“Правінцыя ў нас у галаве”, альбо “Соль зямлі” па-беларуску

Кампанія “Разам да справы” – плён сумесных высілкаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” і цэнтра даследавання грамадскага меркавання SYMPA – гадамі ладзіць мерапрыемствы і ток-шоў у беларускіх рэгіёнах. Навошта? Ці патрэбна гэта нашым суайчыннікам па-за МКАДам? Ці ёсць плён? Падводзім вынікі.


На практыцы “Разам да справы” – гэта серыя ток-шоў, Кірмашоў праектаў, майстар-класаў і круглых сталоў у розных кутках нашай радзімы, якія праводзяць тэарэтыкі і практыкі, але заўсёды лідары ў сваёй галіне. Удзельнікі – мясцовыя жыхары і актывісты, якія хацелі б зрабіць нешта для свайго рэгіёна, часам не ведаючы, як.

Такім чынам, у выніку няспыннай дзейнасці кампаніі было падтрымана больш за 45 культурніцкіх праектаў, больш за два дзясяткі клубаў мясцовых ініцыятыў – па ўсёй Беларусі запалілася шмат новых агеньчыкаў, пакліканых свяціць свайму атачэнню, даючы сігнал: “Жыць і працаваць можна і трэба ТУТ”.

Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч

“Не спадзявацца на “матолькапамагі”, а браць і рабіць!”

Наста Дашкевіч далучылася да кампаніі прыкладна год таму, стаўшы рэгіянальным каардынатарам “Разам да справы” і паспеўшы накруціць за гэты час не адну тысячу кіламетраў у паездках па Беларусі:

“Правінцыя” – яна ў нас галаве, жыве сярод нашых тараканаў і стэрэатыпаў. Беларусь тым і файная, што вельмі розная і вялікая. Кожнае мястэчка вартае таго, каб змяняць яго да лепшага як у плане інфраструктуры, так і ў плане культурнай атмасферы. Больш за тое, нам, мінчукам, ёсць чаму павучыцца ў тых, хто з’ехаў за МКАД і не спадзяецца на “матолькапамагі”, а бярэ і робіць. Чаго каштуе той жа фестываль SPRAVA ў Белай Царкве!..”

Канечне, бывае па-рознаму і праца з рэгіёнамі далёка не заўжды выглядае ідылічна. Гэта і адмены мерапрыемстваў, і насцярожанасць у мясцовых чыноўнікаў ды актывістаў, якія ўпершыню сутыкаюцца з тым, што нехта да іх хоча прыехаць, каб пагутарыць пра іх праблемы, планы, перспектывы.

“Тым не менш вельмі прыемна бачыць, як насцярожанасць змяняецца даверам, – працягвае Наста. – Няўпэўненасць мясцовага каардынатара на гатоўнасць да працы і фантан ідэяў, а адмены становяцца вельмі рэдкім выключэннем. То бок непрыемныя моманты заўжды былі і будуць, але галоўнае – гэта пазітыўная дынаміка. Урэшце, нас запрашаюць зноў і зноў – тады і адчуваеш, што робіш усё недарэмна”.


Дзмітрый Маркушэўскі

Дзмітрый Маркушэўскі

“Не павучаць, а размаўляць і даваць варыянты”

На пару з “Будзьма беларусамі!” у кампаніі “Разам да справы” ўжо тры гады бярэ ўдзел і цэнтр SYMPA. Паводле акадэмічнага дырэктара апошняга, Дзмітрыя Маркушэўскага, яго структуры найперш цікава дзяліцца досведам, які маюць эксперты SYMPA ў галіне міжсектарнага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця.

“Дзяліцца – значыць распавядаць зацікаўленым людзям і арганізацыям, як грамадзяне, бізнес і ўлада могуць разам эфектыўна вырашаць задачы развіцця сваёй мясцовасці, – тлумачыць Зміцер. – Гэта задачы і культурніцкага профілю, і сацыяльна-эканамічнага. Мы прыводзім прыклады з розных краін, каб параўнаць і патлумачыць, як гэта робіцца ў свеце. Упэўнены, праз такую супрацу паляпшаецца жыццё людзей”.

Кампанія “Разам да справы” робіць акцэнт менавіта на інклюзіўным развіцці. Чаму? Бо са сталіцы цяжка, калі наогул магчыма, убачыць усю разнастайнасць і глыбіню праблем, якія турбуюць людзей у нашых гарадах і мястэчках.

“Варта звярнуць увагу, – працягвае Зміцер, – што калі мы з калегамі ўдзельнічаем у абмеркаванні праблемаў у рэгіёнах, то дзелімся меркаваннямі, размаўляем, дыскутуем, як зрабіць найлепш. Важна размаўляць і прапаноўваць варыянты рашэнняў, але не павучаць, не ставіць задачы”.

