Могільнік уяўляе сабою пакаты ўзгорак плошчай 32 на 32 м і вышынёй 1,2 м. Помнік размешчаны ў багністай нізіне паміж вёскамі Баёрай і Шуаляй на ўсходнім беразе возера Браўніс (самакіраванне Электрэнай). Меліярацыйны роў (магчыма, на месцы былой ракі), які засыпаны зямлёй у падножжы могільніка, у ХІХ — першай палове ХХ стст. вёў ад паўночнага падножжа ўзгорка да возера Браўніс. За 300 м на ўсход ад могільніка Баёрай знаходзіцца ўзгорак Ваўчыная Выспа, за 300 м на поўдзень — Срэбны Узгорак, а за 1,2 км на паўночны ўсход — могільнік з падобнай тапаграфіяй Вінджуляй, які датуецца познім XIV — XV стст.
Азёры Швянчукас, Швенчус і Браўніс, якія не маюць сцёку і знаходзяцца побач, у мінулым былі адным вялікім вадаёмам. Але невядомы дакладна час, калі адбылося падзенне ўзроўню вады і сфармаваліся гэтыя азёры. У пачатку XVІІ ст. гістарычныя крыніцы згадваюць толькі Швенчус, назва якога азначае «святое возера», у раёне Шуаляй. На плане ўладанняў сядзібы Кятавішкі 1846 г. возера Браўніс было злучанае са Швенчусам ручаём, які завуць Святым і які сёння пераўтвораны ў меліярацыйны роў.
У 1994 г. Яна Гудзялене, якая жыве побач з могільнікам Баёрай, перадала наканечнік дзіды з разбуранага пахавання-крэмацыі (знойдзены пасля спробы разараць могільнік пасля меліярацыі) Аліярдасу Лукашавічусу і Сігіце Нісцяліце, удзельнікам палявой экспедыцыі, арганізаванай Цэнтрам этнічнай культуры ў Кайшадорысе. У 1995 г. месца гэтай знаходкі было абследаванае Альгірдасам Гірынінкасам, Роландасам Густаіцісам і Аліярдасам Лукашавічусам. На дрэнна вызначаным месцы быў раскапаны шурф, у якім былі знойдзеныя кальцыянаваныя косткі, кераміка і больш за сотню металічных знаходак і іх фрагментаў (яны захоўваюцца ў вайсковым музеі Вітаўта Вялікага ў Каўнасе).
З 2006 г. у Баёрай працуе экспедыцыя Клайпедскага ўніверсітэта і Кайшадорскага музея. Да канца сезона 2009 г. былі даследаваныя 25 раскопаў агульнай плошчай 270,7 м2. Плошча могільніка і Срэбны Узгорак на поўдзень ад яго былі даследаваныя з дапамогай металадэтэктара. Уся вынятая зямля з раскопаў была працярушаная ці прамытая з дапамогай сіта 3*3 мм і 4*4 мм (двойчы на раскопах пляцовак 3 і 4).
Самыя старажытныя знаходкі, 912 крамянёвых артэфактаў і фрагментаў, датуюцца мезалітам — раннім неалітам. Касцяное шыла і авальная костка няпэўнага прызначэння таксама былі знойдзеныя ў торфе. Знаходкі каменнага веку, якія складаюцца з маленькай круглявай крамянёвай сякеры, сарцавінаў, нажоў, скрабкоў, разцоў і маленькіх лёзаў, былі раскіданыя па ўсёй даследаванай плошчы і знаходзіліся на розных глыбінях. Усе гэтыя знаходкі былі пакрытыя тоўстай ці тонкай пацінай, зношаныя і многія са слядамі ўплыву агню. Некаторыя крамянёвыя знаходкі выкарыстоўваліся паўторна. Палова каменнай сякеры з адтулінай для ручкі (тыповая знаходка для бронзавага веку) была знойдзеная на тэрыторыі могільніка. Яна апынулася там прыблізна ў XIV ст. і звязаная з верай у звышнатуральную сілу «перуновых стрэлаў».
