Забойствы, хабары, катаванні. Самыя вядомыя злачынствы ХІХ стагоддзя на прыкладзе Гродна

16.12.2021 Гісторыя

Людзі пачалі здзяйсняць злачынствы яшчэ ў дагістарычныя часы. Крымінал заўсёды прысутнічаў у гарадскім асяроддзі, але на беларускіх землях гэта з’ява пашырылася пасля таго, як землі Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Budzma.org распавядае пра самыя вядомыя злачынствы ХІХ стагоддзя на прыкладзе Гродна, а таксама пра тое, якія метады пакарання прымянялі ў тыя часы.


Забойствы, якія памяталі дзесяцігоддзямі

Брутальнае забойства дзяўчынкі Мар’яны ўелася ў памяць гродзенцаў, згодна з крыніцамі, амаль на стагоддзе. У красавіку 1816 года дзяўчынка Мар’яна Адамовіч не вярнулася дамоў з прагулкі ўвечары, бацькі спахапіліся і пайшлі шукаць сваю дачку. На адлегласці аднаго кіламетра ад дома яны знайшлі цела дзяўчынкі, у яе была адрэзана адна рука, а забілі яе тупым прадметам.

Забойства.jpg

Следчыя тады вырашылі, што забойства мела рытуальны характар. Пад падазрэнне трапілі мясцовыя яўрэі: тут і з’явілася памылковая версія забойства, яна шмат дзесяцігоддзяў была страшылкаю для гродзенцаў. Нібы яўрэі забівалі дзяцей, каб здабываць кроў для свайго традыцыйнага хлеба — мацы.

Пасля гэтай справы вышэйшая судовая ўстанова Расійскай імперыі прыняла пастанову, згодна з якой нельга было абвінавачваць яўрэяў у забойстве дзяцей хрысціян.

Чарговая гучная справа аб забойстве ксяндза Любавіцкага была распачатая 19 лютага 1843 года. Афіцэр пажарнай службы Антон Забельскі пасля працы ў нецвярозым стане па дарозе дадому зайшоў у грамадскую прыбіральню і заўважыў тушу, падобную на свіную, схапіў яе і прынёс дамоў. Дома жонка пажарнага адразу ўбачыла, што гэта не свіння, а чвартаваны труп, і ў паніцы прымусіла мужа аднесці тое, што засталося ад цела, назад.

Пазней стала вядома, што цела належала ксяндзу Любавіцкаму. Па справе аб брутальным забойстве святара праходзіла 7 падазраваных, галоўным з якіх быў пажарны Забельскі — супраць яго высунулі каля 10 абвінавачанняў. Пажарны раней некалькі разоў кепска выказваўся ў бок святара. Сведкі ў гэтай справе адзначалі, што і ксёндз быў не святы, вёў разгульны лад жыцця і часта наведваў «непатрэбных дзевак».

публічны дом.jpg
У публічным доме

У выніку справу так і не раскрылі, пакінулі на «волю Божую», а пажарнага ад тэрміну ўратавала мясцовая хрысціянская грамада, узяўшы яго на парукі.

У 1894 годзе адбылося яшчэ адно брутальнае злачынства — тры п’яныя чыноўнікі завіталі ў публічны дом, але паводзіны іх нельга назваць прыстойнымі. Яны пачалі абражаць гаспадыню «дома цярпімасці», у выніку чаго адзін з іх атрымаў аплявуху. Помста не заставіла сябе чакаць, у адказ чыноўнікі падпалілі публічны дом. У выніку пажару загінула тры чалавекі.

Фінансавыя махінацыі ў памеры гарадскога бюджэту

Здзяйснялі правапарушэнні і высокія дзяржаўныя чыноўнікі. Цягам 1816— 1823 гадоў віцэ-губернатар Максімовіч стварыў схему фінансавых махінацый і паклаў сабе ў кішэню значную частку падаткаў, якія мусілі паступіць у гарадскі бюджэт. Страты бюджэту былі катастрафічнымі для губернскай эканомікі: 16 тысяч рублёў срэбрам і амаль 190 тысяч рублёў асігнацыямі.

дом Максімовіча.jpg
Дом Максімовіча

З-за гэтых фінансавых махінацый Гродзенская губерня была абвешчана банкрутам, затое Максімовіч пабудаваў сабе шыкоўны палац у цэнтры горада. На дзіва, чыноўніка не адправілі за краты, але кампенсаваць страты ён мусіў, і зрабіў гэта закошт сваёй маёмасці.

Праз 10 год справа паўтарылася, толькі з меншымі стратамі для бюджэту. У 1835 годзе чыноўнік Ян Астраміцкі скраў каля 19 тысяч рублёў, а чыноўнікі гарадской думы — каля 20 тысяч рублёў. Сярэдні заробак гродзенца, на хвілінку, складаў тады крыху больш за 20 рублёў!

хабар.jpg

Самую незвычайную афёру ў гісторыі Гродна правярнуў арандатар пераправы праз Нёман Лапін. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя гарадскія ўлады штогод прадавалі права арэнды паромнай пераправы праз раку. Пераправіцца з аднаго берага на іншы каштавала 10 капеек. Зімой жа рака замярзала і людзі маглі перасоўвацца па лёдзе, што было зусім нявыгадна Лапіну. У выніку прадпрымальнік у змове з гродзенскім паліцмейсцерам падкупіў жыхароў вёскі Салы, каб тыя нацягнулі канат і такім чынам стрымлівалі крыгаход, а сяляне з вёскі Пышкі калолі крыгі. Гэта не давала рацэ замерзнуць. Калі афёру выкрылі, было буйное разбіральніцтва, у выніку якога так і не быў ніхто пакараны. Справу закрылі з-за адсутнасці складу злачынства.

У часы паўстання Каліноўскага ў гродзенскіх ваколіцах дзейнічала хеўра ілжэсведкаў. Злачынцы наўпрост грукаліся ў дзверы і вымагалі грошы. Калі людзі адмаўляліся плаціць, тыя пагражалі агаварыць гаспадароў паліцыі, нібыта яны маюць дачыненне да паўстання. Тагачаснае заканадаўства прадугледжвала кару за ілжывыя даносы і вымагальніцтва: злачынца мусіў выплаціць кампенсацыю пацярпеламу боку, а сам мог патрапіць за краты. Хеўру так і не ўдалося затрымаць.

Як каралі злачынцаў

Каб выбіць паказанні ў падазраванага, прымянялі фізічны гвалт, бывала, што падазраванага забівалі і насмерць.

У Гродне адмыслова для пакаранняў злачынцаў у 1847 годзе быў пастаўлены эшафот, побач быў «слуп ганьбы з калодкамі». Спосаб прымянення «калодак» можна параўнаць з сучаснымі «суткамі». За правапарушэнне чалавека закоўвалі ў іх на пэўную колькасць дзён.

катаванні.jpg

Злачынцаў маглі высечы бізуном або плёткай. Дзесяць удараў бізуном маглі забіць чалавека. Жорсткім пакараннем для злодзеяў было клеймаванне, калі на твары разагрэтаю металічнаю пячаткаю ставілі адмысловы знак — «вор» азначала, што гэты чалавек асуджаны за крадзеж, «кат» — чалавек быў на катарзе. «Клеймаваныя» насілі даўгія чолкі, каб прыкрываць пячатку на твары. Гэтае пакаранне было адменена ў 1869 годзе.

клеймаванне.jpg
Клеймаванне

За нязначнае злачынства маглі пакараць царкоўным пакаяннем, кшталту сучаснай «хіміі»: чалавека зачынялі ў кляштары на вызначаны тэрмін, каб ён замаліў свае грахі.

Алесь Масевіч, Budzma.org

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў