Раўнапраўе палоў — тунэль без святла ў канцы?

Ці мае шанцы на поспех змаганне за гендарную роўнасць? Калі так, то пры якіх умовах? Якія перыяды развіцця фемінізму выдзяляюць гісторыкі? Піша Канстанцін Семяновіч і прыгадвае храналогію прызнання выбарчых правоў жанчын у краінах, якія для нас з’яўляюцца ўзорам дэмакратыі. Даты сапраўды ўражваюць.


За раўнапраўе палоў з адным нюансам

Выступаю за раўнапраўе палоў з адным нюансам, менавіта, улікам біялагічных адрозненняў між мужчынам і жанчынай. Напрыклад, падтрымліваю даўнюю будаўнічую норму — жанчыне нельга падымаць цяжары больш за 16 кг. Калі ж яна вырашыла заняцца цяжкай атлетыкай ці бодзібілдынгам, то гэта яе вольны выбар.

Simval fieminisckaha ruchu
Сімвал фемінісцкага руху

Супраць скасавання традыцыйнага этыкету

Таксама супраць скасавання традыцыйнага этыкету, кшталту саступіць месца жанчыне ў грамадскім транспарце ці падаць руку пры выхадзе з салона. Неяк у сярэдзіне 1990-х трапіў у нязручную сітуацыю ў Кракаве — на выхадзе з трамваю падаў руку аднагрупніцы італьянцы Серафіне. Яна жэст не прыняла ды яшчэ скрывілася і абазвала, быццам сексіст. Пастаяў з працягнутай рукой як дурань, але следам выходзіла італьянка Катажына, філолаг-славіст з вопытам стажыроўкі ў Менску, і яна руку з удзячнасцю прыняла. Усё залежыць ад таго, як на сітуацыю паглядзець — першая ўбачыла абуральную праяву няроўнасці, другая — знак павагі і ўвагі.

Выпадак у студэнцкім будатрадзе, за які дагэтуль сорамна

Нашмат лягчэй быць адэптам раўнапраўя ў душы, чым адкрыта за яго змагацца. Мушу дзеля праўды прыгадаць эпізод з юнацтва, калі ў студэнцкім будатрадзе дзялілі заробленыя грошы. Дзяўчатам прызначылі меншую плату па той прычыне (выказанай наўпрост без ніякіх намёкаў), што яны як слабейшыя фізічна не могуць выканаць столькі працы, як хлопцы.

Я быў за роўную плату, дзяўчаты працавалі кухарамі, выдатна нас кармілі і ўжо гэтым іх унёсак у агульную касу быў не меншы за кожнага здаровага мужыка. Але не змог падняцца і запратэставаць, пабаяўся «выступіць супраць калектыва». За што сорамна кожны раз, як тое ўспамінаю.

Шанцы на поспех

Увогуле змаганне за гендарную роўнасць магчымае і мае шанцы на поспех толькі ў развітых дэмакратыях, найперш краінах атлантычнай цывілізацыі. У дзяржавах недэмакратычных, якіх на зямлі большасць, тое змаганне часта прымае форму маўклівага дакору з-за кратаў.

Zatrymannie sufražystki ŭ Anhlii
Затрыманне суфражысткі ў Англіі. Пачатак XX ст. Фота: pinterest.com

Але нават у найбольш «спелых» дэмакратыях уражвае, як цяжка тое давалася на працягу больш як двух стагоддзяў і наколькі нядаўна дасягнутыя поспехі, для нас ужо звыклыя і, здавалася б, адвечныя.

Сёння рух за гендарнае раўнапраўе, часта агулам называны фемінізмам, мае разбудаваную ідэалогію, якая ахоплівае практычна ўсе праявы грамадскага і асабістага жыцця, ад права на роўную з мужчынамі аплату працы да недатыкальнасці цела. Некаторыя феміністкі настолькі далёка прасунуліся ў сваім змаганні, што пачалі заклікаць да ўключэння ў парадак дня фемінізму «руху за вызваленне мужчын», мэта якога — пазбаўленне ад негатыўных аспектаў «традыцыйных стэрэатыпаў мужнасці». (Як на маё кансерватыўнае ўспрыманне яўны перабор).

Karykatura na sufražystak
Карыкатура на суфражыстак

4 хвалі фемінізму

Даследчыкі гісторыі жаночага руху выявілі чатыры хвалі фемінізму, якія змяняліся ў храналагічнай паслядоўнасці, а месцамі і накладаліся адна на другую.

1. Самая драматычная і працяглая пачалася ў ХІХ ст., зместам яе былі выбарчыя правы жанчын і права на ўласнасць. Доўжылася яна больш за стагоддзе. 

2. Ад 60-х гадоў ХХ ст. узнялася хваля барацьбы за роўнасць юрыдычную і сацыяльную. 

3. Трэцяя хваля — ад 90-х гадоў ХХ ст. 

4. Чацвёртая — прыблізна ад 2012 г.

Дзве апошнія хвалі звязаныя з сэксуальнасцю: ад адмовы гетэрасэксуальнасці да публічных абвінавачанняў у харасменце (эфект Ванштэйна).

Храналогія прызнання выбарчых правоў жанчын

Добрая ілюстрацыя таго, наколькі цяжка прабівае сабе дарогу ідэя і практыка гендарнага раўнапраўя — храналогія прызнання выбарчых правоў жанчын у краінах, якія для нас з’яўляюцца ўзорам дэмакратыі. Нават у ЗША, краіне збудаванай на дэмакратычных асновах «ад нуля», не абцяжаранай архаічнымі феадальнымі інстытутамі, канчатковае зраўнанне ў выбарчых правах жанчын адбылося толькі ў 1920 г., хоць адпаведная папраўка (ХІХ-я) да Канстытуцыі была вынесена на абмеркаванне Кангрэсу яшчэ ў 1878 г.

У Вялікабрытаніі, нягледзячы на моцны суфражысцкі рух (часам прымаў радыкальныя формы), адпаведны закон быў прыняты ў 1928 г. У Францыі — радзіме Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна 1789 г., поўнае зраўнанне ў выбарчых правах адбылося ў 1944 г.

Швайцарскія мужыкі на рэферэндуме ў 1959 г.(!) прагаласавалі супраць удзелу жанчын у выбарах. Адобрылі яго толькі на рэферэндуме 1971 г., а апошні кантон цалкам зраўняў жанчын ажно ў 1991 г.!

Žanočy marš u Ńju-Jorku, 2017 hod
Жаночы марш у Нью-Ёрку, 2017 год. Фота: nytimes.com 

Так што хваля ідзе за хваляй, але выглядае на тое, што справа гендарнай роўнасці не вырашаная цалкам нават у дэмакратычных краінах. Цяжка прагназаваць, як яно далей пойдзе, якія формы прыме фемінізм, адно можна з пэўнасцю сцвярджаць, што канца яму не відно.

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org