«Разумняты». Новы адукацыйны праект ад «Будзьма» для дзетак

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі» прадстаўляе новы адукацыйны відэа-праект для дзяцей «Разумняты». Што б ні здаралася ў свеце дарослых, важна, каб дзеткі не былі пазбаўленыя забавак і цікавостак.


Гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове. Першыя 5 ролікаў праекта прысвечаны базавым матэматычным паняткам.

Першы выпуск «Разумнятаў» распавядае пра адзінкі вымярэння.

Паглядзеўшы выпуск, дзеці даведаюца:

— якімі мерамі даўжыні карысталіся нашыя продкі
— калі і як з’явілася метрычная сістэма
— што такое метр, сантыметр, міліметр і кіламетр
— якія інструменты ёсць для вымярэння даўжыні.

Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта. Кожны чацвер уключайце ім новы відэаролік праекта «Разумняты». А яшчэ лепш падпішыцеся на наш ютуб-канал, каб нічога не прапусціць.

Магчыма вашыя дзеткі пакуль не гавораць па-беларуску, але ім усё адно будзе цікава паглядзець відэа-урокі ад «Будзьма!». Падчас прагляду ваша дзіця заўжды можа націснуць на паўзу і звярнуцца па тлумачэнні да дарослых.

Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.

Каб навучанне праходзіла яшчэ больш цікава і эфектыўна, мы падрыхтавалі да кожнага роліка дадатковыя матэрыялы: цікавыя факты, заданні і пытанні па тэме. Дадатак да першага роліка можна спампаваць па спасылцы.

Відэаролікі праекта «Разумняты» будуць карыснымі:

  •  выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі
  • настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
  • настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
  • дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы.

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.

Наша будучыня за нашымі дзецьмі!

Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!»