Руфіна Базлова: «Пра маю „выжыванку“ на Зяленскім мне распавёў сябар»

Адкуль вышыванка ад беларускай мастачкі з’явілася ў Зяленскага? Ці рэальна прыдбаць сабе такую самую? Як з’явілася ідэя распавядаць гісторыі ў стылі народнай вышыўкі? Беларускае мастацтва па-за Беларуссю — магчымае?..


Framed in Belarus_Rufina_vyzyvanka.com_photo by Daria Rudko_2.jpg
Руфіна Базлова. Фота Дар'і Рудзько

Руфіна Базлова — 32-гадовая мастачка з Гродна. З 2008-га жыве ў Чэхіі. Пасля 2020-га міжнародную папулярнасць набылі яе «выжыванкі» (аўтарскі тэмін) — па-дызайнерску аформленыя ў стылі беларускага арнаменту гісторыі з пратэстаў у Беларусі.

Зусім нядаўна «выжыванка» ад мастачкі з’явілася на Уладзіміры Зяленскім. На арнаменце: танк, падбіты БТР, калоссе, сілуэты мужчыны з жанчынай, сардэчка... У ёй украінскі лідар выступае падчас відэазваротаў, сустракаецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Распавядаем гісторыю Руфіны, а таксама пра яе погляды на мастацтва і палітыку.

Framed in Belarus_Rufina_vyzyvanka.com_photo by Daria Rudko.jpg
Руфіна Базлова. Фота Дар'і Рудзько

«Зяленскі — кліент брэнду, з якім я працую»

— Як вышыванка з тваім арнаментам трапіла да Зяленскага?

— У траўні да мяне звярнуліся з украінскага брэнду Indposhiv, які робіць мужчынскую адзежу на замову. Прапанавалі зрабіць серыю кашуляў з маімі арнаментамі. Ідэя ў тым, каб вялікая частка грошай з кожнай пайшла на ўкраінскую армію. Яны самі стварылі першыя эскізы паводле маіх арнаментаў. Кажу: «Цудоўна! Давайце выправім» (смяецца). Дарабіла тое-сёе.

Уладзімір Зяленскі. Фота - 'Офіс президента'.jpg
Уладзімір Зяленскі. Фота «Офіс прэзідэнта»

А пасля з’явілася відэа з Зяленскім у гэтай кашулі. Мне сябар даслаў. Ад пачатку я не ведала. Аказалася, што Зяленскі — кліент гэтага брэнду. Не ведаю, ці ён ведаў пра беларускі след у яе стварэнні. Але паколькі ў сацсетках гэта паўсюдна прагучала, а тавар не масавы, то сумняюся, што прэзідэнт набыў нешта выпадковае. Найхутчэй быў у курсе.

Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з Андэем Дудам .jpg
Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з Анджэем Дудам

— Гэта не масавая прадукцыя, у пераходзе яе не купіш?

— Яны зрабілі некалькі варыянтаў. Ад самага таннага да самага дарагога. Самае таннае — гатовы памер і машынная вышыўка. Больш дарагое — індывідуальны пашыў па памеры на выбранай тканіне ды ручная вышыўка.

— Калі б беларусы захацелі такую вышыванку, дзе ўзяць?

— Праз сайт фірмы або напісаць ім у сацсетках. Сама я такой вышыванкі не маю (смяецца). Цікава, што перад Зяленскім такая вышыванка ўжо мільгала на беларускай канферэнцыі дэмсілаў у Вільні. Яе апрануў Віталь Шкляраў. Адно, што ў Зяленскага кашуля была ў колеры хакі, а ў Шклярава — бела-чырвонае спалучэнне.

Вышыванка_Зяленскага_бчб(1).jpg
Фота праекта Indposhiv

— Табе самой які варыянт больш падабаецца?

— Абодва.

Летапіс 2020-га: Багінская, Ціханоўская, рабочыя, «Каскад»...

— Адкуль «выжыванка» з’явілася як жанр?

