Re1ikt – “Рэкі прабілі лёд”, Вігма, БМА-груп, 2011

Гурт Re1ikt канчаткова завязаў з пост-гранджам ды сышоў у экспэрымэнты з гукам, стылем і словам. Цяпер яны выглядаюць зусім не наіўнымі альтэрнатыўнікамі з падлеткавымі графаманскімі тэкстамі, а суворымі дасьведчанымі музыкамі, якія адчуваюць сілы, каб сказаць сваё важкае слова ў беларускай музыцы. Самі “рэліктаўцы” прэтэндуюць на тое, каб іх праца звалася першым пост-мэтал альбомам у нашай музыцы. І небеспадстаўна. Яны наогул пазбыліся стандартнай песеннай формы, нагналі змроку ў тэкстах ды стварылі сем трэкаў-манумэнтаў, кожны зь якіх сягае 10 і болей хвілін – агульны хранамэтраж аж 62.04! Песьні ў Re1ikt настолькі нетаропкія, што часам падчас праслухоўваньня карціць павялічыць хуткасць прайграваньня. Але ў гэтай цягучасьці самы смак, альбом якраз разьлічаны на ўдумлівае праслухоўваньне. Можа, і хацелася б больш харызматычнага і яркага вакалу, але абраная музыкамі стылістыка якраз і вымагае таго, каб ён не вытыркаўся, а хутчэй суправаджаў кампазыцыю.

Павуціньне плесьці вакол слухача Re1ikt пачынае зь першага непараўнальнага трэку “Рэкі прабілі лёд”. І тут, калі спыніцца на ім, то выблытацца з путаў яшчэ магчыма, а калі слухаць далей, то проста захрасаеш у гэтай музыцы, і душа патрабуе працягу і разьвіцьця ды фінальнага стрэла ў галаву. Але таго няма – адна кампазыцыя плаўна перацякае ў другую, і канец урэшце падаецца змазаным. Магчыма, што больш удала апошні трэкам выглядала б песьня “Ой, рана на Івана”, якую музыкі ператварылі ў рок-опэру (чамусьці здаецца, што Мулявін бы вельмі пацешыўся гэтай вэрсіі). Гэтай працай музыкі засьведчылі сваю здольнасьць да рэалізацыі маштабных музычных задумаў, чым у Беларусі мала хто займаецца.

Ідэя: 10
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 9
Аздабленьне: 8

Сяргей Будкін