Першая беларускамоўная гарадская гульня «Схватка» пройдзе ў Мінску пад назвай «Слава Воршы ўжо не горша». Яна будзе прысвечана падзеям 500-гадовай даўніны.
Адзін з аргнізатараў гульні Яраслаў Ліхачэўскі распавёў, што падчас роварнай беларускамоўнай гістарычнай гульні да 500-годдзя Аршанскай Бітвы ўдзельнікі пройдуць розныя этапы жыцця тагачасных ваяроў: “Мы вырашылі ўшанаваць гэтую гістарычную падзею і даць магчымасць нашым удзельнікам апынуцца ў той атмасферы даўніны і паўдзельнічаць ў тагачасных падзеях”.
Калі ў вас раптам з’явіўся вольны час на апошнія чэрвеньскія выходныя, то не забівайце больш галаву планаваннем, бо прыгода на ўвесь дзень – лепшы план. Тым больш, што да ўдзельнікаў звяртаюцца самі Вялікі Князь і Вялікі Гетаман:
“Вітаю Цябе, мужны Шляхціц!
Нялёгкія часы надыйшлі для Бацькаўшчыны нашай, Вялікага Княства Літоўскага. Зламысьнік Маскоўскі Князь Васіль на чале 80-тысячнага войска наваліўся на Смаленск, захапіў горад і спаліў яго вагнём.
Але і на гэтым ён не запыніўся! Ён узяў Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Зараз жа рушыў ён сваё войска на Воршу. Калі горад і цьвярдыня падуць, ворагу будзе адкрыты шлях да самага сэрца нашае Радзімы.
Мы, Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонд і Вялікі Гетман Канстанцін Астрожскі, заклікаем цябе, адважны паніч, сядлаць свой баявы ровар і прыбыць у горад Менск не пазьней за 28-га чэрвеня, каб стаць у шэрагі паспалітага рушэньня і выступіць насустрач непрыяцелю!
Хай Бог Вам раіць!”
Такім чынам, удзельнікам гульні трэба будзе хутка сабраць паспалітае рушэнне і выступіць насустрач. Тое, што ад Менску да Воршы крыху далёка, арганізатараў не турбуе.
“У Мінску мы толькі стартуем, — адзначае Ліхачэўскі. – А пасля рушым у маляўнічыя мясціны за горадам. Зразумела, ніхто на роварах да Воршы не паедзе, але за горадам будзе досыць цікавы маршрут”.
Па сцэнары ў прызначаны час каманды збіраюцца ў пэўным месцы Мінска і рушаць да бітвы. Цягам гульні яны мусяць выконваць заданні з якімі прыходзілася сутыкацца шляхцічам тых часоў.
Атмасфера гульні будзе адпаведнай. Арганізатары адзначылі, што ім дапамагалі клубы гістарычнай рэканструкцыі Вялікае Княства, Алтын Тумен і Дзвінская майстэрня.
“Кожная каманда – гэта шляхціц з яго зброяносцамі, якія прыехалі на заклік Вялікага Князя. Гульня структуравана такім чынам, што ўдзельнікі пройдуць ад месца збору і да самай Воршы, дзе і адбудзецца бітва. Мы паспрабуем змадэляваць яе па гістарычных фактах, якія здолелі знайсці. Гульцам прыйдзецца ўсё гэта аднавіць, прыняць удзел у бітве і абавязкова перамагчы”, — распавядае Ліхачэўскі.
Пасля бітвы ваяры Вялікага гетмана адсвяткуюць перамогу падчас піру са старажытнымі беларускімі стравамі і віншаваннем пераможцаў.
Для ўдзела ў паходзе на маскоўскае войска кожны шляхціч з сабой павінен мець:
– Пяро і аркуш паперы, каб рабіць нататкі падчас паходу (нататнік з асадка)
– Паходню, каб асьвятляць свой шлях у цемры (ліхтар дакладна спатрэбіцца)
– Тузін-другі паштовых галубоў, каб адпраўляць весткі вялікаму гетману ці да дому (без мабільнай прылады з выхадам у інтэрнэт не абыйсціся).
Не будзе залішнім і мінімальнае валоданне беларускай мовай. Арганізатары адзначылі, што ніякія яны не моўныя шывіністы, але калі войска збіраецца біцца з Масквой, гаварыць па-расейску ў стане можа быць небяспечна. Усе агенты гульні — людзі, з якімі будуць удзельнікі квэстаў — будуць размаўляць выключна па-беларуску.
“Такім чынам мы хочам стымуляваць удзельнікаў да карыстання беларускай мовай. Але, магчыма, ім прыйдзецца выкарыстоўваць і яшчэ нейкія мовы. Але расейская будзе не ў пашане, бо такога чалавека могуць успрыняць як маскоўскага шпіёна. Усялякае можа быць”, — адзначыў арганізатар.
Маршрут будзе складаць прыблізна 30 км. Дарогі на ім розныя, таму арганізатары не раяць шасэйныя ровары ў тым выпадку, калі вы не любіце насіць ровар на сабе. Час арганізатары называюць каля 4-х гадзін для лідара, але аматарам павольнай гульні прыгодаў хопіць і на ўсю суботу. Тым лепш, што, па словах Ліхачэўскага, задавальненне атрымае не толькі пераможца, але і кожны ўдзельнік.
Унёсак на гульню — 30 даляраў з каманды. Гэтыя грошы ідуць на арганізацыйныя выдаткі, а таксама на ежу і пітво для піра. Падаць заяўку на ўдзел можна праз сайт гульні ці сацыяльную сетку ВК.
Фота: Яўген Шапашнікаў