Словы і музыка для плыты «Шанс/off» былі напісаныя ў другой палове лютага мінулага года ў камеры № 15 следчай турмы горада Жодзіна.
13 лютага 2021 года на базе адпачынку «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне МУС зладзіла аблаву на ўдзельнікаў і гледачоў канцэрта. Гралі ў той вечар гурты РСП, Panska Moc і Ok-Band, агулам міліцыя затрымала 68 чалавек. Большасьць з іх, у тым ліку і музыкі, праз некалькі дзён былі асуджаныя да адміністратыўных арыштаў, якіяі адбывалі зусім недалёка ад месца затрымання — у следчай турме горада Жодзіна, добра вядомай шмат каму з удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Яшчэ праз тыдзень да удзельнікаў гурта РСП дадому з вобшукамі прыйшла міліцыя, шукалі незарэгістраваную сімволіку і іншыя прыкметы «злачынстваў». Аднак нічога не знайшлі, усе музыкі пасля «сутак» вярнуліся дадому.
Праз нейкі час гурт з’ехаў у Кіеў, дзе запісаў новы, бадай самы незвычайны ў сваёй кар’еры альбом «Шанс/off». Увесь ён прысвечаны лірычнаму герою, які расказвае пра свой побыт у жодзінскай турме. І так адзін з самых «народных» музычных гуртоў Беларусі стаў яшчэ больш народным.
21 студзеня РСП прэзентаваў новую праграму ў Кіеве.
«Сёння ў нас незвычайны канцэрт, мы прэзэнтуем канцэптуальны альбом, — расказалі удзельнікі РСП перад выступам. — Год назад мы трапілі ў жодзінскую турму. Так адбылося. Па выхадзе мы далі інтэрв’ю і сказалі, што прэзентуем шансон-альбом. За кратамі мы напісалі восем тэкстаў і музыку. «Разбітае сэрца пацана» сказала, «Разбітае сэрца пацана» зрабіла. Праз год, але гэта не важна. Дзякуем за дапамогу ў яго стварэнні «Радзе беларускай культуры».
А пасля РСП пачалі граць тое, чаму мог бы пазайздросціць нават Міша Круг, калі б дажыў да масавых турэмных пасадак сучасных беларускіх музыкаў.
«Сосны, белый снег і база «Огонёк
И в подвале тлеет красный уголёк
На снегу он белом, словно БЧБ
Но вот ОМОН влетает и не приеду я к тебе
Классный был концерт, играли РСП
Но вот явился мент и все мы в РОВД»
Новая праграма РСП гучыць амаль камерна, па-рэстараннаму. Самае тое для сустрэчаў «адкінуўшыхся» з Жодзіна, Баранавічаў ці Акрэсціна «экстрэмістаў». Ідэальна для ўспамінаў пра шахматы з хлеба, вечаровыя «шмоны», халодны душ у бетоннай скрынцы ці «баланду» з паловай варанай бульбіны і кавалкам селядца на недапечаным хлебе. Ёсць у ёй месца і для любоўнай рамантыкі.
«Моя ты милая, мотаю я „пятнаху“
Замок защёлкнулся и вот я не с тобой, ой-ой
Отдал бы я последнюю рубаху
Чтобы заехать в камеру с тобой»
Паслухаць усё гэта ў невялікі кіеўскі клуб «Сквот 17б» прыйшло каля 50 чалавек. Мяркуючы па рэакцыі, тэксты з новага альбому РСП цалкам адгукаліся ў сэрцах былых сядзельцаў камер беларускіх ІЧУ. Падпяваць людзі пачыналі амаль адразу нягледзячы на тое, што усе чулі гэтыя новыя песні РСП ўпершыню.
«Я сама не сядзела, але за апошні час гэта ўсё для нас стала амаль родным, мы ж усё ведаем з аповедаў сяброў, родных, з артыкулаў. Канешне, там і страшныя рэчы адбываліся, але і такая рамантыка ва ўспамінах у людзей таксама застаецца. Можа, лепш бы не было такіх альбомаў, але калі так атрымліваецца, то трэба ўсё адлюстроўваць у культуры, я думаю», — расказала адна з тых, хто прыйшоў вечарам пятніцы паслухаць «Шанс/off» ужывую.
Хлопцы з РСП тым часам працягвалі расказваць пра прыгоды свайго лірычнага героя за кратамі жодзінскай турмы. Граюць новую праграму толькі два ўдзельнікі — Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі. Аляксандр Кавалёў і Андрэй Асіпчык прадстаўленыя на новым альбоме ў выглядзе гульцоў у шахматы.
Хітом новай праграмы гурта можа лёгка стаць трэк «А письма не приходят». Прычым не будзе дзівам яго пачуць і ў эфіры радыёстанцыі кшталту «Шансон FM».
«Ты напиши, как ты с утра проснулась
И что на завтрак было у тебя
Как твоё тело в душе сполоснулось
И опиши мне кружева белья.
Мне это надо знать, поверь ты, очень
Ведь это греет душу пацану
И мои мысли в эти дни и ночи
О том, как выйду и к тебе приду
А солнце всходит, солнышко заходит
А писем нет
А письма не приходят».
На стрымінгавых платформах «Шанс/off» ад РСП з’явіцца ў бліжэйшым часе. Музыкі кажуць, што не губляюць надзеі адыграць новыю праграму ў Беларусі. Сутарэнні следчай турмы Жодзіна для такога канцэрта будуць найлепшым месцам.
РП, budzma.org