Беларусы заўжды любілі рускі рок. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Для расейскіх зорак у Беларусі былі створаны ўсе ўмовы... Але вось загадка — «як немаладыя ўжо людзі, якія залічвалі сябе да сусьветнае рок-супольнасьці і выхоўваліся на антываенных песьнях Піта Сігера, Боба Дылана ды Джона Ленана, раптам выступілі адзіным фронтам за бессэнсоўную і бязьлітасную агрэсію, якую разьвязаў іхны вар’ят-лідэр?». Пра гэта разважае Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org.
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
Як рускі рок трывала засеў у галовах беларусаў
І ў 1980-я, і ў 1990-я, і ў 2000-я беларусы вельмі любілі рускі рок. Слухалі, сьпявалі, цытавалі... Куплялі кружэлкі, хадзілі на канцэрты. Звычайна на буйныя фэстывалі ў якасьці галоўных зорак запрашалі расейскіх выканаўцаў — каб ужо дакладна сабраць народ. Дык — чаго зьдзіўляцца? — гэтыя выканаўцы гучалі па размаітых музычных і навінавых тэлеканалах (у тым ліку, і на «айчынных»), FM-станцыях, мільгалі на старонках глянцавае прэсы, давалі бясконцыя інтэрвію зь любое нагоды, таму беларускаму народу было проста наканавана ведаць іх і любіць.
У людных менскіх падземных пераходах вулічныя музыкі гралі песьні Летава, «Чайфа» і «Чыжа», у караоке сьпявалі Кінчава ды «Караля і шута», кавэрбэнды на розных вясельлях-народзінах-юбілеях фірмы таксама гралі папулярныя песьні расейскіх артыстаў. Усе былі радасныя і шчасьлівыя.
Пра польскі ці літоўскі рок (пры тым, што да Вільні можна было даехаць за паўтары гадзіны) ведалі адзінкі — тыя, хто гэтым адмыслова цікавіўся, а вось расейская музыка трывала засела ў плэйлістах мільёнаў беларусаў.
Адзіным фронтам у падтрымку вайны
Малюнак Лявона Вольскага
І вось раптам пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны і расейскія рок-легенды, яны ж маральныя аўтарытэты і лідэры меркаваньняў, пачалі масава выступаць за гэтую вайну (крывадушна называючы яе бязьлікай абрэвіятурай «СВО»), за «нашых мальчіков» і «дэнацыфікацыю». Ладзіць «патрыятычныя» шоу, запісваць супольныя альбомы ў падтрымку вайны.
І гэта для мяне вялікая загадка — як немаладыя ўжо людзі, якія залічвалі сябе да сусьветнае рок-супольнасьці (рок-музыкі ва ўсім сьвеце падобныя) і выхоўваліся на антываенных песьнях Піта Сігера, Боба Дылана ды Джона Ленана, раптам выступілі адзіным фронтам за бессэнсоўную і бязьлітасную агрэсію, якую разьвязаў іхны вар’ят-лідэр?
Музыку гэтых людзей слухалі і ва Ўкраіне, і яны неаднаразова там выступалі і маглі заўважыць на сваіх канцэртах, што ніякага «разгулу ўкраінскага нацызму» там не адбываецца, і наогул няма нічога такога, праз што трэба было б (гэта для нармальнага чалавека проста дзіка гучыць!) пачынаць вайну. Але падтрымалі.
Гэта было даўно і ня ў нас
Усе памятаюць, якая магутная хваля музычных пратэстаў адбывалася ў Злучаных Штатах падчас вайны ва Ўетнаме, як рэагавалі розныя сэлебрыці на ўварваньне ў Ірак. Не магло быць ніякае размовы пра тое, каб «дзеячы культуры» падтрымалі гэтыя дзеяньні сваёй адміністрацыі. Песьня Бруса Спрынгстына Born In The USA, якую часта падымаюць на шчыт амэрыканскія патрыёты, насамрэч — пра вэтэрана ўетнамскае вайны, які вярнуўся з фронту і ледзьве зводзіць канцы з канцамі...
Скажы пра гэта расейскім музыкам — і атрымаеш адказ: гэта было даўно і ня ў нас. Цяпер іншыя часы, усім і ўсімі кіруюць грошы. Таму ня трэба гэтых неактуальных прыкладаў, мы жывем і зарабляем, як можам.
Часы зьмяняюцца
І сапраўды, усе музыкі з «патрыятычна-ваеннага» сьпісу свае галоўныя песьні напісалі ў 1990-я. Некаторыя не выпускаюць нічога новага па дзесяць і болей гадоў. Безумоўна, па бяскрайніх расейскіх прасторах можна езьдзіць бясконца, нават калі ты маеш толькі адзін хіт, які памятаюць і сьпяваюць народныя масы. Але на праўладных турах плацяць непараўнальна болей. І ты нібыта зноў сапраўды запатрабаваны, змагаесься за звышідэю. Толькі ў дзевяностыя гэтая звышідэя гучала: «Make love, no war», а цяпер «Своих не бросаем! Мы Россия! Мы вместе!» І іншыя агрэсыўныя словаспалучэньні.
Хто б сказаў гэтым артыстам гадоў з дваццаць таму, што яны будуць займацца прапагандай вайны, мог бы ад іх і поўху атрымаць. Але, сапраўды, часы зьмяняюцца. І вось ужо Чыгракоў прыбірае пацыфік зь лягатыпу гурта, Кінчаў крычыць «Гойда!», а Гаркуша бярэ ўдзел у зборцы «Я остаюсь» («годны» адказ тым творцам, якія зьехалі з Расеі пасьля пачатку вайны — Макарэвічу, Грабеншчыкову і Земфіры з Нойзам).
Цікава, ці працягваюць цяпер беларусы слухаць сваіх улюбёных «Чайфаў» ды Чыжоў? Гавораць, што «песьні ж, насамрэч, харошыя, песьні ні ў чым не вінаватыя», ці бязьлітасна чысьцяць плэйлісты, выкідаючы адтуль старыя добрыя расейскія сьпевы, якія патыхаюць настальгіяй па школе (каледжы, унівэрсытэце)?
Беларусы, якіх старанна і мэтанакіравана збліжалі, зьлівалі з усходняй суседкай, але гэты працэс так і не завяршыўся і ўжо, відаць, ніколі не завершыцца.
Краіна з асаблівым шляхам — дагары дном
У Расеі ўсё ня так, як у астатнім сьвеце. Прэзыдэнт з маларухомым ботаксным тварам пагражае Захаду ядзерным выбухам, народ дзеяньні свайго ўраду радасна падтрымлівае (у тым ліку і ядзерны выбух, нібыта не разумеючы, што ў такім выпадку і сам атрымае ядзерны адказ), войска займаецца вызваленьнем Украіны ад украінцаў, большасьць дзеячаў культуры падтрымлівае гэтае так званае «вызваленьне», рок-музыкі ладзяць канцэрты ў падтрымку вайны...
Сапраўды, нейкі асаблівы шлях у гэтай краіны. Зусім асаблівы.
Шлях дагары нагамі. Шлях дагары дном. Шлях наадварот.
Лявон Вольскі, Budzma.org