Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Як шляхта ваявала паміж сабой? Што магло стаць прычынай: маёнтак, млын, зямля, жанчына? Чаму судовая сістэма не заўжды працавала? Ці караліся міжусобіцы паводле Статута ВКЛ? Як і калі нападаць на суседа: уначы ці ўдзень? Ці выкрадалі сваіх ворагаў ды што рабілі з палоннымі?
Вядоўца Васіль Калач — акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання.
Пад канец жніўня 1582 году возны Менскага павету (судовы выканаўца) Марцін Крывіцкі прыехаў ў нейкую шляхецкую сядзібу ды вось, што ўбачыў:
Пабітыя дошкі на варотах, парубаныя аканіцы, шмат параненых. На галаве Міхны Дашковіча было 7 рубленых ранаў. Цівун Юрка Куколевіч прастрэлены з лука ў бок. У Касцюка Кажушковіча была прастрэленая з пулгакі (агняпальная зброя) нага: косць разбітая, а сама нага ледзве трымалася на мясе. Пазней ён памёр. Фёдар Пархімовіч ад цяжкіх ранаў сканаў тут жа, пры возным.
Што гэта было? Маскавіты? Татары? Сялянскі бунт?..
Сёння пагаворым пра шляхцекі наезд або «заезд». Фактычна, спосаб самасуду ці суседскай вайны паміж землеўласнікамі, калі дзяржава стаяла недзе ў баку.
Добра жыць з суседзямі мірна. А калі не атрымліваецца?..
Уявіце сабе сітуацыю, што вы шляхціч і маеце з суседам канфлікт.
За маёнтак, млын ці нават кавалак поля: ад возера вунь да той грушкі на горцы.
Суд вырашыў, што яно — вашае. А сусед не аддае.
Ніякія сродкі забраць сваё па законе — не працуюць. Судовых выканаўцаў той сусед пасылае лесам, а дакументы з рашэннямі нават не бярэ ў рукі: не пускае возных на двор. І так, і сяк...
Урэшце вам гэта надакучвае, вы збіраеце сыноў, радню, слугаў. Раздаеце каму корд, каму мушкет, каму кій. І — едзеце да таго ў госці разбірацца. Гэта класічны шляхецкі наезд.
У нас, ды амаль паўсюдна ў тагачаснай Еўропе былі праблемы з выкананнем судовых рашэнняў. Таму першасна наезды агранізоўваў стараста павету з мясцовым паспалітым рушаннем: каб навесці парадак і законнасць.
Але вельмі часта, у 17 ст і пазней, гэта былі ўжо звычайныя разборкі шляхты без суда. За спрэчную маёмасць, крыўду ці нават жанчыну. Дарэчы, збеглая жонка магла намовіць новага каханка на наезд на двор мужа.
Статут ВКЛ адрозніваў «наезд» — напад коннага аддзелу і «наход» — напад пешых баявікоў (часта сялянаў, якіх мабілізаваў шляхціч).
За несправядлівы наезд былі пакаранні, ажно да смерці, але па законе «наезд» розніўся ад звычайнага разбою, бо там толькі смерць. Ну і на практыцы, скажам шчыра, рэдка каго каралі.
Бакі або мірыліся, або помсілі адно аднаму і так прыходзілі да згоды.
Вось прыклад.
Дзве сям’і — Есьманы і Салагубы, вядомыя на Меншчыне шляхецкія роды.
Прадметам спрэчкі быў маёнтак Кіявец, сёння Валожынскі раён.
Эпізод першы: слугі Салагуба збіваюць на горкі яблык камянямі Багдана Клушыча — цівуна пана Есьмана. Збілі, забралі пояс з калітой (то бок, гаманец з грашыма), шапку.
Праз пару тыдняў іншы служка Салагуба прыехаў у маёнтак Кіявец, які належыў жонцы Есьмана, і застрэліў з рушніцы двух ручных жораваў.
Пасля, людзі Салагуба абстралялі дом Есьмана.
Іншым разам ужо сам Мікалай Салагуб са слугамі заехаў на двор ворага і прастрэліў некаму там плячо. Слугі Есьмана адказвалі падобнымі вылазкамі. І так штотыдзень.
Паралельна ішлі судовыя працэсы, але гэта здаецца ўжо мала каго цікавіла. Есьман і яго прадстаўнікі на суды не з’яўляліся... Ну і кульмінацыя: тая бойня, вынікі якой мы апісвалі на пачатку. Гэта ўжо была помста людзей Есьмана. Што цікава — абодва бакі сумяшчалі прававыя метады, звароты ў суд, з адкрытым гвалтам, ажно да забойства. І гэта, на хвіліначку яшчэ часы Лівонскай вайны — у ваюючай краіне! Як так?..
Праблема была ў тым, што ніхто не хацеў чакаць выніковага судовага рашэння. Гэта магло зацягнуцца на гады. Тым больш, што нават пасля яго не факт што ты адразу атрымаеш грошы ці зямлю, якія табе належаць.
Так, у 17-18 стст. наезд стаў звычайнай справай. Спрачаліся за зямлю, пабудовы, або нават за вырублены лес ці вылаўленую з ставе рыбу.
Звычайна, наезды старанна рыхтавалі, але бывалі і спантанныя акцыі. Скажам, на дарозе не раз’ехаліся прадстаўнікі двух родаў: Дамброўскія і Рыбінскія. Ніхто не хацеў саступаць дарогу. Дайшло да бойкі. А пасля Дамброўскія наехалі яшчэ і на карчму Рыбінскіх. Дарэчы, наехаць на карчму суседа, які табе не падабаецца: падвойная асалода. Спачатку выпіць, пасля спаліць да д’ябла.
Вядомыя выпадкі, калі карчму падпальвалі і ў ёй біліся — да першай крыві!
Наезд, як правіла, адбываўся удзень. Ніхто нават не хаваў твары, таму ў судовых скаргах пасля бачым пералік удзельнікаў.
Наезд уночы лічыўся справай неганаровай, затое — вельмі эфектыўнай. Уявіце, што пад раніцу, калі сон наймацнейшы, на двор заязджаюць коннікі з палаючымі паходнямі, страляюць з мушкетаў, капытамі топчуць слугаў... Праціўнік найчасцей паддаваўся без супраціву ці ўцякаў.
Усё гэта тычылася не толькі землеўласніка і яго сям’і. Для жыхароў двара ці фальварка, слуг і сялянаў наезд быў бядой, не меншай за эпідэмію ці вайну. Толькі здалёк убачыўшы коннікаў суседа, сяляне ўцякалі з поля, кідаючы працу. Хаваліся па лясах і касцёлах. Корчмы пусцелі. Вядомая прыказка: «Паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трышчаць» адтуль, з таго часу.
Былі і іншыя, ужо забытыя: «Да Бога высока, а да караля далёка». Ці «Трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл — з пісталетам».
Вось яшчэ адно апісанне паводле дыяруша Лапацінскага, ужо з 18 ст. У наездзе на Зубаўшчыну каля Мсціслава ўдзельнічала больш трыццаці стральцоў, а слугаў больш дзесятка. Разам 52 коннікі. Была страляніна, сяляне біліся цапамі. Лапацінскі піша:
«З нашага боку былі параненыя кулямі і шаблямі і многа забітых, чалавек дванаццаць. З супрацьлеглага боку — многа больш».
Корсак, уласнік Зубаўшчыны, таксама быў паранены, а аўтар мемуараў рабіў яму перавязку.
Пад раздачу часам траплялі і тыя, хто меў дбаць пра законы, але забываўся на свае абавязкі.
Быў такі полацкі ваявода Сасноўскі. Дык шляхта завітала на яго двор, стала кругам ды павыстрэльвала яму ўсе вокны з воклічамі: «Віват, Сасноўскі! Маршалак Канфедэрацыі!»
З дэпутатамі і суддзямі часта здараліся падобныя гісторыі.
Часам наезд быў толькі дэманстрацыяй сілы. Прыехалі, пастралялі ў паветра ды з’ехалі — папярэдзілі. Часам даходзіла да выкрадання ворага і катаванняў: прывяжуць у лесе голага да дрэва ды высякуць. Ці — дрэва абкладуць саломай і падпаляць. Або ў мех ды ў рэчку...
Наезд быў формай вайны, няхай і суседскай. Гэта быў час, калі насуперак кодэксам гонару маглі не шкадаваць нават жанчын... Хаця, жанчыны таксама прымалі ўдзел, бывала, з пістолем, шабляй ці з кіем у руцэ. Адсюль, дарэчы і этыкет. Усе гэтыя абдымкі, рытуалы, запрашэнні на святы і хрэсьбіны, падарункі.
Бо лепш сябраваць і быць падкрэслена ветлівым, чым варагаваць.
Варажнеча шмат крыві каштуе.
Час шляхецкай анархіі ў нас у 17-18 стст і Дзікі захад у Амерыцы ўжо ў 19 ст. Коні, стрэльбы, кроў... Гэта адваротны бок свабоды. Няма тут чаго хаваць ці саромецца. І падобны — падлеткавы — этап здаровае грамадства, як і чалавек, таксама мае перажыць.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.