Розныя па памерах фрагменты (82 адзінкі) ляпной керамікі з грубай паверхняй, выяўленыя ў розных месцах выкапанай плошчы, датуюцца сярэдзінай І ст. н.э. Фрагмент керамічнага цыліндрычнага прасліца, характэрнага для канца V — VІ стст., дазваляе датаваць больш дакладна. Магчыма, што і вялікі тачыльны камень, і камень з паліраванай паверхняй варта звязваць з гэтымі знаходкамі.
Гарызонт знаходак могільніка на вяршыні пагорка — пласт дзёрну і перагною 28-32 см таўшчынёй, поўным кальцыянаванымі косткамі, чарапкамі, жалезнымі, бронзавымі і іншымі знаходкамі, характэрнымі для XIV — пачатку XV стст. Срэбраная манета, часткова аплаўленая ў вогнішчы, з надпісам «ПЕЧАТ» была знойдзеная ў шурфе 7. Яна выбітая ў 1392-1396 гг. у пачатку праўлення Вітаўта Вялікага.
У раскопах паўночнага падножжа ўзгорка вышэйзгаданага могільніка гарызонт з знаходкамі прадстаўлены пластом торфу каля 18-22 см, зарослага чаротам і пакрытага 22-28 см пластом чорнага пяску з кавалачкамі драўнянага вугалю і попелу. Абодва пласты па меры іх прасоўвання ўніз па схіле патаўшчаюцца ў паўночным напрамку і сыходзяць пад багну. Пяць узораў драўніны і вугалю былі датаваныя ў лабараторыі ў Вільні рознымі перыядамі ад 170 г. да н.э. — 60 г. н.э. і да 1110 — 1290 гг. (Vs-1655) (каліброўка Ёнаса Мажэйкі).
10,85 кг астэалагічнага матэрыялу, большая частка якога — гэта косці людзей з крэмацыі, было сабрана падчас раскопак 2006-2009 гг. Паводле Рымантаса Янкаўскаса і Лаўрынаса Курылы, спецыфічная марфалогія костак (дробныя кавалкі) перашкаджала тэстам. Яны мелі зношаныя краі і былі амаль без эпіфізы (за выключэннем костак у добрым стане, знойдзеных у балоце). Пераважаюць дыяфізы і фрагменты чэрапа, а таксама сустракаліся зубы. У цяперашні час няма ніякай магчымасці вызначыць мінімальную колькасць чалавек, якім належалі парэшткі.
Ідэнтыфікаваныя фрагменты костак належаць усім узроставым групам пачынаючы ад дзяцей (2-10 гадоў) і заканчваючы дарослымі (старэйшыя за 40 гадоў). У 2006-2007 гг. для палеазаалагічных тэстаў адабралі косткі жывёл, якія не крануў агонь. Тэсты праводзіліся Лінасам Даўгнорам. Варта згадаць цэнтральную костку сабачай пяткі і пазванок сабачага хваста, знойдзеныя ў шурфе 5, і фрагмент зуба быка, дыстальную частку лапы драпежніка і пазванок сабачага хваста, знойдзеныя ў шурфе 7. Птушыныя, авечыя або казіныя і іншыя неапазнаныя косткі жывёл былі знойдзеныя на могільніку ў розных месцах. Тры конскія зубы знайшлі за некалькі метраў у розных квадратах траншэі. Яны могуць быць звязаныя з асобнымі элементамі коннай збруі, такімі як спражка рэменя сядла, фрагмент аброці, упрыгожанне на шыю з пацерак і ўпрыгожанне для хваста.
Агулам было 2113 знаходак: вырабы з жалеза, бронзы, волава, срэбра, шкла, гліны, каменю. Некаторыя з артэфактаў былі цэлымі і лёгка ідэнтыфікуюцца, але большасць з іх былі ў выглядзе фрагментаў, г.зн. артэфакты, якія былі пашкоджаныя (у сувязі са звычаем ламаць пахавальны інвентар) або часткова аплаўленыя ў агні ці ў выглядзе кропляў бронзы, якія расталі ад высокай тэмпературы. Іх памеры вагаюцца ад некалькіх міліметраў да дзясяткаў сантыметраў.
