Супрацьстаянне на ўсходзе Еўропы ахоплівае ўсё больш сфераў і набывае комплексны, шматузроўневы характар. За апошнія некалькі год канфлікт, што пачаўся на Данбасе і ў Крыму, трансфармаваўся ў паўнавартасную дэстабілізацыю ўсяго рэгіёна. Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра літоўска-беларускі транзітны канфлікт і ягоны магчымы ўплыў на сітуацыю ў рэгіёне, а таксама ў перспектыве на лёс бяспекі планеты.
Гібрыдныя дзеянні на межах Польшчы і Балтыі, якія працягваюцца з лета 2021 года, далучылі да працэсаў дадатковыя краіны. А літоўскія транзітныя санкцыі супраць «Беларуськалію» і адказ на іх з боку камандна-адміністратыўнага апарату ў Мінску маюць усе прызнакі эканамічнай вайны, у якую, магчыма, уцягнуцца і іншыя еўрапейскія дзяржавы.
Ужо можна засведчыць, што блакаванне перавозак нафтапрадуктаў з Літвы ва Украіну па тэрыторыі Беларусі, якое распачаў Мінск, закране польскага вытворцу Orlen, кампанію з дзяржаўным капіталам, якой належыць нафтаперапрацоўчы завод у літоўскім Мажэйкяі.
Нягледзячы на заявы прэсавай службы польскай кампаніі аб хуткім перанакіраванні плыняў чыгуначных цыстэрнаў на польска-ўкраінскую мяжу, відавочна, што такія меры адаб’юцца на коштах і тэрмінах перавозак. А ў атмасферы пастаяннага чакання чарговай гарачай фазы вайны гэта можа мець і эканамічныя, і палітычныя, і бяспекавыя наступствы.
Такі крок у адказ з боку Мінска ў сваю чаргу можа даць падставы для контрдзеянняў з боку Польшчы. У першую чаргу эканамічныя, магчыма, звязаныя з транспарціроўкай тавараў праз беларуска-польскую мяжу.
Тым больш, што ў палякаў ужо ёсць падобны досвед, калі падчас найбольш вострай фазы міграцыйнага крызісу Польшча пагражала прыпыніць увесь транспартны рух праз чыгуначны і аўтамабільны пераезд у Кузніцы паблізу Гародні.
Літва была гатовая да контрмераў Мінска
Безумоўна, літоўскія ўлады разумелі, што варта чакаць на адказ пасля эскалацыі супрацьстаяння ў галіне транзіту. Тым больш, летась Вільнюс сутыкнуўся з транзітнымі і гандлёвымі абмежаваннямі з боку КНР пасля фактычнага прызнання літоўскім бокам суверэнітэту Тайваня.
У сувязі з контрмерамі з боку Мінска прэзідэнт Літвы заявіў: «Нам было лёгка прадбачыць і папярэдзіць агрэсіўныя дзеянні з боку Мінска».
Забарона Літвою транзіта прадукцыі «Беларуськалію» і адказ каманднай сістэмы з Мінска знайшлі даволі шырокі розгалас у замежнай прэсе, што падкрэслівае зацікаўленасць сітуацыяй і магчымую ангажаванасць буйных гульцоў у працэсы, якія працягваюцца ўжо не першы год.
Сённяшняе абвастрэнне, здаецца, толькі адзін з хадоў на вялікай шахматнай дошцы.
Літва выявілася своеасаблівым таранам, накіраваным на тарпедаванне кітайскіх інтарэсаў у рэгіёне. Вільнюс наўмысна, нягледзячы на відавочныя эканамічныя страты, пайшоў летась на абвастрэнне ўзаемаадносін з КНР, усталяваўшы афіцыйныя кантакты з Тайванем (з пункту гледжання Пекіна сепаратысцкім утварэннем, над тэрыторыяй якога неабходна аднавіць суверэнітэт Кітайскай Народнай Рэспублікі).
Любыя дзеянні па дэстабілізацыі нават гандлёва-транзітных узаемаадносінаў на ўсходзе Еўропы маюць наступствы не толькі для лакальных гульцоў, але і для сусветных краін-лідараў.
Контрсанкцыі з боку Мінска ў адказ на рашэнне Вільнюса аб спыненні транзіта прадукцыі «Беларуськалію» могуць выклікаць новы віток транзітнага абвастрэння ў рэгіёне. Што немінуча адаб’ецца на транспартным патэнцыяле ў гэтай частцы Еўропы. І патэнцыйна паслабіць пазіцыі Кітая, а таксама эканамічныя сувязі паміж Пекінам, Масквою і Берлінам.
Цалкам верагодна, что менавіта такая стратэгія ляжыць у падмурку чарговага этапу эскалацыі.
Тактычныя захады могуць быць розныя, у тым ліку і ў галіне транзіту. Тым больш, што ініцыятарам вайсковых і кібер абвастрэнняў у рэгіёне даўно выступае расійскі партнёр Кітая.
