Паўразбураныя будынкі крэпасці ўжо ўзялі ў рыштаванні, а тэрыторыю абнеслі будаўнічым плотам. Праект нідзе публічна не прэзентавалі, але «Наша Ніва» адшукала звесткі пра маштабную будоўлю.
Мясцовыя медыя днямі заўважылі будаўнічую актыўнасць на тэрыторыі расійскай крэпасці першай паловы XIX стагоддзя.
Размовы пра аднаўленне крэпасці ў горадзе вядуцца дзесяцігоддзямі. Як і ў выпадку Брэста, нягледзячы на тое, што крэпасць была ўзведзена на месцы гістарычнага ядра, горад так і не змог цалкам уключыць яе ў сваю прастору і напоўніць жыццём. Крэпасць і горад існуюць паралельна, не вельмі перасякаючыся адзін з адным. Былыя крэпасці як сімвалы «рускага свету» на беларускіх землях становяцца прыстанкам праваслаўнай царквы і звязаных з імі мілітарызаваных моладзевых арганізацый.
Прэзентацыя праекта рэстаўрацыі для чыноўнікаў. Фота: mogilevnews.by
Пра тое, што адбываецца ў крэпасці ў Бабруйску, ёсць толькі абрывачныя звесткі ў афіцыйных публікацый, звязаныя з візітам старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі і міністра культуры Анатоля Маркевіча для правядзення нарады па гэтым пытанні. Усе гэтыя публікацыі канцэнтраваліся хутчэй на тым, каб узвялічыць ролю Лукашэнкі ў аднаўленні гістарычнага аб’екта, а не на тым, каб распавесці нейкія падрабязнасці пра сам аб’ект.
Тэрыторыя 3-га палігона крэпасці ўжо агароджана будаўнічым плотам. Фота: bobr.by
Левы рэдзюіт уваходнага плацдарма ў рыштаваннях. Фота: bobr.by
Праект рэстаўрацыі чамусьці вырашылі ні ў якім выглядзе не прэзентаваць грамадскасці. Аднак застаюцца крыніцы, якія дазваляюць разгледзець, што ж у выніку задумалі зрабіць у крэпасці.
Першы этап праекта прадугледжвае аднаўленне земляных умацаванняў і рэстаўрацыю фартыфікацыйных збудаванняў на тэрыторыі 3-га палігона крэпасці. Гэты палігон, як называюць палявыя ўмацаванні ў выглядзе ліній, што злучаюць выходныя вуглы фронту, прыкрываў Мінскую браму — адзін з галоўных уездаў у крэпасць.
Гаржавы рэдзюіт 3-га палігона, які злучаўся пад’ёмным мостам з Мінскай брамай. Мост вёў на другі паверх збудавання. Фота: Яндэкс Карты
Палігон складаўся з комплексу земляных умацаванняў са знешніх і ўнутраных абарончых валоў, рова, плацдармаў і вуглападобнага ўмацавання ў цэнтры — дэмілюн. На плацдармах стаялі цагляныя абарончыя рэдзюіты, якія прыкрывалі брамы артылерыйскім і ружэйным агнём. У рове былі стралковыя эскарпавыя сцены, праход да якіх ажыццяўляўся праз падземныя праходы — сорціі. Для сувязі цэнтральнага гаржавога рэдзюіта і Мінскай брамы быў узведзены мост з пад’ёмнымі секцыямі.
Правы рэдзюіт уваходнага плацдарма. Фота: Яндэкс Карты
Левы рэдзюіт уваходнага плацдарма. Фота: Яндэкс Карты
Да нашага часу захаваліся толькі рэдзюіты, якія засыпаны да ўзроўню другога паверха і засмечаны знутры. Усе абарончыя валы палігона былі зрыты, роў засыпаны, брама, рэдзюіт выходнага плацдарма, эскарпавыя сцены і сорціі разабраны да падмуркаў, а ад драўлянага моста не засталося нават каменных апор.
Усё гэта плануюць адбудаваць нанова паводле праекта, які з 2022 года распрацоўвае праектны філіял «Белрэстаўрацыі» пад кіраўніцтвам архітэктаркі Наталлі Голасавай. Аднаўленне 3-га палігона Бабруйскай крэпасці падзелена на пяць чэргаў.
Праект аднаўлення драўлянага моста, які злучыць гаржавы рэдзюіт з Мінскай брамай. Фота: Белрэстаўрацыя
Першая будзе ахопліваць рэстаўрацыю захаваных левага і правага рэдзюітаў уваходнага плацдарма, руін рэдзюіта выходнага плацдарма і ўзнаўленне страчанага драўлянага моста, які звязваў гаржавы рэдзюіт з Мінскай брамай.
Аднаўленне Мінскай брамы і рэстаўрацыя гаржавога рэдзюіта аднесены да другой чаргі. У адрозненне ад цагляных рэдзюітаў, якія выконвалі чыста ўтылітарную абарончую функцыю, Мінская брама мела і рэпрэзентацыйную функцыю.
