«Адзін колер жыцця, другі колер смерці». Зборнік вершаў расстраляных паэтаў прэзентавалі ў Вільні

На дыскусіі да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання прэзентавалі новы зборнік вершаў: у ім сабраны творы паэтаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.



Фота: spring96.org

Дызайнерка кнігі – Наста Чарнова, выпускніца факультэта дызайна ЕГУ. Зборнік вершаў стаў яе дыпломным праектам.

«Пасля 2020 года мы ўсе задаваліся пытаннем: Як такое магло адбыцца? Чаму такія страшныя рэпрэсіі? Адкуль гэта ўсё з'явілася? Нармальна ж жылі... Але калі паглядзець на гісторыю, на 1937 год, нічога новага яны не прыдумалі. Гэта ўсё проста натуральна выцякае з традыцый гвалту, якімі беларускія ўлады ганарацца, што яны нашчадкі Савецкага саюза. Яны пераймаюць проста ўсё, што звязана з манаполіяй гвалту. Таму калі я стала разбірацца ў гэтай тэме, то пытанне чаму такія вялікія рэпрэсіі зараз, стала відавочным. Не праводзіць паралелі паміж тымі падзеямі і зараз проста немагчыма. Таму я вырашыла зрабіць такі невялічкі зборнік вершаў», – распавяла Наста.


Наста Чарнова. Фота: spring96.org

Візуальны бок кніжкі выкананы ў мінімалістычным выглядзе: у чорна-сініх колерах. Пад кожны верш дызайнерка падбірала графічныя элементы і вобразы.

«Я хацела, каб верш пачынаў казаць за сябе да таго, як мы яго прачытаем. Кожны элемент і вобраз падабраны не проста так – ён характарызуе ці аўтара, ці сам сэнс верша.

Гэты зборнік эксперыментальны, таму што вершы не напісаны класічным стылем, у ім няма ілюстрацый – а самі вершы сталі вобразамі, і ўсё пераплялося ў адно. Я не проста так вырашыла рабіць такі дастаткова смелы дызайн для зборніка паэтаў 1937 года, таму што яны былі самі авангардыстамі – яны ўвесь час эксперыментавалі з формай вершаў, з новымі тэмамі, яны былі поўнымі жыцця і хацелі рабіць рэвалюцыю ў глебе літаратуры», – адзначыла дызайнерка.

Зборнік вершаў распаўсюджваецца бясплатна.