Год таму, 3 студзеня 2022 года пайшоў з жыцця слынны дзеяч беларускай культуры Адам Мальдзіс. У дзень памяці гэтага вядомага навукоўца, які шчыраваў на ніве літаратуразнаўства, крытыкі, публіцыстыкі і гісторыі, прыгадваем некаторыя цікавыя факты пра яго.
Дзяцінства
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы пад Астраўцом у сялянскай сям'і. Здаецца, што яму ад самага нараджэння было накавана стаць неабыякавым да мінуўшчыны чалавекам.
Адам Мальдзіс з бацькам Іосіфам Людвікавічам і маці Марыяй Мацвееўнай з дому Вянгроўскіх (1944). Крыніца: кніга «Выбранае» (Мінск, 2007), узята з bis.nlb.by
Сваё дзяцінства на самым сконе савецкай эпохі Адам Іосіфавіч апісваў так:
«Першыя ўражанні: кросны на кухні, драўляны ложак з сенніком, напханым саломай, вялізныя фікусы, з якіх дужа хацелася сашчыкнуць лісты. Жыццё спакваля лягчэла, бо задворніцкі дзед перад смерцю адпісаў нам яшчэ два гектары ворнай зямлі і лапік лесу. У хаце з’явіліся самыя танныя газеты і часопісы. Бацька асаблівай адукацыі не меў, закончыў толькі прыходскую школу. Але быў ад прыроды надзелены цікавасцю да ўсяго, што дзеецца на свеце, любіў «папалітыкаваць», прыгадаць мінулае.
Калі я захварэў, ён па вечарах чытаў мне розныя «дзіцячыя старонкі»з польскіх часопісаў, а потым заахвоціў да самастойнага чытання. Зрэдку дзіцячыя кнігі прыносіла са школы старэйшая сястра».
Адам Мальдзіс – вучань Астравецкай СШ (1949). Крыніца: кніга «Выбранае» (Мінск, 2007), узята з bis.nlb.by
Словам Мальдзіса знаходзім пацверджанне ў пісьменніка Вячаслава Адамчыка, класіка беларускай літаратуры, які ў тым жа самым 1987 годзе пісаў у сваіх дзённіках:
«Нашы простыя сяляне, грамадаўцы, першыя асветнікі, нашы Скарыны ў глухой і беднай саламянай вёсцы трыццатых гадоў умелі цаніць рэдкую, не шматтыражную ў той час, беларускую кніжку.
Яны да канца дзён сваіх заставаліся сціплымі і разам з тым гордымі інтэлігентамі з адукацыяй царкоўнапрыходскай ці народнай школы. Яны ўмелі шанаваць і цаніць роднае слова.
Гэта ад іх на ўцалелых гарышчах, у самаробных куфэрках асталіся невялікія кніжныя скарбы, газетныя падшыўкі, выразкі пра гадоўлю коней, парады пчалярам, пажоўклыя, сёння нідзе і нікім не ўспомненыя заходнебеларускія часопісы з пекнаю і зразумелаю ўсім, яшчэ не скалечанаю беларускаю моваю».
Як і Адам Мальдзіс, Вячаслаў Адамчык паходзіў з Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны час на 18 гадоў стала часткай Другой Рэчы Паспалітай.
Маладосць
У 1951 годзе Адам Мальдзіс паступае на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыць праз пяць гадоў.
Пісаць і актыўна публікавацца ён пачаў у часы студэнцтва. Найперш у газеце «Літаратура і мастацтва», дзе першыя грунтоўныя працы маладога навукоўца пачынаюць з’яўляцца ў 1954 годзе. Так ён напісаў кампліментарны водгук на вядомы раман Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», дзе гаворка ішла пра падзеі ў міжваеннай Польшчы.
Будзе публікавацца таксама Адам Мальдзіс і ў часопісе «Маладосць», які пачаў выходзіць у траўні 1953 года. Яго першыя публікацыі ў гэтым выданні будуць прысвечаныя Станіславу Манюшку, Ігнату Дамейку, Міхаілу Клеафасу Агінскаму — людзям, якія цяпер бясспрэчна не чужыя беларусам у тым ліку і дзякуючы дбанням маладога даследчыка.
Пасля сканчэння ўніверсітэта Мальдзіс накіраваны працаваць сакратаром раённай газеты «Сцяг Ільіча» ў Радашкавічах. Працуючы ў раёнцы, ён будзе выпісваць газеты з краінаў сацлагеру: Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі і ГДР. Там жа пачне перакладаць з польскай і балгарскай моваў. І адзін з перакладаў з балгарскай і надрукуе ў згаданай «Маладосці».
Там жа, у Радашкавічах, ён пазнаёміцца з удавой Браніслава Тарашкевіча і ўдавой Аляксандра Уласава, выдаўца газетаў «Наша Доля» і «Наша Ніва», які фактычна быў хросным бацькам Якуба Коласа ў літаратурнай справе.
Менавіта там, у невялікім беларускім мястэчку, Адам Мальдзіс зразумее, што «няма ў Беларусі мясцін нецікавых і бедных на гісторыю» і канчаткова вырашыць прысвяціць сябе вяртанню беларусам іхняй спадчыны.
Аматар даўніны
Надоўга ў раёнцы Адам Мальдзіс не затрымаецца. Ужо ў 1962 годзе ён скончыць аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, дзе потым і будзе працаваць. Спачатку навуковым супрацоўнікам, а з 1981 года і загадчыкам аддзела беларускай «дакастрычніцкай» літаратуры. На гэтай ніве ён і будзе шчыраваць.
