Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі!

ТБМ распачало грамадскую кампанію “Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі!” Яе мэта ‑ пераназваць адну з вуліц Мінска ў гонар вялікага беларуса, а таксама ўсталёўка яму помнікаў ў Мінску, Брэсце і Косава. Кампанія прымеркаваная да 270-гадовага юбілею знакамітага земляка.“Гэта акцыя дазваляе ўсяму свету даведацца, з якой краіны паходзіць Тадэвуш Касцюшка, і што грамадзяне гэтай краіны ‑ Беларусі ‑ не забываюць сваіх сапраўдных герояў,” ‑ лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Пры падтрымцы рэсурсу Zvarot.by падрыхтаваныя тэксты электронных зваротаў у Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

У Мінгарвыканкам будзе накіраваны калектыўны зварот з прапановай назваць адну з вуліц г. Мінска ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Вуліцы з яго імем ёсць у Польшчы, Украіне, ЗША, Расіі, а таксама ў шэрагу гарадоў Беларусі: Брэсце, Гродна, Баранавічах, Пінску, Нясвіжы і інш. У Мінску да сённяшняга дня такой вуліцы няма.

Міністэрства культуры атрымае калектыўны зварот з прапановай абвясціць конкурс на выраб помнікаў Т. Касцюшку ў г. Мінску, Брэсце і на яго малой радзіме ў г. Косава. Сотні помнікаў “Салдату свабоды” размешчаныя па ўсім свеце, але, на жаль, у Беларусі прыгожых велічных скульптурных кампазіцый Касцюшку не з’явілася.

Каб падтрымаць кампанію, можна зайсці на сайт Zvarot.by і падпісаць зварот на беларускай мове zvarot.by/be/nashkascyushka. Дадзеныя будуць далучаныя да абодвух зваротаў і накіраваныя ў адпаведныя дзяржорганы. Калектыўныя звароты складзеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб”.

Звароты будуць накіраваныя ў Міністэрства культуры і ў Мінгарвыканкам 4 лютага 2016 г. у дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі!

Тадэвуш Касцюшка ‑ палітычны і вайсковы лідар Рэчы Паспалітай беларускага паходжання. Кіраўнік вызваленчага паўстання 1974 г., нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.

Кантактныя асобы: Алег Трусаў (ТБМ) – siadziba@gmail.com, +375172848511

Уладзімір Махнач (Zvarot.by) ‑ zvarot.by@gmail.com, +375295603538

#КасцюшкаНаш, #КостюшкоНаш

Больш падрабязна аб кампаніі па спасылцы: zvarot.by/be/nashkascyushkatbm-mova.by/news_1323.html

 

tbm-mova.by