Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Ці праўда, што Станіслаў Аўгуст Панятоўскі «пахаваў» Рэч Паспалітую? Эстэт, фантазёр і бабнік — або рэфарматар і палітык у палоне абставінаў? Стасункі караля з Кацярынай ІІ: ад кахання да Realpolitik. Чаму не стаў на чале супраціву і не любіў Касцюшку? Ці меў шанец уратаваць дзяржаву? Памёр сам ці быў атручаны?
Праўда і міфы пра апошняга караля Рэчы Паспалітай — у нашым відэа.
14-га ліпеня 1938-га года, ужо па паўночы, на невялічкай станцыі у Высокім Літоўскім, на Палессі, затрымаўся цягнік — з дачэпленым запламбаваным вагонам. Там быў таемны груз з СССР ў Польшчу, а менавіта — парэшткі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Справа ў тым, што ленінградскі касцёл св. Катажыны меў быць разабраны, а парэшткі захоўваліся акурат там. От і перадалі. Што гэта — дыпламатычны акт добрай волі? Ці — «чорная метка» для Польшчы за год да савецкага нападу?..
Пагаворым пра апошняга манарха Рэчы Паспалітай — «караля Стася», як яго звалі недобразычліўцы. Ці сапраўды гэта быў геданіст, эстэт, бабнік, які прадаў дзяржаву? Або — рэфарматар, рэаліст ды — стваральнік фундамента на будучыню?..
Род Панятоўскіх: выхаванне арыстакрата
Род Панятоўскіх гербу «Цяля» не быў магнацкім, хутчэй сярэдняга звяна шляхта з Берасцейшчыны. Але дзякуючы маме, Канстанцыі з Чартарыйскіх, малады Стась мог чуць сябе магнатам. Бо Чартарыйскія — гэта «Фамілія», адна з кіруючых алігархічных груповак. Гувернёры вучылі хлопца мовам, логіцы, інжынерыі, архітэктуры. У 18 год ён ужо пасол, далей — стольнік вялікі літоўскі. Канешне ж, «гран-тур» (абавязковае падарожжа на Захад, каб зразумець чым жыве свет) — Дрэздэн, Вена, Парыж, Берлін.. Яго ментарам стаў брытанскі дыпламат Чарльз Ханбуры Уільямс. Акурат ён прывёз Панятоўскага ў Пецярбург.
Каханне Панятоўскага і Кацярыны ІІ
І тут, як гром з яснага неба, каханне. Яму 23, малады прыстойны арыстакрат. Ёй 26 — і яна, вялікая княгіня, замужам за царом — Пятром ІІІ. Канешне, размова пра Кацярыну. У іх нават нарадзілася дачка, Ганна, але хутка памерла. Панятоўскі вярнуўся ў Варшаву, а Кацярына ў хуткім часе пазбылася нялюбага мужа ды сама стала царыцай. Але на месца Панятоўскага прыйшлі іншыя, больш маладыя і амбітныя каханкі. Стась і Кацярына сустрэнуцца зна-а-ачна пазней і гэта будуць зусім не рамантычныя адносіны.
На троне тым часам быў Аўгуст ІІІ (паглядзіце відэа пра Сасаў, каб зразумець атмасферу). Краіна ўжо далёка не самастойная — то бок Панятоўскі ані году не жыў у суверэннай дзяржаве. Свае справы вырашаюць дзве асноўныя групоўкі — Патоцкія ды «Фамілія» Чартарыйскіх. Яны абапіраюцца на знешнія сілы, французаў, прусакаў, маскавітаў. Ну і канешне думаюць, што карыстаюцца іх падтрымкай. Насамрэч — выкарыстоўваюць іх.
Станіслава Панятоўскага абіраюць каралём
Урэшце, элекцыя караля ў 1764 годзе. Чартарыйскія мелі выставіць ваяводу рускага Аўгуста Чартарыйскага, дзядзьку Станіслава. Але Кацярына ўзгадала пра свайго колішняга каханка — ды падказала яго кандыдатуру. Расійскі пасол Кейсерлінг нават пытаўся ў Панятоўскага, ці той хоча быць каралём, або ўсё ж хай каралём будзе дзядзька? «Добра — буду» — пагадзіўся. Ну і вось — кампрамісны кандыдат, а затым і кароль — гатовы.
На першы погляд Станіслаў падаваўся ідэальнай марыянеткай, але ў хуткім часе пачаў гнуць сваю лінію — разышоўся з Чартарыйскімі ды атачыў сябе так званым «маладым дваром» — найперш сваімі братамі Андрэем, Казімірам і Міхалам. Яму быў патрэбны новы цэнтр сілы, каб пачынаць.
А што пачынаць? Рэформы! Акурат тое, што не дарабілі Сасы за 60 гадоў.
