Рэлігійнасць у законе аб правах дзяцей Рэспублікі Беларусь вылучаная ў асобны артыкул. У ім адзначаецца, што кожны мае права вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі і вызнаваць яе.
У нашай краіне дэклараваная свабода веравызнання. Сучаснымі юрыстамі гэта трактуецца як абавязак дзяржавы не ўмешвацца ў духоўны свет грамадзяніна. То бок ніхто не можа прымусіць яго вывучаць і выконваць абрады пэўнай рэлігіі альбо не выконваць. Апошняе вельмі важна.
У Еўрасаюзе вядомыя выпадкі, калі дзяржаўныя структуры забаранялі публічную дэманстрацыю рэлігійных сімвалаў як асобе, так і ў дзяржаўных або адукацыйных установах. Напрыклад, у Італіі намагаліся забараніць дэманстрацыю хрысціянскіх крыжоў у дзяржаўных установах.
Але існуюць і іншыя прыклады. У суседняй Польшчы, дзе рэлігійнасць грамадства нашмат вышэйшая, чым у Беларусі, рэалізуецца не толькі абавязак дзяржавы не навязваць, але і права грамадзяніна атрымліваць веды, звязаныя з традыцыйнымі для гэтай краіны рэлігіямі. У польскіх школах кожны вучань мае права добраахвотна наведваць заняткі па рэлігіі, якія з’яўляюцца неабавязковымі.
У суседняй Літве заняткі па рэлігіі альбо этыцы абавязковыя. Бацькі выбіраюць прадмет, дзеці маюць такое права пасля 14 гадоў. У старэйшых класах больш чым палова дзяцей абірае рэлігійныя заняткі. Акрамя паўночнай часткі Еўропы, рэлігію (альбо альтэрнатыўны прадмет) вывучаюць амаль ва ўсіх краінах.
Ёсць меркаванне, што школьныя заняткі рэлігіі з’яўляюцца важным правам дзяцей на рэлігійнасць. Так, Юзаф Крукоўскі, юрыст каталіцкай царквы, лічыць: «Дэмакратычная дзяржава павінная абараняць свабоды не толькі ад прымусу, але і дзеля распаўсюду рэлігійных поглядаў у жыцці прыватным і публічным».
Абавязковыя класныя гадзіны з удзелам святароў?
У Беларусі ўзаемадзеянне дзяржаўных адукацыйных устаноў і рэлігійных арганізацый адбываецца на падставе дакументаў, прынятых Саветам міністраў Беларусі. Вызначана, што адукацыйныя структуры маюць права супрацоўнічаць з рэлігійнымі аб’яднаннямі, якія маюць дзяржаўную рэгістрацыю.
Фармат супрацы — гэта неабавязковыя пазакласныя размовы, экскурсіі, арганізацыя святаў і іншыя формы выхаваўчай працы. Атрымліваецца вельмі шырокі спектр узаемадзеяння. Які, з аднаго боку, можа падавацца недастатковым прыхільнікам факультатыўнага рэлігійнага навучання, а з іншага, вельмі размытым — праціўнікам выкладання рэлігіі ў школах.
У дакументах падкрэсліваецца, што няпоўнагадовыя навучэнцы могуць браць удзел у мерапрыемствах, арганізаваных рэлігійнымі аб’яднаннямі, толькі са згоды бацькоў. Але нявызначаны статус гэтых заняткаў ці, напрыклад, святочны канцэрт з рэлігійным кантэкстам могуць выклікаць непаразуменне з боку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый.
У публікацыі на сайце naviny.by прыведзены прыклад заняткаў у форме «размоваў», якія праводзілі святар і ягоная жонка ў стаўбцоўскім ліцэі. Гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Журналісты і эксперты ставяць пад сумнеў фармат такога кшталту мерапрыемстваў. Бо яны далёка не заўжды праводзяцца са згоды бацькоў, а тэмы для абмеркавання — спрэчныя.
У тэлеперадачы на тэлеканале «Белсат» актывіст камуністычнай партыі «Справядлівы свет» Павел Катаржэўскі зазначае: «Штуршком да стварэння петыцыі ў абарону правоў атэістаў сталі рэлігійныя заняткі ў некаторых беларускіх школах. Апошняй кропляй сталі абавязковыя класныя гадзіны з удзелам святароў».