Сярод розных побытавых прадметаў і інструментаў варта адзначыць наступныя: 45 іголак (толькі 3 цэлыя), 36 нажоў, 36 брытваў, 20 клямак (малыя П-падобныя артэфакты з жалеза, якія знайшлі ў некалькіх драўляных аб’ектах), 19 шылаў (у тым ліку 2 з вітымі хваставікамі), 18 ключоў, 12 замкнёных крэсіваў, 8 камянёў для высякання агню, 5 прасліцаў (у тым ліку адно сланцавае), 65 розных жалезных і бронзавых заклёпак.
Цяжка сёння адказаць на пытанне, ці могуць сем рыбалоўных кручкоў быць звязаныя з пахавальнымі абрадамі. Яны ў добрым стане, маюць сляды ўздзеяння агню, і адзін, асабліва тоўсты, быў знойдзены ўверсе пласта торфу.
Сярод упрыгожанняў і элементаў касцюма пераважаюць 134 бронзавых і жалезных упрыгожанні, большасць, мабыць, для замацавання і ўпрыгожвання скураных рамянёў, а яшчэ 11 для кашалькоў. Акрамя таго былі знойдзеныя 67 мініяцюрных званочкаў рознай формы, 41 падковападобных фібул (у тым ліку з закручанымі, макавымі, патоўшчанымі, грыбападобнымі, гранёнымі і зааморфнымі галоўкамі) і 31 круглая фібула (толькі адна з якіх была цэлай, і амаль усе яны былі зробленыя з адлітага металічнага ліста). 44 іголкі былі знойдзеныя без сваіх фібул. Былі знойдзеныя 32 бранзалета, але толькі два з іх былі цэлымі (адзін з вітага дроту, а другі плоскі з закручанымі заканчэннямі). Таксама знайшлі 42 кольцы розных тыпаў: злучаныя, плеценыя, з плеценай галоўкай і вітыя. Асабліва цікавае срэбнае кальцо, хваставік якога быў нарэзаны на дробныя кавалачкі (сем былі выяўленыя). Самы маленькі важыў 0,426 г і 0,987 г — найбуйнейшы.
Варта асобна адзначыць 11 жалезных спражак (у тым ліку аздобленых срэбрам), 6 масіўных завес, 11 малых завес, 11 спіралепадобных пацерак рознага памеру, 4 бронзавыя гузікі, 6 алавяных пацерак, зліплых у агні, і 6 шкляных пацерак розных тыпаў. 18 падвесак, у тым ліку тры невялікія крыжыкі (два часткова аплаўленыя ў агні), былі нанізаныя на каралі разам са шклянымі пацеркамі.
Каля паўночнага падножжа магільнага пагорка было знойдзена больш зброі, чым на яго вяршыні. На вяршыні пагорка ў цэнтральнай частцы могільніка знайшлі 7 утулкавых і адзін джалападобны наканечнік дзіды, адну мініяцюрную сякеру, некалькі, як мяркуюць, нетыповых наканечнікаў стрэл. Але ў затопленай вобласці ля падножжа ўзгорка выявілі дзевяць шырокалязовых сякер, пяць наканечнікаў стрэл, тры ўтулкавыя наканечнікі дзіды і тры фрагменты адналязовага мяча тыпу Z. Крыху далей ад ляза мяча (пад ім была сякера, а над ім наканечнік дзіды, захрас вертыкальна ў глебе) знайшлі перакрыжаванне, галоўку рукаяці і бронзавую акоўка похваў.