Ужо ў 1966 годзе пабачыць свет ягонае даследаванне «Творчае пабрацімства», прысвечанае беларуска-польскім літаратурным сувязям, а ў 1972 годзе даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя». У 1974 годзе ён апублікуе свае «Таямніцы старажытных сховішчаў, а ў 1980 годзе пабачыць свет твор пад назвай «На скрыжаванні славянскіх традыцый». У 1982 годзе будзе надрукавана праца «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII стагоддзя».
Адам Мальдзіс — адзін з аўтараў шматтомнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры», якая была выдадзена ў 1969 годзе і расійскамоўнай «Истории белорусской дооктябрьской литературы» 1977 года.
Акрамя навуковых прац, Адам Мальдзіс напіша і апублікуе ў 1969 годзе зборнік нарысаў «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе», у 1977 годзе краязнаўчы нарыс «Астравеччына, край дарагі…», аповесць «Восень пасярод вясны» ў 1984 годзе, а ў 1990 годзе знакамітае эсэ «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча». У ім ён распавядзе аб сваім сябры, які нярэдка звяртаўся да яго па кансультацыі.
На сустрэчы ў бібліятэцы АН БССР (1979). Сядзіць Уладзімір Караткевіч, стаіць справа Адам Мальдзіс. Фота з кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», узята з biography.wikireading.ru
Варта адзначыць, што Адам Мальдзіс таксама быў добра знаёмы з многімі літаратарамі і навукоўцамі той пары: Вячаславам Рагойшам, Арсенем Лісам, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Вярцінскім ды іншымі.
У 1969 годзе Адам Мальдзіс падрыхтаваў і выдаў зборнік твораў Адама Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны». А ў 1981 годзе дзякуючы яго дбанням пабачыць свет пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову, які ў свой час быў зроблены прыгаданым ужо Браніславам Тарашкевічам. Мальдзіс дапамог таксама выдаць знакамітую «Літоўскую Гаспадыню».
Вяртальнік з забыцця
Не трэба думаць, што Адама Мальдзіса цікавілі адно польска-беларускія літаратурныя сувязі ў ХІХ стагоддзі. Вяртаў ён і значна бліжэйшую да нас, але пры гэтым добра забытую спадчыну.
Увесну 1968 года ён кіруе ў Саратаў, дзе ў той час жыў Язэп Дыла — адзін з двух жывых на той момант сябраў першага часовага ўрада ССРБ.
Дылу высылалі з Беларусі двойчы: у пачатку 1920-х, але потым дазволілі вярнуцца, і ў пачатку 1930-х — па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паўторна арыштоўвалі ў другой палове 1930-х, але ён цудам абмінуў лёс многіх іншых беларускіх дзеячаў, якія былі расстраляныя ў 1937−1938 гадах. У 1957 годзе былы наркам працы быў рэабілітаваны, аднак вяртацца ў БССР не стаў.
Адам Мальдзіс запісаў у Саратаве аўтабіяграфію Язэпа Дылы, у якой той распавёў пра свой пакручасты жыццёвы шлях, лагічна абмінаючы пры гэтым «вострыя вуглы». Так, Дыла ў той аўтабіяграфіі тактоўна адзначае, што «ў 1930 годзе апынуўся за межамі Беларусі», не называючы сапраўдных прычын. Апускае і некаторыя іншыя дэталі, якія будуць адноўлены спецыялістамі ўжо значна пазней. У красавіку 1973 года ён памрэ ва ўзросце 93 гадоў…
Але ў 1981 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыць свет кніга пад сціплай назвай «Творы». Фактычна — гэта выбранае з творчага даробку, пакінутага Язэпам Дылам. Укладаннем, падрыхтоўкай тэкстаў да друку і каментарамі да іх будзе займацца Адам Мальдзіс.
Гэтая кніга на амаль 350 старонак важная тым, што паказвае, якімі таленавітымі і рознапланавымі былі тыя беларускія дзеячы, што стаялі ля вытокаў беларускага Адраджэння ў пачатку ХХ стагоддзя, а потым прыклалі сваю руку да з’яўлення нацыянальнага руху і паўставання беларускай дзяржаўнасці.
Проста ўявіце сабе, што высланы з Беларусі чалавек пасля ўсяго перажытага не зламаўся, не выракся беларушчыны, не захлынуўся ў паняверцы, але пісаў у 1940-х гадах раман пра часы Старажытнага Полацка, а ў 1950-х складаў успаміны пра людзей, якіх добра ведаў асабіста: Якуба Коласа, Янку Купалу, Цішку Гартнага ды іншых.
Крыніца: «Маладосць»
Гісторык Генадзь Кісялёў так пісаў пра Адама Мальдзіса: «Добра, што ў нашай навуцы, літаратуры, культуры працуе Адам Мальдзіс, сапраўдны рыцар навукі і пісьменства, які, накрэсліўшы на сваім шчыце годны дэвіз, пераможна б’ецца на розных турнірах свету ў славу адзінай Дамы сэрца — Беларускай Культуры. І гэтая Дама, вядома ж, адказвае яму ўзаемнасцю».
Пайшоў з жыцця Адам Іосіфавіч 3 студзеня 2022 года ва ўзросце 89 гадоў. Цягам свайго насычанага жыцця ён паспеў зрабіць мноства важных адкрыццяў, за што атрымаў цэлы шэраг узнагарод, у тым ліку і медаль Францыска Скарыны. У адным артыкуле, пэўна, проста немагчыма пералічыць усе яго дасягненні — настолькі шырокая была сфера інтарэсаў у гэтага чалавека.
FT, budzma.org
Архіўны тэкст. Упершыню апублікаваны 07.08.2022 г.