Рэнесансны шэдэўр з Гальшанаў набыў новы выгляд. Так ён мог выглядаць чатыры стагоддзі таму

У Музеі старажытнабеларускай культуры па-новаму пераасэнсавалі ўнікальны помнік мастацтва — надмагіллі Сапегаў, каб нагадаць пра яго былое хараство, піша «Наша Ніва»



Jarusnaje ekspanavańnie nadmahillaŭ Sapiehaŭ z halšanskaha kaścioła. Fota: fejsbuk Siarhieja Hruntova.

Яруснае экспанаванне надмагілляў Сапегаў з гальшанскага касцёла. Фота: фэйсбук Сяргея Грунтова.


Новым выглядам помніка ў сваім фэйсбуку падзяліўся гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў, які таксама прыклаўся да гэтай працы.

Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», Грунтоў падабраў аналагі ў Польшчы ды Літве і даваў парады па дэталях, а кіраваў работамі Барыс Лазука, вядомы мастацтвазнавец, які прысвяціў гэтаму помніку адзін са сваіх артыкулаў, праўда, 20 гадоў таму.

Работы, праведзеныя ў рамках рэканструкцыі Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук, ставілі за мэту змяніць успрыманне каштоўнага твора мастацтва, адзінага ў сваім родзе на тэрыторыі краіны.


Tak ekspanavalisia nadmahilli Sapiehaŭ z muziei da rekanstrukcyi. Fota: Wikimedia Commons
Так экспанаваліся надмагіллі Сапегаў з музеі да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Раней чатыры скульптурныя надмагіллі (эгіфія) проста гарызантальна ляжалі адна побач з другой на нейкай платформе. У прынцыпе, такі тып надмагільных помнікаў таксама вядомы ў Еўропе, але беларускі помнік выглядаў іначай.

Надмагіллі патрапілі ў музейную калекцыю з францысканскага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, якімі валодалі магнаты Сапегі. Запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак, дзе быў заснаваны кляштар, падканцлер літоўскі Павел Стэфан Сапега (1565-1635).

Skulpturnaje nadmahille Paŭła Sapiehi ŭ daśpiechu. Fota: Wikimedia Commons.
Скульптурнае надмагілле Паўла Сапегі ў даспеху. Фота: Wikimedia Commons.

Сапега быў аж чатыры разы жанаты: з Рэгінай Дыбоўскай, з Альжбетай Веселен (толькі ад яе меў дзяцей, якія скончылі жыццё або ў манастыры, або памерлі дзяўчынамі), з Кацярынай Гаслаўскай і, нарэшце, з Соф’яй Даніловіч.

Сапега памёр у 1635 годзе. Верагодна, што прыкладна ў гэты час у касцёле быў пабудаваны вялікі і багаты надмагільны помнік у рэнесансным стылі, для яго самога і трох ягоных жонак, якія спачылі раней.

Skulpturnyja nadmahilli žonak Paŭła Sapiehi. Fota: Wikimedia Commons
Скульптурныя надмагіллі жонак Паўла Сапегі. Фота: Wikimedia Commons

Першапачаткова скульптуры размяшчалі амаль вертыкальна, фігуры паказаны быццам ляжаць на баку, на вялікай падушцы, падпёршы галаву левай рукой. У руках жанчын кнігі як сведчанне іх пабожнасці, а Павел Сапега па тагачаснай модзе паказаны ў парадным даспеху. Выкананне фігур, як пішуць мастацтвазнаўцы, адзначаецца высокім майстэрствам.

На жаль, на тэрыторыі Беларусі не захавалася іншых скульптурных надмагілляў такога плану, як было ў Гальшанах, якія б маглі даць уяўленне пра першапачатковы выгляд помніка. Але захавалася надмагілле іншага прадстаўніка роду Сапегаў, які таксама быў пахаваны разам з жонкамі.

Nadmahille kanćlera Lva Sapiehi i dźviuch jaho žonak u kaściole Sviatoha Michała ŭ Vilni. Fota: Wikimedia Commons
Надмагілле канцлера Льва Сапегі і дзвюх яго жонак у касцёле Святога Міхала ў Вільні. Фота: Wikimedia Commons

У віленскім касцёле Святога Міхала, дзе сёння працуе музей касцельных каштоўнасцей, знаходзіцца яруснае архітэктурнае надмагілле канцлера і гетмана вялікага літоўскага Льва Сапегі і дзвюх яго жонак. Вышыня помніка складае каля 10 метраў, па цэнтры ляжыць мармуровая фігура самога Льва Сапегі, а каля падножжа — жонак Альжбеты з Радзівілаў і Дароты з Фірлеяў.

Гэтыя два надмагіллі яднае не толькі імя Сапегаў, сумеснае пахаванне мужа з жонкамі, але мастацкае падабенства скульптур і час стварэння — Леў Сапега памёр у 1633 годзе, усяго на два гады раней за Паўла Сапегу.

Выяў надмагільнага помніка ў Гальшанах не захавалася. Але ёсць яго апісанне ў інвентары 1675 года: «Збоку надмагілле (epitaphium) вельмі прыгожае накшталт алтара, у чыёй структуры тры асобы нявест, а сам [фундатар] чацвёрты ляжыць угары. У той жа структуры дзевяць алебастравых асоб, а таксама два анёлкі». Вельмі падобна да апісання помніка ў віленскім касцёле.

6.jpg
Прамалёўка адной з балясаў агароджы надмагільнага помніка Сапегаў з гальшанскага касцёла. Фота: фэйсбук Андрэя Шулаева.

Андрэй Шулаеў таксама апублікаваў выяву балясы з гербам Сапегаў «Ліс», якая была часткай агароджы помніка ў Гальшанах і сёння мусіць захоўвацца недзе ў музеі.

Аўтары рэканструкцыі ў музеі імкнуліся пераняць кампазіцыю надмагілля з віленскага касцёла. Адтуль узяты размяшчэнне скульптур, многія архітэктурныя элементы, рэльефныя выявы арматуры і фігуры анёлаў.

Хоць дакладных дакументальных звестак пра майстроў, якія стварылі віленскі помнік, няма, мяркуецца, што яго аўтарам мог быць архітэктар і скульптар Себасцьян Сала (Sebastiano Sala), які паходзіў з Лугана (цяпер Швейцарыя) і ў першай палове XVII стагоддзя працаваў каралеўскім архітэктарам у Кракаве. Ён спрычыніўся да будаўніцтва і рамонту ў розных гарадах касцёлаў, капліц, надмагілляў і каралеўскіх рэзідэнцый, шмат вандруючы па Польшчы, Літве і нават Венгрыі.

Nadmahille žonak Lva Sapiehi byli pieraniesieny ŭ kaścioł Sv. Michała z vilenskaj katedry. Fota: Wikimedia Commons
Надмагілле жонак Льва Сапегі былі перанесены ў касцёл Св. Міхала з віленскай катэдры. Фота: Wikimedia Commons

Гальшанскі помнік, на думку аўтараў канала, таксама мог бы выканаць Себасцьян Сала, але тут ёсць некалькі складанасцяў. Па-першае, касцёл Святога Міхала ў Вільні быў фундаваны Львом Сапегам і пабудаваны ўжо пасля смерці яго жонак. Калі рабілі новае надмагілле, то надмагільныя помнікі жонак перанеслі з кафедральнага касцёла і ўпісалі ў новы помнік. Магчыма, што ў катэдры яны былі часткай нейкага іншага надмагілля, трохі больш ранняга.

Nadmahille žonak Lva Sapiehi byli pieraniesieny ŭ kaścioł Sv. Michała z vilenskaj katedry. Fota: Wikimedia Commons
Надмагілле жонак Льва Сапегі былі перанесены ў касцёл Св. Міхала з віленскай катэдры. Фота: Wikimedia Commons

Па-другое, Павел Стэфан і Леў Сапегі былі сваякамі, але вельмі далёкімі (прынамсі па мячы), што змяншае верагоднасць таго, што абодва надмагіллі былі створаны адным і тым жа майстрам і былі падобнымі як дзве кроплі вады. Але нельга выключаць і таго.

Станам на XIX стагоддзе надмагільныя пліты Сапегаў у Гальшанах ужо існавалі асобна ад яруснай архітэктурнай канструкцыі, проста ляжалі адна каля адной. Верагодна, што надмагільны помнік быў страчаны ў канцы XVIII стагоддзя, бо ў 1770-я гады стары касцёл амаль да падмуркаў быў разабраны, а на яго месцы быў збудаваны новы барочны касцёл, які дайшоў да нашага часу.

Stanam na XIX stahodździe nadmahilnyja plity Sapiehaŭ u Halšanach byli prosta pakładzieny pobač. Fota: Wikimedia Commons
Станам на XIX стагоддзе надмагільныя пліты Сапегаў у Гальшанах былі проста пакладзены побач. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя ў музеі, абмежаваная памерамі памяшкання і гіпатэтычнасцю арыгінальнага выгляду, не з’яўляецца дакладнай і не прэтэндуе на гэта, бо мэтай ставілі толькі змяніць успрыманне добра вядомага экспаната. Фактычна гэта проста стылізаваная этажэрка.

Пасля публікацыі фота з музея культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка выказаў пажаданне вярнуць надмагілле ў Гальшаны і экспанаваць яго in situ (па месцы) у францысканскім касцёле. Праўда, як выявілася, мясцовым ксяндзам такая ідэя не імпануе, яны лічаць, што ў касцёл людзі мусяць прыходзіць «да Пана Езуса, а не да пана Сапегі».

Таксама архітэктар-рэстаўратар Ігар Раханскі прапанаваў размясціць надмагілле ў капліцы Гальшанскага замка, над праектам аднаўлення якой ужо пачалі працаваць, зрабіць там «музей адной скульптуры».


Kaścioł Sviatoha Jana Chryściciela ŭ Halšanach byŭ pabudavany ŭ 1770-ja hady na miescy staroha. Fota: Wikimedia Commons
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах быў пабудаваны ў 1770-я гады на месцы старога. Фота: Wikimedia Commons

На думку тэлеграм-канал «Спадчына», хоць гэтыя ідэі выглядаюць рамантычна, музеі вялікіх гарадоў лепш падыходзяць для захавання і даследавання мастацкіх каштоўнасцяў. Удасканаленне доступу да Музея старажытнабеларускай культуры пасля рэканструкцыі стане важным крокам у папулярызацыі нашай спадчыны.