Некалькі гадоў таму Беларуская Праваслаўная Царква падпісала з дзяржавай праграму па супрацоўніцтве. Былі распрацаваныя метадычныя матэрыялы для выкладання ў школах «Асноваў праваслаўнай культуры», таксама праводзяцца курсы для педагогаў. Таму фармат «заняткаў», пра які было напісана вышэй, не зусім зразумелы. Тым больш што праводзяць такія заняткі павінныя выключна людзі з педагагічнай адукацыяй.
Не існуе сістэмы ацэнкі ведаў рэлігійнага навучання
Такога кшталту падыход, які, імаверна, не ў поўнай ступені адпавядае зацверджанаму фармату, можа выклікаць незадаволенасць бацькоў і дзяцей, якія апелююць да парушэння правоў. У адрозненне ад суседніх краін, дзе таксама заняткі праходзяць на добраахвотнай аснове, у Беларусі не існуе сістэмы ацэнкі ведаў рэлігійнага навучання.
Выкладанне рэлігіі і пазакласныя заняткі ў беларускіх школах знаходзіцца ў нявызначанай пазіцыі. Магчымае выйсце — альбо ўводзіць сістэму ацэнкі ведаў, альбо адмаўляцца ад такой практыкі цалкам. Бо сённяшні фармат можа выклікаць, а такія прыклады, як бачым, ужо існуюць, нерэгламентаваны падыход. У прыватнасці, пра такія выпадкі інфармацыю публікуюць у тым ліку на парталах рэлігійных арганізацый.
Напрыклад, у Белаазёрску ў адной са школ фактычна дзейнічае рэлігійны кабінет (духоўнага выхавання) праваслаўнай царквы. Гэта можа супярэчыць і заканадаўству, і нават дамоўленасцям праваслаўнай царквы з дзяржаваю. Такім чынам могуць быць парушаныя правы дзяцей і іх бацькоў.
У прыватнасці, у дакументах пра дзейнасць рэлігійных арганізацый ва ўстановах адукацыі забараняецца ў тым ліку місіянерская дзейнасць. Пад гэтым азначэннем можна разумець любую дзейнасць рэлігійных супольнасцяў увогуле. Тым больш відавочна парушаецца норма аб забароне дэманстрацыі любых рэлігійных сімвалаў, згаданая ў дакуменце.
Такая дзейнасць выклікае і будзе выклікаць непаразуменні. Напрыклад, на партале carkva-gazeta.by апублікаванае меркаванне Анатоля Сідарэвіча:
«Калі цяпер рэлігія з’яўляецца прыватнай справай дзяцей і бацькоў, пасля ўвядзення ў школах гэтае самае „культуры“ яна стане публічнай. Дзяцей падзеляць на праваслаўных, католікаў, пратэстантаў, юдэяў, мусульманаў і г. д. І абавязкова з’явяцца пакрыўджаныя на рэлігійнай глебе. Бо хто будзе выкладаць у школе гэтыя самыя „асновы“ католікам, пратэстантам, юдэям, мусульманам, калі ў школе, дзе ёсць вучні-католікі і вучні-пратэстанты, юдэі і мусульмане, няма належным чынам падрыхтаванага настаўніка адпаведнага веравызнання?»
Падаецца, што адзіным варыянтам трансфармацыі ўзаемадзеяння рэлігійных арганізацый з установамі адукацыі можа быць рэалізацыя праграмаў краін-суседак. У большасці з іх бацькам і дзецям прапануецца варыянт абавязковых заняткаў па «этыцы» або «рэлігіі» (у залежнасці ад веравызнання). Вучні атрымліваюць адзнакі і здаюць экзамены. Выкладанне праходзіць падчас звычайных урокаў. Праводзяць іх атэставаныя святары альбо настаўнікі. Фінансуецца навучанне за кошт дзяржавы.
Прыблізна такі фармат прыняты і доўгі час рэалізуецца ў Літве (якая таксама перажыла часы савецкага «атэізму»), дзе стаўленне да рэлігіі не нашмат адрозніваецца ад беларускіх рэалій.
Тым больш што пра станоўчы літоўскі досвед даўно выказваюцца прадстаўнікі розных канфесій, у прыватнасці праваслаўны мітрапаліт з Расіі: «У Літве асновы веравучэння выкладаюць дзецям уе гады навучання ў школе, і я ўпэўнены, што ім гэта цікава».
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!