Пра старых добрых «Сашу і Сірожу», якія «засыпают тожэ» наўрадці б нехта ўзгадаў, каб не бура, што паднялася пасля аб’яўкі аб канцэрце ў Пецярбуру і Маскве. Прычым — на сакраментальную дату 23.02 і наступную пасля яе...
Афіша канцэрта «Сашы і Сірожы» ў Пецярбургу і Маскве
Трэш-дуэт некалі складаўся з Аляксея Хацкевіча ды Сяргея Міхалка. Але шмат вады сплыло з тых часоў. У гурце — а зараз гэта гурт — руліць Хацкевіч, які жыве ў Пецярбургу ды працуе ў арт-галерэі «Свіное рыла». Можна зайсці на старонку галерэі, каб адчуць дух і эстэтыку (не самую «скрэпную», мякка кажучы).
Сяргей Будкін заўважыў аб’яўку пра канцэрт ды напісаў у сябе ў фэйсбуку пост абурэння: «Скажыце, што гэта сніцца мне...». Ды — панеслася. Пасыл такі: былі харошыя хлопцы, але абралі бок зла: «няправільную стратэгію». Міхалок нібыта не пры справах, але нават яму было прапанавана выбачыцца ці неяк адхрысціцца ад «СаСі».
Былі і галасы іншага парадку. Сяргей Гудзілін напісаў, маўляў, «разважаць з вольнага свету пра культуру адмены і палітычны выбар тых, хто заблакаваны абставінамі неафашызму, ці фармуляваць гэты выбар за тых, хто не можа нават табе адказаць — белакажуховае блюзнерства».
Радыкальная пазіцыя зразумелая ды — нібыта — лагічная. Калі ты артыст і робіш культурны прадукт для краіны-ворага, то мы адмаўляемся цябе прымаць. Адмена. Падыход скапіяваны з украінскага, дзе немагчыма сабе ўявіць канцэрт Скрыпкі, Вакарчука ці «Бумбокс» у Маскве ці Пецярбургу — анрыял.
Але наша сітуацыя крыху складанейшая. Украінцы маюць большую частку краіны пад сваім кантролем, не гледзячы на «прылёты». Там не толькі працуюць фітнес-залы, але і працягваецца культурнае жыццё: канцэрты, кнігавыданне, арт-выставы. Галоўнае: спонсар генератараў культуры — артыстаў — па-ранейшаму ўкраінскае грамадства.
Малюнак з Фэйсбука Аляксея Хацкевіча
У Беларусі нічога з гэтага немагчыма. Краіна ў змроку рэпрэсій, а ў палітычным плане — сатэліт расіі. Вялікая частка творцаў на эміграцыі. Але галоўны спонсар — не грамада беларусаў, якія таксама знаходзяцца ў эміграцыі (толькі ў Польшчы — 250 тысяч), а сетка фондаў, якія займаюцца падтрымкай беларускай культуры.
Такім чынам, магчымасці для працы і развіцця мае той генератар культуры, які ўпісаны ў схемы фондаў, а не той, які «закатвае» публіцы на эміграцыі ці, у анлайн-фармаце, беларусам у Беларусі. Рэшта творчай публікі аб’ектыўна выкрасленыя з культурных працэсаў, бо
1) знаходзяцца ў Беларусі
2) знаходзяцца ў эміграцыі, але не знайшлі для сябе схем падтрымкі.
Больш за тое, тым стваральнікам культуры, якія не трапілі ў апошні вагон, каб увайсці ў замежныя культурныя праекты, прапануюцца варыянты:
1) з’ехаць і, магчыма, нешта вам тут намалюецца
2) жыць у Беларусі моўчкі.
Усе астатнія варыянты, чытай, калабарацыя ў рознай ступені. Незалежна ад таго, ці даеш ты канцэрт у Пецярбургу або пішаш у газету «Звязда». Гэта — выкрасленыя людзі.
Адмена як падыход для ўсіх, «хто не з намі», у плане гігіены — цалкам слушны. Але чаму ў такім разе толькі творцы? Чаму не злачынства, скажам, ездзіць праз мяжу для тых, хто яшчэ можа?
Чаму не злачынства перадаваць у РБ грошы родным, бо яны ж пойдуць у эканоміку Еўразійскага саюза?
Чаму не злачынства надалей размаўляць па-расійску і спажываць расійскі кантэнт?
Чаму не злачынства хадзіць на імпрэзы/фестывалі/падарожнічаць па свеце ў той час, як краіна тоне ў рэпрэсіях, а побач ідзе вайна?
Дзе, урэшце, мяжа паміж фільтраваннем культуры, якую спажываеш, і інквізіцыяй — калі ты літаральна патрабуеш ад некага публічных тлумачэнняў і выбачэнняў за нешта? Гэта дакладна не тое, супраць чаго змагаецца свабодны свет?..
Падыход «радыкальнай адмены» працуе ў адным выпадку: калі ёсць мабілізаваная супольнасць, якая тую «адмену» пацягне. Калі людзі не проста жывуць сваё жыццё ў эміграцыі, але ведаюць, якім чынам штодня набліжаюць перамогу. Ведаюць алгарытм гэтай перамогі і яе лідараў. Ведаюць, што рабіць, каб штодня на міліметр набліжацца да свайго дому. Урэшце, ведаюць ДЗЕЛЯ ЧАГО маюць слухаць або не слухаць пэўных выканаўцаў.
Вось я не разумею, чаму не маю слухаць і глядзець «Калыханку» ад «Сашы і Сірожы», але — павінен слухаць і глядзець навагодні канцэрт на «Белсаце»? Навошта? Якім чынам ад гэтага Беларусь стане бліжэй? У якім месцы той рэжым, які пануе ў маёй краіне, ад гэтага атрымае страты, а «Новая Беларусь» — бонусы?..
Калі сітуацыі «мабілізаванай супольнасці» няма (а яе няма і не будзе ў бліжэйшым часе), то падобныя развагі пра «адмену» таго ці іншага творцы выглядаюць як пародыя на інквізіцыю або творчасць Бондаравай наадварот. Тая ж таксама вышуквае ў інтэрнэце, дзе там хто псуе кроў «рускім праваслаўным людзям».
Выглядае, што «шэрыя кардыналы ад культуры» нават блізка не маюць стратэгіі, як узаемадзейнічаць са спажыўцом не толькі ў Беларусі, але і ў дыяспары. За рэдкім выключэннем, мне цяжка прыгадаць фільмы, кліпы, кнігі, напісаныя палотны ці раскошныя муралы, створаныя ў замежжы ў 2020-24. Дзе гэта ўсё?..
Адмаўляючы — прапаноўвай.
Але, відаць, няма чаго.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Меркаванне аўтараў раздзела «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.