Паводле Дзмітрыя, неад’емнай часткай кампаніі стала Школа мэраў, слухачы і выпускнікі якой – патэнцыйныя і сапраўдныя лідары, якія атрымалі веды і навыкі, неабходныя для эфектыўнага і ўстойлівага тэрытарыяльнага развіцця. “Мы спадзяёмся, што яны працягнуць працу ў сваіх рэгіёнах у шчыльным партнёрстве з іншымі ўдзельнікамі кампаніі “Разам да справы”, – рэзюмуе Маркушэўскі.


На абмеркаванне, акрамя актывістаў, бізнесоўцаў, журналістаў, былі запрошаныя і прадстаўнікі адміністрацыі горада, але ніхто з чыноўнікаў не прыйшоў

Не дылема выезду, а праца для сваёй малой радзімы

У скарбонцы кампаніі – культурніцкія фэсты і добраўпарадкаваныя грамадскія месцы, краязнаўчыя даследаванні і выданні, сфармаваныя суполкі мясцовых актывістаў-валанцёраў, якія робяць малыя і вялікія справы, наладжваюць гарызантальныя сувязі ў сваім рэгіёне. Важна, што ў далейшым канкрэтная мясцовая ініцыятыва можа працаваць ужо і без “Будзьма беларусамі!”, і без SYMPA – цалкам аўтаномна. Галоўнае – прыехаць, падтрымаць, даць штуршок.

“Большасць нашых ток-шоў збірае так званую “соль зямлі”, – падводзіць вынікі Наста Дашкевіч. – Гэта найбольш актыўныя і зацікаўленыя людзі рэгіёна. І калі яны збіраюцца разам, вынікі часам бываюць фантастычныя! А яшчэ гэта вельмі натхняе, калі бачыш школьніц 8-9 класаў з вёсачкі ў Магілёўскай вобласці, якія прэзентуюць праект “вёскі памяці”: віртуальна ажывіць вёску, якой даўно ўжо няма. І каб сябрукі-школьнікі, праязджаючы побач на роварах, маглі дакрануцца да спадчыны гэтай зямлі”.

Сапраўды, калі ў Мінску праводзіцца безліч воркшопаў, майстар-класаў, фестываляў, чаму на іх не маюць права маладзёны з Пружанаў, Лунінца ці Докшыцаў? Няўжо ім не патрэбныя эксперты, парады, нефармальнае навучанне і падтрымка? Атрымліваецца, патрэбныя. І, зразумеўшы гэта, ты атрымліваеш яшчэ адзін ключык да пытання, як развіваць Беларусь комплексна, па-за ўтульнымі кавярнямі на Рэвалюцыйнай ці Зыбіцкай.

“Разам да справы” – гэта не “гаварыльня” з прыгожымі фотасправаздачамі, але рэальная праца, якая дае магчымасць прадстаўнікам нашых рэгіёнаў жыць не “чаркай-і-скваркай”, а рабіць сваю маленькую радзіму лепшай і прыгажэйшай. Не стаяць перад пастаяннай дылемай пераезду з “дэпрэсіўнай правінцыі” ў вялікі горад, а рабіць свой маленькі дом больш камфортным і прывабным.


 

У Беларусі вельмі шмат ініцыятыўных людзей, і часта ім проста не хапае нейкага штуршка, магчыма, нават разумення блізкіх, падтрымкі паплечнікаў, каб ажыццявіць задуманае. А часам яны не ведаюць, як звярнуцца да мясцовай улады. Нашы мерапрыемствы дапамагаюць ажыццявіць гэта. У выніку людзі чуюць адно аднаго, адкрываюць для сябе інтарэсы іншых груп, знаходзяць паплечнікаў і падтрымку, атрымліваюць дазволы а часам і спрыянне мясцовых адміністрацый. Вось так часам даводзіцца прыехаць з Мінска, каб наладзіць дыялог паміж мясцовымі ініцыятывамі.

Гэтая дзейнасць не такая медыяпрыцягальная, як іншыя гучныя праекты кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Гэта дастаткова складаная руплівая праца. Але гэта праца, што называецца, “у полі”, у непасрэдным кантакце з нашай аўдыторыяй. Дарэчы, па ацэнках экспертаў, дзякуючы вось гэтай рэгіянальнай актыўнасці кампаніі грамадскія арганізацыі сталі лепш пазнавацца і ўспрымацца людзьмі.

Кампанія “Разам да справы” не з’явілася з паветра, гэта лагічны і змястоўны працяг папярэдняй нашай акцыі “Культура паляпшае жыццё!”. Спачатку мы даводзілі, што культура – гэта не толькі мастацтва, а ўсё, што есць вакол нас: як мы жывём і камунікуем з блізкімі, як працуем, наша каштоўнасная сістэма каардынат. І як наступны крок – праз розныя фарматы пад слоганам “Разам да справы” мы пачалі дапамагаць выходзіць на паверхню ініцыятыўным людзям, аб’ядноўваць іх дзеля вартых спраў, каб іх голас быў пачуты і грамадствам, і мясцовымі адміністрацыямі, каб зрабіць жыццё ў родным горадзе ці вёсцы цікавейшым і камфортнейшым для ўсіх.

 

 

Алесь Кіркевіч