Мінская брама ў пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons
Вонкавы фасад брамы быў выкананы ў стылі строгага класіцызму з выкарыстаннем натуральнага каменю, на яе атыку была змешчана фігура двухгаловага імперскага арла. На жаль, чарцяжы другой чаргі пакуль недаступны, а таму нельга сказаць, як праекціроўшчыкі і чыноўнікі вырашылі паступіць з расійскім сімвалам — аднавіць яго як было, цалкам прыбраць ці ўпісаць на яго месца цяперашнія дзяржаўныя сімвалы Беларусі.
У час трэцяй чаргі плануюць аднавіць бастыённыя ўмацаванні: абарончыя валы, эскарпавыя сцены, падпорныя сцены вала і рэканструяваць пад’ёмны механізм драўлянага моста. У чацвёртую чаргу таксама адновяць браму ў горжы дэмілюна. Нарэшце, у пятую чаргу аднесены да ўсяго іншага добраўпарадкаванне тэрыторыі палігона і аднаўленне рова.
Граніцы першай чаргі аднаўлення 3-га палігона пазначаны чырвоным колерам. 1 — гаржавы рэдзюіт, 2 — рэдзюіт правага ўваходнага плацдарма, 3 — рэдзюіт левага ўваходнага плацдарма, 4 — рэдзюіт выходнага плацдарма, 6 — руіны Мінскай брамы. Фота: Белрэстаўрацыя
Работы па першай чарзе плануюць скончыць за пяць месяцаў. Згодна з пашпартам на аб’екце, яны пачаліся ў лістападзе 2024 года і мусяць быць завершаны ў сакавіку 2025 года. Гэта даволі дзіўная сітуацыя, бо ўсе работы выпадуць на зіму, калі звычайна стараюцца абмежавацца ўнутранымі працамі.
Кошт будаўніцтва толькі першай з пяці чэргаў ацэньваецца ў 2,37 мільёна рублёў (каля $723 тысяч).
Фасад рэдзюіта правага ўваходнага плацдарма з пазначэннем дэфектаў і закладак. Фота: Белрэстаўрацыя
Выбар месца для ўзвядзення крэпасці на месцы старажытнага Бабруйска быў зроблены ў 1810 годзе адным з вядучых ваенных інжынераў расійскай арміі Тэадорам Нарбутам, які больш вядомы шырокай публіцы сваімі гістарычнымі працамі.
Пры актыўнай падтрымцы інспектара інжынерных войскаў Карла Опермана Нарбут склаў план будучай крэпасці. Будаўнічыя работы вяліся надзвычай аператыўна, з прыцягненнем тысяч салдат і сялян, бо адчувалася пагроза з боку Напалеона Банапарта, які да таго часу падпарадкаваў сабе большую частку Еўропы.
Да 1812 года будаўніцтва асноўных збудаванняў было амаль завершана. Для яе будаўніцтва быў знесены гістарычны горад, ад якога да сёння захаваліся толькі перабудаваны і напаўзруйнаваны касцёл Святога Станіслава Косткі пры калегіуме езуітаў.
Рэканструкцыя выгляду паезуіцкага касцёла на тэрыторыі крэпасці. Фота: А. Невар
Крэпасць была пабудавана ў адпаведнасці з найноўшымі дасягненнямі абарончага мастацтва пачатку XIX стагоддзя і паспяхова вытрымала чатырохмесячную аблогу ў час руска-французскай вайны, скоўваючы значныя ваенныя сілы французаў, хаця актыўных ваенных дзеянняў тут не вялося.
Другі этап будаўніцтва Бабруйскай крэпасці з узмацненнем земляных умацаванняў мураванымі збудаваннямі пачаўся ў 1819 годзе па праекце Карла Опермана і завяршыўся толькі ў пачатку 1860-х гадоў.
Як і большасць крапасных збудаванняў, Бабруйская крэпасць акрамя асноўнай абарончай функцыі, выконвала ролю турмы. У ліку іншых вязняў тут утрымліваліся ўдзельнікі няўдалага паўстання дзекабрыстаў 1825 года на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу.
Макет фартыфікацыйнай сістэмы Бабруйскай крэпасці. Фота: starcom68
У другой палове XIX ст. з развіццём артылерыі крэпасць страціла сваё абарончае значэнне і ў 1897 годзе як баявая адзінка была скасавана. У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі крэпасці нацысты стварылі канцлагер, праводзілі пакаранні мірных жыхароў.
Самі абарончыя валы былі зрытыя ў 1960-я гады салдатамі танкавай вайсковай часці, якая размяшчалася на тэрыторыі крэпасці. Цяпер за бюджэтныя грошы ў Бабруйску будуць выпраўляць вынікі дзейнасці савецкай ваеншчыны.
Мясцовыя ўлады таксама спрабуюць рэалізаваць інвестарам і іншыя збудаванні крэпасці. Улетку 2024 года яны спрабавалі прадаць за адну базавую велічыню (40 рублёў) рэдзюіт правага ўваходнага плацдарма суседняга 2-га палігона.