Шэрыя зоны нестабільнасці
Амерыканскія выданні разглядаюць фактычны пачатак гандлёва-транспартнай вайны на ўсходзе Еўропы выключна ў кантэксце эскалацыі супрацьстаяння ў рэгіёне і свеце, якое адбываецца апошнія некалькі год.
Нельга не ўлічваць таго факту, што Вашынгтон можа быць зацікаўлены ў ціску на кітайскія інтарэсы ў гэтай частцы свету, якая з’яўляецца ключавым элементам у пабудове так званага Новага шоўкавага шляху.
На сайце ўплывовага The Wall Street Journal размешчана меркаванне наконт верагоднай наступнай ахвяры пасля чарговай эскалацыі агрэсіі супраць Украіны.
На думку аўтара, ёй можа стаць Літва, сябра НАТА і ЕС. Верагодная пасіўная рэакцыя захаду адаб’ецца на структуры бяспекі па ўсёй планеце:
«Распаўсюджанне «шэрай зоны» канфлікту на Літву будзе мець наступствы.
Калі ЗША і Еўропа не падтрымаюць Вільнюс, саюзнікі і партнёры Амерыкі ў Азіі хутка трапяць у зону ўплыву КНР.
Такім чынам, лёс бітвы за Тайвань можа быць вырашаны на ўсходне-еўрапейскіх гандлёва-транзітных франтах».
Па ацэнках спецыялістаў, зараз праз Беларусь на захад трапляе каля 5% прадукцыі кампаній з КНР, вырабленых для еўрапейскага рынку, хаця ўвесь час кітайцы пашыраюць геаграфію транзіту (новы перспектыўны напрамак вугорска-ўкраінскі лагістычны хаб, які разглядаецца ў якасці альтэрнатывы).
Але пакуль што тэрыторыя нашай краіны з’яўляецца стратэгічным пунктам эканоміка-палітычнага неафіцыйнага саюза Пекін — Масква — Берлін, да якога Вашынгтон мае неадназначнае стаўленне і жадаў бы яго раскалоць і знізіць уплывы кожнага з яго элементаў.
З гэтага пункту гледжання па значнасці для Пекіна Беларусь можна параўнаць з Тайванем, што знаходзіцца паблізу марскіх шляхоў, па якіх дастаўляюць значную колькасць кітайскіх тавараў у ЕС.
Кітай з моманту абвяшчэння тайваньскай незалежнасці намагаецца падпарадкаваць выспу, якую называюць «вялікім амерыканскім авіяносцам у Паўднёва-Кітайскім моры», каб пазбавіцца ад уплываў і кантролю з боку ЗША ў гэтым рэгіёне.
За мінулы год з новай сілай загучала тайваньскае пытанне, бо Кітай перастаў саромецца агрэсіўных дзеянняў паблізу выспы, адназначных заяваў з артыкуляцыяй прэтэнзіяў на яе.
Такім чынам, Тайвань, як і Беларусь, зноў ператварыўся ў геапалітычнага закладніка, чый далейшы лёс залежыць ад волі вялікіх сусветных гульцоў і які можа стаць плацдармам для рэальнага ваеннага супрацьстаяння паміж магутнымі дзяржавамі.
У сітуацыі з нашай краінай алею ў агонь дадае незгасаючы канфлікт на поўдні суседняй Украіны і манеўры вакол яе межаў расійскіх войскаў, якія цягнуцца ўжо амаль год. У такой небяспечнай сітуацыі Беларусь і Украіна могуць стаць Паўночнай і Паўднёвай Карэямі XXI стагоддзя.
У рэгіёне можа адбыцца так званая проксі-вайна, падобная на падзеі 50-х гадоў мінулага стагоддзя на самым усходзе Азіі. Калі ЗША, СССР і Кітай высвятлялі адносіны і змагаліся за ўплывы на чужой тэрыторыі і коштам жыццяў карэйцаў.
Украіна ўжо адчула і заплаціла эканамічна і фізічна, стаўшы фактычнай арэнай для разборак паміж вялікімі дзяржавамі. Такі лёс транзітных краінаў, якія з’яўляюцца фактычным водападзелам на мяжы цывілізацый. Лёс Беларусі ў падобным кантэксце бачыцца таксама не вельмі зайздросным.
Канфлікт немінуча меў дакаціцца і да нашай краіны. І ўжо не асабліва істотна, якія падзеі справакавалі эскалацыю.
Цяжка здагадацца, на якім этапе вайны знаходзіцца цяпер наш рэгіён, якія і ў якой сферы будуць наступныя крокі. Але тое, што магчымыя наступствы для Украіны і Беларусі асабліва не турбуюць палітыкаў ад Вашынгтона да Пекіна і Берліна з Масквою — можна быць упэўненым.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org