— Менавіта «выжыванка» — у 2020 годзе. Але ідэя распавядаць гісторыі, стылізаваныя пад беларускі арнамент — годзе ў 2010-м. Тады я зацікавілася славянскай вышыўкай. У 2012-м стварыла комікс, вышыты на падоле спадніцы, дзе паўтараліся першая і апошняя карцінкі. Гэта была гісторыя пра тое, як нараджаюцца жанчыны, пра бясконцасць.

Пасля я пайшла ў тэатральную акадэмію, адвучылася, былі іншыя цікавасці. І тут — 2020 год. Думаю: хмм, што мне было б цікава зрабіць? Што я люблю? Вырашыла вярнуцца да тэхнікі вышыўкі: распавядаць гісторыі. Так паўстала тэма «выжыванкі».

Rufina_01_2012 Feminnature.jpg
Праца "Женокол" (2012), фота з архіва мастачкі

— Ці было разуменне, што ты ствараеш летапіс эпохі?

— Хацелася б. У мяне ёсць 7-мятровая вышыўка «Сага пратэсту», зробленая падчас вялікай выставы беларускага сучаснага палітычнага мастацтва «Кожны дзень» у «Мистецькому арсеналі» ў Кіеве. Там на палатне акурат штодзённасць 2020-га: як людзі выходзілі, Ціханоўская, Багінская, таксіст, які ратуе пратэстоўца, рабочыя, «Каскад»... Уся гэтая гісторыя.

01Every Day-Kyiv-032-Bazlova Rufina-038.jpg
Выстава «Кожны дзень» у Кіеве

02Every Day-Kyiv-034-Bazlova Rufina-018.jpg
Фрагмент вышыўкі «Сага пратэсту»

03Every Day-Kyiv-035-Bazlova Rufina-025.jpg
Фрагмент вышыўкі «Сага пратэсту»

«Агульны вораг. Без перамогі ва Украіне не будзе перамогі ў Беларусі»

— Як ты ўвайшла са сваім стылем ва ўкраінскую тэму?

— Калі ўсё пачалося, у мяне выстава ў Вільні была. Трэба воркшопы рабіць, камунікаваць з людзьмі... А я не магу. Вярнулася ў Прагу з разуменнем, што трэба тэрмінова нешта рабіць. У мяне было шмат фаловераў на інсце — посціла, куды дасылаць грошы. Сама дасылала. Пасля хадзіла збіраць бронекамізэлькі.

Але бачу: тут дапамагае шмат людзей, столькі не трэба. Падумала, што калі такая колькасць дапамагае рукамі, то я магу прыцягнуць увагу візуалам. Так з’явілася праца пра Марыупаль і «рускі вайсковы карабель». Планавала зрабіць з гэтага дабрачынную серыю маек, але ідэя затармазілася. Эскізы засталіся.

Save Mariupol_60x40cm kopie.jpg
Вышыўка «Save Maryupol»

Але нельга сказаць, што я пераключылася на ўкраінскую тэму. Ва ўкраінцаў вялікая традыцыя вышыванкі і дастаткова таленавітых мастакоў, якія з гэтым працуюць. Не адчуваю патрэбы ўваходзіць у гэтую прастору.

Cвае працы я рабіла праз салідарнасць і разуменне: у нас агульны вораг, без перамогі ва Украіне не будзе перамогі і ў Беларусі.

Па беларускіх рэаліях яшчэ працуеш?

— Канечне. З сяброўкай Сафіяй Такар мы разам працуем над мастацкім праектам, які тычыцца палітычных вязняў. Мы прапаноўваем усім жадаючым паўдзельнічаць праз форму framedinbelarus.net. Мэта — сабраць усіх беларускіх палітзняволеных у адным арт-аб’екце.

02Framed in Belarus_process_ 03.jpg
Вышыўка, створаная ў межах праекта #FRAMED IN BELARUS

02FramedinBelarus_TiffanyChin 2.jpg
Вышыўка, створаная ў межах праекта #FRAMED IN BELARUS

«Хачу заставацца незалежнай мастачкай»

— Мастацтва і палітыка — ці мае быць размежаванне? Дзе рэакцыя мастака на падзеі, а дзе мода ці палітычная замова?..

— Яно павінна ісці паралельна. Здаецца, простае пытанне, але — не. Пастаянна з гэтым змагаюся. Бо калі моцна сыходзіш у павестку і пачынаеш абслугоўваць палітычныя структуры — гэта дрэнна. А калі ты праз творчасць выказваеш сваю пазіцыю — гэта іншае. І я стараюся прытрымлівацца другога. Хачу заставацца незалежнай мастачкай.

Workshop in Bialystok.jpgВоркшоп у Беластоку

— Мастацтва зробіць свет лепшым, спыніць вайну?.. Ці гэта ўтопія?

— Калі кажам пра вольнага мастака, то свабода — гэта аснова. Калі пачынаеш некаму служыць — губляеш свабоду. Вытрымліваць баланс свабоды вельмі важна.

 R.I.P. heros_Bondarenko.jpg
Вышыўка ў памяць аб Раману Бандарэнку

— Чым запомніцца перыяд 2020+/- у беларускім мастацтве?

— Насамрэч не паспяваю за ўсім сачыць. Па-першае, усе плакаты, з якімі выходзілі людзі ў 2020-м — гэта унікум з мастацкага пункту гледжання. Я была ўражаная, наколькі людзі крэатыўныя! Яшчэ мне ўзгадваецца праца Надзі Саяпінай. Калі арыштавалі выставу Хаіма Суціна ў Мінску, Надзя прыдумала перформанс «Достояние»: дзеячы мастацтва стаялі са здымкамі канфіскаваных карцін на спінах насупраць QR-кодаў на сцяне. Гэта вельмі моцна.

«Магу рабіць іншыя працы і — рабіць іх якасна!»

— Ці можа белмастацтва існаваць па-за Беларуссю?

— Гісторыя падказвае, што так. Мастак будзе ствараць так ці інакш, дзе б ён ні жыў. Іншае пытанне, ці вызнаюць яго беларускім або не. Як вызначаецца беларускасць: гэаграфіяй пражывання, бэкграўндам, тэмамі?.. Мне проста пашчасціла, што медыі звярнулі ўвагу на «выжыванкі», і панеслася. Але гэта не адзіная тэма, якая мяне цікавіць.

Aula Carolina_Aachen_Charlemagne prize_photo by Herman Josef Pilgram_01.JPG
Выстава ў Ахене, Германія. Фота: Herman Josef Pilgram

— Не баішся, што цябе запомняць толькі па «выжыванках»?

— Зараз гэта галоўнае, што я раблю. Бо лічу важным. Рэшту наўпрост ніхто не бачыць, не капаецца ў тым, што я рабіла раней. У дадзены момант гэта мой выбар. І гэта нармальна. Але ёсць такая небяспека застацца толькі з гэтым... Веру, што так не здарыцца. Ведаю, што магу рабіць іншыя працы і — рабіць іх якасна!

Ein Roter Faden_Rufina Bazlova_Suermondt-Ludwig-Museum_Aachen_photo by Mrs Hassel_01.JPG
На выставе ў Suermondt Ludwig Museum, Ахен, Германія. Фота: Mrs Hassel

Ein Roter Faden_Rufina Bazlova_Suermondt-Ludwig-Museum_Aachen_archive_012.jpg
Фота з архіва Suermondt Ludwig Museum

Для таго, каб прыдбаць стаф з працамі Руфіны Базловай, можна напісаць ёй у дырэкт у інстаграме або фэйсбуку. Прадметы яна вышле поштай па ўсім свеце (апроч Беларусі, бо з Чэхіі пошта не даходзіць).

Алесь Кіркевіч, budzma.org

Фотаздымкі з асабістага архіва Руфіны Базловай