Але маскавіты ўжо не такія тупыя як 100-200 гадоў таму: а можа, у Пецярбургу ўжо зашмат немцаў ды шведаў, каб праводзіць палітыку больш тонка?.. Яны пачынаюць заліваць грошы ды падтрымліваць апазіцыю, прычым усіх колераў. Так паўстаюць канфедэрацыі: пратэстанцкая, пратэстанцка-праваслаўная, радыкальна-каталіцкая. І ўсе яны — супраць караля! Над усім гэтым калдуе расійскі пасол Рэпнін (нібы Медведчук пару год таму ва Украіне). Шляхта рубіцца за сваю недатыкальнасць, захаванне права «ліберум вета» — то бок права зрываць соймы і паралізаваць уладу... Анархія!
Першы падзел Рэчы Паспалітай і перазагрузка дзяржавы ад Панятоўскага
Для паратунку дзяржавы у 1768 годзе ў Бары на Падолллі паўстала Барская канфедэрацыя: хлопцы нават занялі Вавель і ненадоўга ўзялі ў палон караля. І гэтая акурат заварушка стала нагодай для Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Расія адхапіла землі за Дняпром і Дзвіною, яшчэ кавалак — Прусія і Аўстравугоршчына. Чарговы расійскі пасол Магнус фон Стакельберг (тыпова маскавіцкае прозвішча, праўда?) паставіў каралю ўльтыматум: пагаджаешся або — на тваім месцы будзе нехта іншы. Панятоўскі пагадзіўся — аніякага войска, каб абараніцца ўжо даўно не існавала.
Рэч Паспалітая засталася дзяржавай з каралём, гетманамі, судамі, але дэ-факта — расійскім пратэктаратам. Вось гэты, даруйце, абрубак, але ўсё яшчэ дзяржаву, Панятоўскі і наважыўся перазагрузіць, бо разумеў — гэта апошні шанец, нягледзячы на змрочную цень расійскага пасла ды агентурную сетку ва ўсіх сферах улады.
Кароль верыў, што калі зменіць народ, то ўдасца змяніць і свет навокал. Таму запрашаў тлумы архітэктараў, музыкаў, мастакоў, навукоўцаў, даследчыкаў, адкрываў друкарні, будаваў — тую ж Варшаву.
Адно з каштоўнейшых дасягненняў — Адукацыйная Камісія, якая праз адукацыю мела змяніць чалавека, які жыве ў Рэчы Паспалітай, не толькі шляхціча, але і мешчаніна. Гуга Калантай, Ігнацы Патоцкі, Юльян Урсын Нямцэвіч і іншыя — гэта была каманда маладых рэфарматараў, якія ўзяліся за стварэнне сучаснай дзяржавы. Што казаць, акурат тады ў нас нарэшце перасталі паліць ведзьмаў — прыйшла цывілізацыя (а пра вядзьмарства ў нас было ажно два выпускі).
Прыняцце канстытуцыі 3-га мая
Пік рэформаў — Канстытуцыя 1791-га года. Лічыцца, што пісаў яе сам Станіслаў. Праўкі рабіў Ігнацы Патоцкі. Рэч Паспалітая мела стаць спадчыннай, а не выбарнай, манархіяй. Гэта дало б хоць троху стабільнасці ды пераемнасці курсу. Новыя правы набывалі мяшчане — ужо і яны, не толькі шляхта, ставалі Народам — з вялікай літары. Асновай меў стаць клас уласнікаў — фінансава самастойных людзей — якіх нельга падкупіць, якія самі зацікаўленыя ў дабрабыце дзяржавы (філасофія, амаль як у Айн Рэнд, дарэчы).
Чаму сяляне не браліся ў разлік? Бо яны яшчэ наогул слаба разумелі, што адбываецца. Каб іх падцягнуць да ўзроўня грамадзянаў — патрэбен быў час і адукацыя, не ўсё адразу. Нагадаем, што час абуджэння сялянства надыйдзе яшчэ гадокў праз 70 у лепшым разе.
Цікава, што Канстытуцыя дзіўным чынам аб’яднала вакол сябе нават варагуючыя групоўкі, ды, урэшце, 3-га мая 1791-га была прынятая. Падчас галасавання спачатку руку падняў кароль, а следам і ўсе астатнія. «Народ з каралём — кароль з народам!» — воплескі, эйфарыя, але — ненадоўга.
Жанчыны Панятоўскага
Тут маленькае адступленне. Па плану рэфарматараў, пасля Панятоўскага сталец меў перайсці да роду Веттынаў, Сасаў. Але чаму не да нашчадкаў Панятоўскага?.. Дзіка гучыць, але, як пішуць, адной з умоваў Кацярыны для Панятоўскага-манарха было, каб той не жаніўся. Не таму што старыя пачуцці, а каб — не меў законных нашчадкаў. Таму Панятоўскі да смерці так і застаўся кавалерам.
Жанчыны ў яго, канешне, былі. Напрыклад, Ізабэла з Флемінгаў Чартарыйская, жонка Адама Казіміра Чартарыйскага. У пані Ізабэлы было сямёра дзяцей, усе ад розных мужыкоў. Яе дачка ад караля — Марыя Ганна, якую клікалі «Цялкоўна» (ад гербу панятоўскіх «Цяля»). Муж, дарэчы быў у курсе ды, пішуць, нават сам падвозіў жонку экіпажам да каралеўскага палацу: «онлі бізнэс», як кажуць.
Была яшчэ Ізабэла Любамірская з Чартарыйскіх, жонка Станіслава Любамірскага, вялікага маршалка кароннага. Яны з каралём дык наогул былі кузэнамі. Усіх каханак ды дзяцей Панятоўскага наўрадці атрымаецца злічыць... Станіславу ж карцела мець пастаянную жанчыну: ёй стала Альжбета Грабоўская. Сучаснікі пісалі, што тая мела «цудоўную фігуру ды грудзі, як з мармуру выразаныя». Вось яна, нават пасля зрачэння з трону, паехала за каралём і ў Горадню, і ў Пецярбург, была з ім да канца. Мела чатырох дзяцей, якіх яе муж — генерал Грабоўскі — прызнаваў за сваіх.
Чаму Панятоўскі не падтрымаў паўстанне Касцюшкі
Вернемся да палітыкі. Чаму Расія праспала Канстытуцыю 3-га мая? Бо толькі ў 1790-м скончыла вайну са Швецыяй, а ў 1792-м — з Турцыяй. Вока Саўрона ўрэшце звярнулася на Рэч Паспалітую... стары рэцэпт: група кансерватараў паскардзіліся Кацярыне, што ў іх адабралі вольнасці, ай-ай-ай, а тая — прыйшла на дапамогу. Гэта сумна вядомая Таргавіцкая канфедэрацыя. Вынік — чарговы падзел краіны паміж Расіяй і Прусіяй у 1792 годзе.
У траўні маскавіты рушылі вайсковыя калоны. Наспех сабраная армія Рэчы Паспалітай не магла ім супрацьстаяць, хоць ужо тады адзначыліся Тадэвуш Касцюшка ды генерал Ёзэф Панятоўскі (пляменнік караля) — баі ўсё ж былі.
Шмат пасля пісалі і пішуць дагэтуль: чаму Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не стаў на чале супраціву? Чаму хоць не прыехаў на фронт? З іншага боку, ну прыехаў бы, пасядзеў бы на падводзе, паціснуў рукі — і што?.. Труп караля наўрадці ўратаваў бы дзяржаву ад разбораў. У кожным разе, Панятоўскі — капітуляваў, а ўсе яго рэформы — ляжалі ў руінах.
Паўстанне Касцюшкі кароль таксама не падтрымаў, бо лічыў марным. Касцюшка быў натхнёны прыкладам вайны за незалежнасць у Амерыцы, дзе ўчорашнія фермеры разбілі рэгулярныя войскі брытанскай імперыі. У нас гэты варыянт не прайшоў. Не было таго вольнага фермера з карабінам, які б ваяваў за свабоду і зямлю. Кароль не даў Касцюшку нават сваіх мапаў для арынціроўкі на мясцовасці, хоць меў. Карацей, не любілі яны адно аднаго.
Памёр сам ці быў атручаны?
Пасля — апошні падзел і адрачэнне ад трону. Цалкам зламаны Панятоўскі яшчэ спадзяваўся, што яго выпусцяць ў Італію, але Кацярына баялася, што нешта там будзе камбінаваць або — яго нехта выкарыстае як носьбіта хоць якой легітымнасці. Гэта час прынізлівай высылкі ў Горадню, дзе кароль жыў фактычна пад хатнім арыштам. Пасля Пецярбург — там Панятоўскага пасялілі ў прыгожым знешне, але сырым і брудным ўсярэдзіне Мармуровым палацы графа Арлова. Там у хуткім часе ён і памёр ва ўзросце 66-ці год, нягледзячы на добрае здароўе. Некаторыя пішуць, што атруцілі... Як думаеце? Маглі?..
Што стала з парэшткамі Станіслава Панятоўскага
На пачатку я казаў пра перадачу парэштак апошняга караля ў канцы 30-х з СССР у Польшчу. Цікава, што палякі палічылі ганьбай, каб такі чалавек ляжаў на Вавелі, сярод іншых каралёў. Парэшткі ціха, без розгаласу, завезлі ў Воўчын, на малую радзіму, гэта на Берасцейшчыне. Той касцёл за саветамі разбурылі ды разкралі... Што марадзеры там шукалі? Золата? Карону? Польскія і беларускія даследчыкі, якія на мяжы 80-х і 90-х туды ездзілі знайшлі ўжо толькі абрыўкі некалі шыкоўнай гербавай мантыі, невядома чые косці, смецце ды — пыл. Сумнае, але добрае падсумаванне гэтай гісторыі.
Не хачу быць адвакатам Панятоўскага, але вось вам правакацыйная думка. Чын Касцюшкі, абсалютна правальны ў вайсковым плане, быў патрэбны, каб засведчыць волю да свабоды — са зброяй у руках. Адукацыйныя праекты Панятоўскага, якія не маглі ўратаваць дзяржаву, усё ж заклалі фундамент будучай эліты, якая ваявала ў арміі Напалеона ды ўдзельнічала ў паўстаннях ХІХ ст.
А як вы думаеце? Варта яно таго было? Што меў рабіць Панятоўскі на сваім месцы?..
Папярэднія выпускі відэапраекта «Сармат»глядзіце па спасылцы.