У тым жа паўночным падножжы пахавальнага ўзгорка, дзе была знойдзеная згаданая зброя, у 2009 г. была выяўленая вялікая колькасць разнастайных знаходак (вобласць са знаходкамі цягнецца на поўнач у напрамку балота) на плошчы каля 12 м2. На гэтай плошчы былі знойдзеныя на месцы або вымытыя 655 г. чалавечых і жывёльных костак, 190 гліняных чарапкоў (224 г) ручной лепкі і пераважна пабітых і 45 індывідуальных знаходак, уключаючы прастакутную спражку, вядомую з папярэдніх раскопак на вяршыні пагорка, ключ з круглай галавой (і ліцейнымі швамі), заклёпкі, мініяцюрны званочак, зялёная шкляная пацерка і фрагменты плоскіх бранзалетаў і спражак разнастайнай формы.
Кераміка складае іншую групу шматлікіх знаходак на могільніку Баёрай. Сцвярджалася, што асобныя ўзоры ручной керамікі з грубымі паверхнямі адносяцца да сярэдзіны І тысячагоддзя, у той час як 5699 чарапкоў (больш чым 16 кг) датуюцца XIV — пачаткам XV стст. Памеры і ступень захаванасці гэтых фрагментаў адрозніваюцца ў розных месцах могілак. 3386 чарапкоў вагой 10,932 кг (у сярэднім 3,2 г кожны) былі знойдзеныя на вяршыні пагорка на могілках у 2006 г. і 828 чарапкоў вагой 1,322 кг (у сярэднім 1,6 г кожны) — у раскопках усходняга схілу і паўночнага падножжа ўзгорка ў 2009 г.
Некаторыя керамічныя фрагменты былі ўпрыгожаныя хвалістым або паралельным лінейным арнаментам. Гліняныя чарапкі належаць шматлікім гаршчкам і збанам і не сумяшчаюцца адзін з адным. Некаторыя гліняныя чарапкі былі дэфармаваныя, бо пацярпелі ад высокіх тэмператур (у полымі пахавальнага вогнішча?). Рэльефныя сімвалы, якія, імаверна, былі на дне гліняных пасудзін, заўважаныя не былі. Былі выяўленыя 13 гліняных чарапкоў са знакамі. Сярод якіх пераважае закручаная свастыка, а фрагменты іншых сімвалаў занадта малыя, каб вызначыць іх.
Могільнік Баёрай адносіцца да перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Яго комплекс знаходак у значнай ступені вядомы па раней даследаваных могільніках Румшышкес (раён Кайшадорыс), Абяляй (раён Укмерге), Кулаўтува (раён Каўнаса), Крывейкішкіс (раён Шырвінтас), Жароніс (раён Тракая), а таксама ў іншых месцах і падчас даследавання тэрыторыі Ніжняга замка (Каралеўскі палац) у Вільні. Выключная асаблівасць Баёрай — старана зафіксаваная стратыграфія і планіграфія ўсёй тэрыторыі могільніка, дзякуючы якой будзе магчыма зразумець прынцыпы і ўбачыць тэндэнцыі ў агульным пласце крэмацыі, што ўпершыню дазволіць цалкам апісаць пахавальны абрад жыхароў Літвы, які здзяйснялі на могілках з крэмацыяй напярэдадні ўвядзення хрысціянства і адразу пасля гэтага.
Дадатковую інтрыгу ў Баёрай складае той факт, што месца пахавання існавала на водмелях возера, якое, мабыць, калісьці называлі Святым. У чаканні вынікаў лабараторных прыродазнаўчых тэстаў сёння можна апісаць гэта як месца, дзе ваганні ўзроўню вады стварылі востраў (які раней быў пад вадой). Ён узвышаецца прыблізна на адзін метр над вадой (калі могілкі былі дзейнымі, дрэвы там не раслі). У торфе з паўночнага падножжа гэтай выспы знаходкі выявілі ўпершыню на месцы, даступным у час, калі берагі возера ўжо пачалі зарастаць і забалочвацца.
Крыніцы гэтых пахавальных абрадаў дакладна былі рэлігійнымі. Сёння зразумела, што гэта не лакальная з’ява, але, імаверна, наадварот, адна з самых адметных і ўнікальных асаблівасцяў старой літоўскай рэлігіі на пэўным этапе гісторыі літоўскай дзяржавы: другой паловы XIV — пачатку XV стст.
Вікінтас Вайткявічус