчча (вёска ў Пухавіцкім раёне). Варажыла яна на Вас і на сябе. Пра вас яна сказала, што вы жывы, а Міне Абрамаўне сказала, што таксама ўсё будзе добра. Гэта яе супакоіла. Яна вельмі шкадавала, што не паслухалася Нэленькі і не вярнулася дадому, калі яны выйшлі за горад у першы дзень нямецкіх бамбёжак Мінска. Нэленька ўвесь час казала: “Мама, давай вернемся да хаты і пашукаем тату”.
Яна вельмі шкадавала, што не схавалася ў падвале і не чакала на вас. Калі яна прыязджала за рэчамі, то суседзі казалі, што вы прыходзілі да дому і шукалі іх. Пасля гэтага я Міну Абрамаўну бачыла на станцыі ў Пухавічах. Яна казала, што прыйшла да каменданта прасіць дапамагчы ў пошуке працы. Камендант ёй сказаў, што працы ў яго няма і парэкамендаваў ёй не змяняць месца жыхарства.
Усе мясцовыя габрэі былі сагнаны ў былы Дом адпачынку (тут відавочна гутарка ідзе пра былы Дом творчасці літаратараў у Мар’інай горцы, які існаваў у 1935-1941 гадах. Ён быў арганізаваны ў былым доме міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі Льва Макава). У розныя гады там працавалі Якуб Колас, Янка Купала, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля).
Міна Абрамаўна жыла ў Турыне. Працавала ў калгасе. Пасля яўрэйскага пагрому іх забралі з Турына паліцэйскія. Калі яны прыехалі, Нэленька яшчэ спала. Калі Міна Абрамаўна ўбачыла машыну, яна сказала: “Нэля ўставай. За намі прыехалі”. А дзяўчынка не хацела ісці, прасілася, каб яе пакінулі з бабуляй. “Пакіньце мяне, я не габрэйка, мой тата рускі”. Іх прывезлі ў Пухавічы.
Забітыя маці і дачка
Мне цяжка ўзгадваць, але там я іх убачыла ў апошні раз. Я ехала на станцыю на фабрычнай машыне. Калі мы заехалі ў мястэчка, нас спыніў паліцэйскі. “Зараз”, – кажа, “завязеш на станцыю пасажыраў”. Бачу, ідзе паліцэйскі, а за ім Міна Абрамаўна і Нэленька. Ваша жонка нешта казала паліцэйскаму. Іх пасадзілі ў кузаў грузавіка. Там шмат людзей сядзела. Але Нэленьку я добра бачыла. Яна пазнала мяне і крыкнула “Саша”. Я кіўнула ёй, але баялася паліцэйскіх.
Я адчувала, што апошні раз бачу дзяўчынку. Мне вельмі хацелася ў апошні раз абняць і пацалаваць Нэленьку. Калі мы прыехалі на станцыю, Міну Абрамаўну і вашую дачку знялі і павялі ў невядомым накірунку. Пазней расказвалі, што Неленьку адразу забілі, а Міну Абрамаўну разам з іншымі габрэямі трымалі ў доме пісьменнікаў. А потым і яе забілі. Шмат такіх як Міна і Нэленька загінула ў гэты час.
Нам зараз вельмі цяжка без бацькі. Шкада, што ён не дачакаўся прыходу Чырвонай Арміі. Яго забілі паліцэйскія. Пасля таго, як я вам напісала першы ліст, ездзіла ў Мінск. Была на вашай кватэры. Жыве там зараз сакратар абкома камсамола. Рэчаў няма ніякіх. Суседка сказала, што тыя людзі, што жылі пры немцах, усе рэчы забралі. Але пазней у іх забралі ўсё габрэйскія сем’і, якія вярнуліся ў Мінск”.
Застаецца здагадвацца, што перажываў Яфрэм Карнейчык, калі прачытаў гэты ліст. Безумоўна ён узгадваў той жудасны дзень, калі ў пылаючым ад пажараў Мінску згубіў сваіх самых блізкіх людзей. Ён мог іх уратаваць, забраць, вывезці з Беларусі, але…яны размінуліся. Самыя горкія ўспаміны былі звязаны з апісаным у лісце момантам, калі паліцэйскія вялі забіваць яго жонку і дачку.
Франтавік нават крытыкаваў знаёмую, што тая не дапамагла яго блізкім. У адказе, які датуецца 12 мая 1945 года, тая пісала: “Вы пішыце, што я тады ў машыне не падтрымала яе, у апошнія моманты яе жыцця, што сваім маўчаннем я падтрымала забойцаў. Аднак вы не маеце рацыю. Гэтыя хвіліны былі вельмі цяжкімі для мяне. Але знешне паказваць гэта я не магла. Я была сярод ворагаў.
Калі Нэленька гукнула мяне я толькі змагла паглядзець на яе. Калі я паглядзела на яе, яна ўсміхнулася. І я ёй таксама ўсміхнулася. Яна, небарака, не разумела, куды яе вядуць і што яе чакае. Вы нават не ўяўляеце, як цяжка было мне. Я плакала, не толькі таму, што везлі забіваць Міну Абрамаўну і Нэлечку, але і таму, што вакол фашысты забіваюць, разліваюць кроў савецкіх людзей. Адносна здымка Нэленькі, спадзяюся, што вы яго ўсё ж верніце, бо гэта памяць”.
Разбураны вайной Мінск
Не гледзячы на страты і трагедыі жыццё працягвалася. Людзі святкавалі Перамогу над нацызмам. У кожным лісце яны віншавалі друг друга з гэтым, радаваліся, што Беларусь вызвалена з-пад нацысцкай акупацыі, спадзяваліся на лепшае жыццё ў будучым. У адным з пасланняў Яфрэм Карнейчык цікавіўся ў сваёй знаёмай новым адрасам Педінстытута ў Мінску (у 1945 годзе ВНУ знаходзілася на вуліцы Пушкінскай, 35), а таксама тым, хто з навукоўцаў вярнуўся з фронту, а хто загінуў.
Міну Абрамаўну Карнейчык і яе дачку Нэлю забілі ў 1943 годзе. Дзяўчынке было 13 год…Гэтую рану на сэрцы Яфрэм Карнейчык пранёс праз усё жыццё.
Аўтар выказвае падзяку калекцыянеру Генадзю Сухоцкаму за прадастаўленыя матэрыялы.