Пытанне, Як перажыць 2020 год, а дакладней, як перажыць 2020 год і як жыць пасля яго далей, турбуе ўвесь свет, а некаторыя краіны — асабліва. І Беларусь у спісе такіх краін хіба на першым месцы.
У Мінску прэзентавалі вынікі ацэнкі Індэксу ўстойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці за 2019 год. Ці, па адчуваннях, Індэкс устойлівасці ў мінулым жыцці. А таксама абмеркавалі выклікі і наступствы 2020 года.
Індэкс-2019, чаму гэта важна
Пачнём з простага пытання. Што такое, уласна, гэты загадкавы Індэкс? Калі не паглыбляцца ў тэрміналогію і сістэму ацэнак, то гэта штогадовы замер устойлівасці грамадскіх недзяржаўных арганізацый, зарэгістраваных і не зарэгістраваных. Праводзіцца такі замер у 74 краінах, Беларусь уваходзіць у рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Еўразіі разам з 23 іншымі краінамі.
Вылічваюць Індэкс па сямі параметрах: ад стану прававога асяродку да адвакатавання і арганізацыйнага патэнцыялу. І кожная краіна атрымлівае свой Індэкс па шкале ад 7 (самы кепскі паказчык) да 1.
На адзнаку ўплываюць значныя падзеі ў той ці іншай краіне — мясцовыя ці прэзідэнцкія выбары і гэтак далей. Беларускі Індэкс устойлівасці ў 2019 годзе знізіўся з 5,4 да 5,5, мы ўвогуле ўваходзім у лік краін свайго рэгіёна, дзе ўстойлівасць класіфікуецца як слабая. Усяго такіх краін дзве — мы і Азербайджан.
Адмыслоўцы традыцыйна спрачаліся па адзнаках для Беларусі па ўсіх сямі параметрах. У 2019 годзе (хоць мы гэтага ўжо і не памятаем) былі як правалы — менавіта тады вярнуліся затрыманні актывістаў, — так і поспехі: напрыклад, з'яўленне «Моладзевага блоку» і ініцыятыў узроўню «Маршыруй, дзетка». НДА пачалі больш шчыльна супрацоўнічаць з медыя і выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, але і дзяржава паспела стварыць уласныя тэлеграм-каналы, якія працавалі на ачарненне грамадскай супольнасці. І менавіта дзякуючы Індэксу мы можам адсачыць, як тая ці іншая тэндэнцыя змяняецца ў розных краінах.
Але наступіў 2020 год, і нашае жыццё карэнным чынам змянілася.
2020 vs арганізацыі грамадзянскай супольнасці
Экспертаў, якіх запрасілі ацаніць 2020 год у НДА-асяроддзі, папрасілі назваць па тры словы, з якімі асацыюецца год. Прагучалі: «салідарнасць», «стомленасць», «жах», «выпрабаванні», «адкрыцці», «мабiлізіацыя», «шок», «абнаўленне», «кавід» і «выбары».
— Сёлета актывісты адназначна пацярпелі, напрыклад, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, ці «Моладзевы блок» — тыя арганізацыі, большасць сябраў якіх апынулася за кратамі ці была вымушаная з'ехаць, — кажа Ганна Дапшэвічутэ, прадстаўніца БНМС РАДА. — Тое, што недзяржаўны сектар не зачысцілі так, як тое рабілі пасля ранейшых выбараў, паказвае, што форма пратэсту змянілася. Цяпер для ўсіх галоўнае зразумець, як такое адбылося з грамадскай супольнасцю за няпоўны год і ці могуць гэтыя змены стаць фундаментам для стварэння новых ініцыятываў. Да таго ж моцна пацярпелі нішавыя арганізацыі, у чыю павестку вельмі цяжка ўключыць актуальныя грамадскія працэсы. Гэта можа прывесці да таго, што мы проста застанёмся без пэўнага шэрагу НДА, якія працавалі ў сваёй нішы.
— Грамадзянская супольнасць у 2020-м трапіла пад сапраўднае цунамі выклікаў, — мяркуе Валдзіс Фугаш, эксперт Human Constanta. — Прававы асяродак пагоршыўся, пра адвакатаванне казаць увогуле не выпадае, але менавіта НДА выклікаюць сёлета сапраўднае захапленне: калі дзяржава «выключылася» яшчэ ў часы пачатку пандэміі, менавіта актывісты ўзялі на сябе яе ролю. Мы высветлілі, што ўмеем каардынавацца і звычайныя людзі з задавальненнем аб'ядноўваюцца, каб вырашаць лакальныя праблемы.
— Не варта было б «генералізаваць» і даваць адзіную адзнаку ўсяму сектару, маўляў, ён кепскі ці добры, справіўся з выклікамі ці не справіўся, — мяркуе Юрый Чавусаў з Асамблеі НДА. — Практыка паказвае, што тыя ж праваабаронцы аказаліся падрыхтаванымі да працы ва ўмовах прававога дэфолту, якога ніхто не чакаў. Праца ініцыятывы ByCovid увогуле выглядае ўзорнай у агульнасусветнай практыцы, і менавіта з яе пайшлі фонды салідарнасці, якія падтрымліваюць беларусаў падчас пратэстаў. Ёсць арганізацыі, якія часова прыпынілі дзейнасць і чакаюць, пакуль пройдзе бура, каб вярнуцца да праектаў. Развіццё Беларусі ішло эвалюцыйным шляхам, а там, як вядома, выжываюць не найлепшыя, а самыя прыстасаваныя. Цяпер жа, калі правілы гульні змяніліся, казаць пра нейкую ўстойлівасць не выпадае. Грамадскі сектар не здолеў стаць «драйверам пераменаў», якім сталі простыя грамадзяне. Дапамагаў — так. Але драйверам не стаў.
На парозе новай грамадзянскай супольнасці?
Са з'яўленнем дваровых суполак, чатаў і іншых актыўнасцяў у краіне пачала нараджацца новая грамадзянская супольнасць. Якія ў яе перспектывы і ці па дарозе ёй са старымі грамадскімі арганізацыямі?
— Новаму грамадству патрэбнае ўсё тое ж — «грамадская адукацыя» па самых простых рэчах, якія мы як людзі, якія шмат гадоў займаюцца грамадзянскай дзейнасцю, можам не заўважаць ці лічыць відавочнымі. Але попыт на такую «грамадскую азбуку» вялікі. Цяпер наша задача, калі мы працуем з новым грамадствам, — вяртацца да простых рэчаў, — мяркуе Юрый Чавусаў. — Тое самае самакіраванне. Мы цяпер бачым, што ўсе ўмовы для яго ёсць, апроч прававых.
— Не трэба думаць, што, калі сітуацыя супакоіцца, усе гэтыя людзі пачнуць займацца актывізмам і гэтак далей. Шмат хто «згубіцца», але гэта будзе пасля. Калі мы кажам пра дваровыя ініцыятывы як арганізацыі новага кшталту, то наша задача — падзяліцца навыкамі і дапамагчы, — кажа прадстаўніца SYMPA Наталля Рабава. — Проста сітуацыя з самаарганізацыяй выглядае так, быццам «старых» арганізацый і не было, прытым што цяперашняе «абуджэнне» — гэта ў тым ліку і заслуга дзейнасці старых структур.
— Наўрад ці такі вялікі досвед, які атрымалі шараговыя грамадзяне ў актывізме, пройдзе без следу, — кажа Валдзіс Фугаш. — Таму цяпер нам трэба не «кантраляваць» гэты працэс, а далучацца і па меры магчымасцяў задаваць прыярытэты.
Юрась Ускоў, budzma.by