Рыбная калекцыя гарадзенскага токара

23.04.2013 У краіне

Ужо больш за 30 гадоў гарадзенец Сяргей Сабалеўскі збірае ўсё, што звязанае з рыбалкай. Цяпер яго дом — гэта велізарная калекцыя: і маркі і банкноты, і кнігі, і значкі, паштоўкі, і карціны на сценах.

Пра гісторыю свайго збіральніцтва Сяргей можа расказваць гадзінамі:

— Сваю першую калекцыю я пачаў збіраць яшчэ ў 1979 годзе, калі мой выкладчык па фотасправе паказаў нам, школьнікам, сваю калекцыю каляндарыкаў. Штодня я бегаў дадому са школы праз увесь горад і заходзіў у кнігарні. І ў адной з іх купіў кнігу «Сакрэты поспеху» — маю першую кнігу пра рыбалку.

Само захапленне рыбалкай пачалося ў Сяргея з дзяцінства. Ледзь не кожныя выходныя ён праводзіў у вёсцы Нёман у Мастоўскім раёне, дзе працякае рака-цёзка.

— Маё захапленне каляндарыкамі доўжылася практычна да арміі. Вярнуўшыся з арміі, я пайшоў токарам на гарадзенскі «Азот», дзе з 1986 года і працую. Мяне адразу паставілі вучыцца да гарадзенскага калекцыянера Аляксандра Яршова, які працаваў на прадпрыемстве фрэзероўшчыкам. І ён навучаў мяне не толькі працы на станку, але і калекцыянаванню. У 1988 годзе я пачаў збіраць рыбалоўную літаратуру. Вось, да прыкладу, альманах «Рыбалоў-спартовец», які выпускаўся з 1951 года з перыядычнасцю раз у год.

— Як адбываецца абмен або супрацоўніцтва з іншымі калекцыянерамі?

— Я пачаў збіраць літаратуру аб рыбалцы, даваў аб’явы ў часопіс «Рыбалоў», які раней выдаваўся, і сама рэдакцыя даслала мне каля дзесяці адрасоў калекцыянераў, якія збіраюць нешта падобнае. З гэтых 10 трое збіралі кнігі больш сур’ёзна. Пачалі мы перапіску з імі ў 1990 годзе, пошта працавала нармальна да 1992 года, а потым Расія і Украіна зрабіліся замежжам. Тарыфы на перасылку падняліся, і перасылаць кнігі стала нявыгадна. Кніга каштуе капейкі, а перасылка — у два разы даражэй. Вось, да прыкладу, перасылка некалькіх кніг з Расіі каштавала амаль паўтары тысячы рублёў, а гэта — 50 даляраў.

Напачатку 90-х Сяргей пачаў хадзіць у клуб калекцыянераў, дзе ўбачыў маркі і значкі з рыбаловамі і рыбамі.

— І маімі захапленнямі зрабіліся маркі, кнігі і значкі. Затым адзін са збіральнікаў мне паказаў, што на гэтую тэму ёсць таксама і паштоўкі.

Цяпер у зборах Сяргея больш за 1000 паштовак розных краін.

— З дзясятак гадоў таму я пачаў збіраць выявы з рыбамі і рыбалкай на банкнотах, цяпер у маёй калекцыі ёсць вельмі рэдкія і прыгожыя экземпляры.

Калі Сяргей расказвае пра банкноты, на якіх намаляваныя рыбы, яго вочы загараюцца неяк па-новаму.

— На гэтых нотгельдах — па-нашаму, заменнікаў грошай, — намаляваныя паляўнічы і рыбак. Гэтыя грошы даволі рэдкія і амаль не сустракаюцца ў Беларусі. Упершыню я прачытаў пра іх у часопісе «Рыбачце з намі», дзе адзін са збіральнікаў апісаў і расказаў пра рыбу і рыбакоў на банкнотах.

Сярод самых цікавых экземпляраў калекцыі — грошы астраўных дзяржаў. Ёсць, да прыкладу, грошы Карыбскіх, Кайманавых выспаў. А самая прыгожая і самая дарагая сярод банкнот, паводле словаў Сяргея, — гэта банкнота Цэнтральнаафрыканскага саюза.

— Гэтая сапраўдная карціна, на якой выяўленыя ўсе элементы рыбалкі. Удалечыні ловяць сеткай, а на пярэднім фоне — рыбак-прафесіянал і рыбак-пачатковец. За гэтую банкноту прыйшлося выкласці даволі шмат грошай.

А сучасныя грошы Коста-Рыкі вельмі падобныя да латарэйных білетаў.

Сяргей упэўнены, што падобных збіральнікаў у краіне адзінкі.

— Я думаў, што на ўсёй тэрыторыі былога саюза такіх людзей, як я, няма, аднак потым знайшоў іх. Рускія калекцыянеры хацелі даць такому хобі назву «костарыбы» — калекцыянеры старога рыбалоўства.

— Калі я ўпершыню трапіў на сайт да такіх збіральнікаў, высветлілася, што мае зборы — не такія і вялікія. Вось адзін збіральнік з Тулы, да прыкладу, хоча стварыць рыбалоўны музей. Гэта калі ў мяне няма куды класці ўсе гэтыя калекцыі, уяўляю, што дзеецца ў яго.

Жонка і дзеці такое хобі ніяк не каментуюць:

— Маўчаць, але часам кажуць: лепш бы ты, бацька, грошы, якія на гэта выдаткаваў, патраціў на што-небудзь карыснае. Пакуль не адзін з сыноў не хоча нічога збіраць, — шкадуе Сяргей. — Для іх кампутар важнейшы.

 

Размаўляў Андрэй Мялешка

Тэгі: