Таемная гісторыя шляхты — астралогія, містыка, сны, скарбы, зацьменні. Новы выпуск відэапраекта «Сармат»

Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.


Sarmat

Навошта магнаты замаўлялі сабе прагнозы ў астролагаў? Ці верылі ў гэта? Што магло значыць зацьменне ці камета ў небе? Як шукалі скарбы і навошта прыносіць у ахвяру дзіця? Ці спраўджваліся «прарочыя» сны? Якое месца ў жыцці шляхты займала містыка і далёкія ад хрысціянскіх вераванні?

Вось здаецца, гэта ж «цёмныя сяляне» ажно да ХХ ст. ахвяраванні камяням насілі, ды й зараз носяць. А шляхта — праўдзівыя вернікі, пабожныя, фундатары касцёлаў і цэркваў... Ну, добра, выклікалі ў Нясвіжскім палацы дух Барбары Радзівіл, але гэта ж выключэнне з правілаў. Выключэнне?..

Васіль Калач распавядае пра магію, астралогію, прарочыя сны ды іншыя дзівосы ў жыцці шляхты, якія... нібыта не ўкладаюцца ў кананічны вобраз. А можа — акурат і ўкладаюцца.

Цікавая гісторыя пра Яна Сапегу і спробы адшукаць скарб пад Ляхавічамі

У 1696 годзе нейкі шляхціч прыйшоў да Яна Сапегі з цікавай гісторыяй. 

Ён служыў у часы Маскоўскага патопу ў ваяводы — маскавіцкага. З ім разам адступіў ды там нават прыжаніўся да ягонай дачкі. 

Пасля — яны з жонкай паспяхова збеглі на Літву. Маскоўскі цесць быў няўцешны, але — прабачыў. Ды пакінў дачцэ вельмі дзіўны пасаг: скарб, захаваны ў часе той вайны пад Ляхавічамі. Апісаў месца паміж дарогаў і адмысловы знак. А разам са скарбам нібыта было 12 маскалёў, якіх ваявода загадаў забіць ды прыкапаць: каб срэбра сцераглі. 

Ну і вось, шляхціч кажа Сапегу, давай разам знойдзем і падзелім. 

Зрабілі цэлую экспедыцыю, узяўшы з сабой немца з Вільні, вялікага хіраманта, які ўмеў адкрываць скарбы. Той падпаліў свечку — ага! — пачынаць трэба праз пару тыдняў, калі з’явіцца Сатурн. Пасля немец абвінаваціў шляхціча, што ён няўдаха і яму скарб у рукі не дасца — карацей, усе перасварыліся.

На месцы на той момант ужо выкапалі катлаван, які зацёк вадою... Але гэта не канец. 

Праз паўгады шляхціч зноў прыйшоў да Сапегі з новай фішкай: цыганка параіла, што на месцы, дзе ляжыць скарб, трэ’ забіць дзіця, тады — адкрыецца. Сапега ад такой прапановы троху абульбеў. Але цыганка пайшла на саступкі: ну, не дзіця, добра, можна чорную куру... Сапега махнуў на ўсё гэта рукою і — забараніў пошукі. Таму, як піша мемуарыст Матушэвіч, бацька якога сам ўдзельнічаў у экспедыцыі, скарб недзе там дагэтуль і ёсць. 

Але — не скарбамі адзінымі!

Астралогія і календары з прагнозамі ў жыцці магнатэрыі

Вельмі пашыранай практыкай сярод магнатэрыі ВКЛ была, як не дзіўна, астралогія. З ёй знаёміліся яшчэ ва ўніверсітэтах, бо астралогію выкладалі сярод сямі вольных навук, таксама і ў Вільні.

У нас ведалі таго ж Ціха Браге, астранома, астролага і алхіміка, які тлумачыў сувязі зорных і зямных з’яваў.

Напрыклад, вялікія дажджы будуць, калі Сатурн у Стральцы, Вадалеі, Ільве ці Скарпіёне. А засуха, калі Сатурн у Блізнятах, Марс і Месяц — у Ільве — запомніце і не пераблытайце!

Шырокую хаду мелі календары з прагнозам на год: на вайну, голад, ураджай. Там жа рэлігійныя святы, фазы Месяца, праход Месяца па знаках задыяка, аспекты паміж планетамі. У аўтараў былі свае спонсары з ліку магнатаў. 

Напрыклад, Ян Лятас працаваў пры двары князёў Астрожскіх, а каляндар за 1572 год прысвяціў Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы. У іншыя гады — Канстанціну Астрожскаму, валынскаму ваяводу Аляксандру Астрожскаму, кракаўскаму біскупу Бернарду Масеёўскаму і так далей. 

Свае прагностыкі рабіў такі Юры Лемка (напэўна, з украінцаў лемкаў, што жывуць на памежжы з Польшчай). Ён настойваў, што ў медыцыне вельмі важна ведаць час для лекавання: нават дні і гадзіны! Звяртаў увагу на 4 сезоны, даваў прагнозы на ўраджай, хваробы, а асобна на хрысціян, жыдоў, татараў і туркаў.

Наогул калі глянеш на прысвячэнні ў календарах, друкаваных у Рэчы Паспалітай, дык там уся наша эліта: Сапегі, Хадкевічы, Астроўскія, Гарнастаі, Неміровічы, Тышкевічы, Даніловічы і інш. Адной рукой будуеш касцёл, а іншая — цягнецца да прагностыкаў, што ж там будзе?..

Імпартны астролаг як знак статусу

У бібліятэках магнатаў ды нават у Супрасльскім манастыры захоўваліся выданні па астралогіі, а замовіць сабе імпартнага астролага — было знакам статусу (нат калі ён пратэстант, а ты каталік, не бяда!).

Фанатамі астралогіі былі, канешне, Радзівілы, ну як інакш! Але ўжо з тых часоў захаваліся і ноткі скепсісу.

Так, Януш Радзівіл у лісце Багуславу ўвосень 1653-га лаяў астролагаў Фурмана і Жураўскага. Маўляў, не ўгадалі, а я сам, хай і не матэматык, усё правільна пралічыў — а як не верыш, то глянь нашу папярэднюю перапіску: так усё і сталася. 

Дарэчы, у календары Фурмана, надрукаваным у радзівілаўскай Любчы, было таксама пра сонечнае зацьменне 12 жніўня 1654 года. Зацьменне мела прынесці моцныя змены для Рэчы Паспалітай. Было там пра вайну, голад і розныя жахі.

Дык вось! У само зацьменне — той самы дзень — адбылася Бітва пад Шкловам. Войскі Януша Радзівіла перамаглі маскавітаў, але дарагім коштам: страціўшы лепшых, самых вопытных жаўнераў.

А далей?.. Далей была страшная вайна і катастрофа на 13 гадоў, калі загінула ледзве не палова насельнікаў нашых земляў! Вось і не вер пасля такога...

Дарэчы, з той самай вайны быў і іншы выпадак. Увосень 1655-га падчас аблогі Быхава загінуў нежынскі казачы палкоўнік Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку цара. Дык вось. Калі яго хавалі, яшчэ ў царкве, труп пачаў рухацца, уздымацца, стагнаць як жывы, нібы баліць яму. А ўрэшце — падняў з труны рукі, па якіх пацякла кроў ды закрычаў, каб людзі ўцякалі. Па іншых запісах:

«Агонь, як слуп, з алтара ўзняўшыся, ахапіў усіх, хто быў на набажэнстве, і папаліў, а царква з трупам згарэла»

Вера ў звышнатуральнае

Звышнатуральнае ў тыя часы, у XVI-XVIII стст., было літаральна разлітае ў паветры. Тут чароўныя скарбы з цыганкамі, там хіраманты, якія гадаюць па руцэ, недзе наверсе Сатурн з Марсам... Ну а як інакш, калі смерць ходзіць поруч і забірае без разбору? От жа! Будзеш верыць не логіцы, а знакам. Так, у 1721-м Завіша з вялікай трывогай пісаў аб трох сонцах і слупах на небе, якія моцна змагаліся паміж сабой (а гэта, дарэчы, апошні год Паўночнай вайны, якая пераўтварыла Беларусь у трупярню...). 

А ў 1744-м на небе з’явілася раздвоенае сонца і камета з даўгім хвастом. «З таго часу і да сённяшняга дня, — піша Матушэвіч, — гіне жывёла, ды настолькі, што за апошняе дзесяцігоддзе зараза няспынна ўзнаўляецца, падзёж жывёлы паўтараецца на адным месцы па некалькі разоў»

Ну а падзёж жывёлы, гэта не навіны з ТГ-каналаў, а голад і смерць...

Дарэчы, была і вера ў добрыя ці нядобрыя дні: 13-га і 19-га чысла кожнага месяцу не варта было пачынаць ніякай справы ці ехаць на паляванне, бо — бяда (а пра паляванне ў нас была асобная серыя, калі не глядзелі — раю).

Як тлумачылі сны

Але як спазнаць будучыню? Праз сны, напрыклад. 

Вядома шмат вясковых забабонаў пра сны, напрыклад, прысніш ксяндза ці папа — будзе бяда, а калі гаўно — то да грошай. Але вось і шляхціц Матушэвіч апісвае ў мемуарах: «Прысніў, што злавіў галуба, белага, вялікага, але вельмі худога».

Праз нейкі час жонка нарадзіла яму хворае дзіця. Дзіцятка выжыла, але маці над ім яшчэ пачаравала, напрыклад, «зашывала ў свіное сала»... І гэта ўжо XVIII стагоддзе!

Той жа Матушэвіч апісвае сон, у якім бацька, ужо не жывы на той час, дае яму абразок св. Антонія і нейкія паперы: «Cпатрэбяцца, сыночку!».

А далей былі суды, у якіх Матушэвічу сапраўды трэба былі дакументы з сямейнага архіва, каб перамагчы. Ён іх знайшоў — а побач — маляваны пяром абразок св. Антонія, такі ж, як у сне.

Вера ў алхімію і камяні

Было, панове, усялякага рознага. Засцянковыя шляхцічы, як і сяляне, маглі выганяць у дождж дзяцей на падворак сядзібы, каб бегалі вакол дому са званочкам і адганялі перуны. А вось калі магнаты — дык тыя ўжо будуць разважаць пра алхімію ці камяні. Калі насіць на шыі геліяцынт — ён выклікае пашану ў менш знатных людзей ды адганяе благое паветра. Ад вялікай хваробы — смарагд. А ўжо «філасофскі камень» — гэта сур’ёзна. Там і граф Каліёстра недзе побач, пра якога ў нас таксама ведалі і шапталіся ў салонах. 

На гэтым моманце, панове, я спыняюся. Пра зданяў, ведзьмаў, праклёны —працягнем у адным з найбліжэйшых выпускаў.