Роўна 40 гадоў таму, 11 чэрвеня 1982 года, трагічна загінуў Рыгор Семашкевіч. Прыгадваем малавядомыя факты з жыцця гэтага беларускага пісьменніка, які не пражыў і 40 гадоў, але пакінуў па сабе багатую літаратурную спадчыну.
Рыгор Семашкевіч, 1972 г.
Рыгор Семашкевіч нарадзіўся 12 верасня 1945 года ў вёсцы Дамашы пад Маладзечнам у сялянскай сям’і. Захапіўся беларускай літаратурай яшчэ школьнікам, калі вучыўся ў Лебедзеве, а публікавацца пачаў ва ўзросце 14 гадоў. Паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1966 годзе.
У 1963 годзе трапіў у скандал. У студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Свярдлова даваў чытаць сябрам вядомы часопіс «Шлях моладзі», які выдаваўся ў нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі — Вільні. Натуральна, нічога крамольнага ў тым выданні не было, але Семашкевіча разам з іншымі прымусілі выбачацца за чытанне «падрыўной» літаратуры на імправізаваным грамадскім «судзе».
Пісаў Рыгор Семашкевіч прозу, эсэістыку, складаў вершы. Друкаваўся ў «Маладосці», «Полымі» ды іншых тагачасных перыядычных выданнях. Меў вытанчаны літаратурны густ і добрае пачуццё гумару, што знайшло адлюстраванне ў ягоных творах. Згадайма хаця б фрагмент з верша «Аўтабіяграфія», якім заканчваецца яго дэбютная кніга вершаў «Леснічоўка» 1967 года:
Стаў студэнтам, хадзіў хоць калі на лекцыі.
Слухаў такое: «У цэнтры творчасці класіка эн,
У яго геніяльных паэмах і вершах стаіць мужык».
Пяць год у цэнтры стаяў і стаяў той мужык.
Хоць бы прысеў ці прылёг.
Відавочна, што аўтар разумеў праблемы не толькі беларускай літаратуры, але і тагачаснага грамадства ў цэлым. Таму, пэўна, і напісаў у 1968 годзе такое вось чатырохрадкоўе:
Шмат год назад сказаў выдатна Маркс:
Жыццё для чалавека — барацьба.
Відаць, праблема першая якраз
Перамагчы ў самім сабе раба.
Пры гэтым творчасці Рыгора Семашкевіча ўласцівая тонкая лірычнасць і нейкая лёгкая туга. Яскравы прыклад — верш «Пісьмы», які быў напісаны недзе ў пачатку 1970-х:
У вечаровым краі вясковым,
Дзе лёгкі гоман і поскрып брам,
Па пяску прыазёрным кіем сасновым
Пісьмы пішу сябрам.
Пра адзіноту, пра сосен свячэнне,
Пра лодку і шум трысця.
І нешта няяснае, як вызначэнне
Любові ці сэнсу жыцця.
Ненадзейная пошта — я знаю.
Ды гэты вечар бунтуе душу.
А хваля за хваляй ціха змывае
І лодку, і адзіноту і шум.
Мае адрасаты не забывалі
Праз гарызонт працягнуць руку.
Што рабіць мне? З упартасцю хваляў
Пішу на мокрым пяску.
Пасля сканчэння ўніверсітэта Рыгор Семашкевіч працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы Смаргонскага раёна. У 1967–1969 гадах быў аспірантам кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1970 годзе стаў кандыдатам філалагічных навук, а ў 1980 годзе — дацэнтам.
З 1970 года працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў сваёй Alma mater. Акрамя ўласна творчасці займаўся даксама даследваннем літаратуры. Апублікаваў цэлы шэраг літаратуразнаўчых прац па «дакастрычніцкім» перыядзе беларускай літаратуры. Даследваў жыццё і творчасць Браніслава Эпімах-Шыпілы, вынікам чаго стала цэлая кніга.
Прыхільна ставіўся да маладых літаратараў, якім імкнуўся дапамагаць. Паэт Віктар Шніп у сваім дзённікавым рамане «Заўтра была адліга» так прыгадвае сваю сустрэчу з Рыгорам Семашкевічам:
«У 1979 годзе мой сябра з Латвіі Станіслаў Валодзька, здаўшы зімовую сесію, запрасіў мяне на сустрэчу з Рыгорам Семашкевічам, якому ён пакінуў вершы, каб той прачытаў і даў парады, што рабіць з творамі далей. Сустрэліся мы на калідоры філфака. Сеўшы на падаконне, Рыгор амаль паўгадзіны разбіраў творы Станіслава. Мне тады было дзявятнаццаць гадоў і для мяне тая сустрэча з Семашкевічам стала добрым літаратурным урокам, які потым мне доўга дапамагаў у напісанні твораў. Мінула 33 гады, як нестала Рыгора Семашкевіча, але па сённяшні дзень памятаюцца ягоныя строфы:
Вайсковыя могілкі Мінска
Не будуць варот зачыняць.
Спыніся — далёкі ці блізкі, —
Тут маршалы нацыі спяць.
....................................
Купала і Колас...
Раптоўна Адчуеш свабодна зусім —
Не толькі радком загалоўным —
Ты ўсім абавязаны ім.»
Гэта не адзіны патрыятычны верш у творчай скарбонцы паэта. Відавочна, яго захаплялі паўстанцы 1863 года, таму ёсць у яго вершы і пра Кастуся Каліноўскага, і пра Францішка Багушэвіча:
Ніякія годы,
Паходы,
Нягоды Ад нас не адрынуць той час.
І світка мужыцкая днее пагодна —
Ашмянскага крою якраз.
Якія дакоры
Бываюць у гора?
Імжыць праз гады сіратлівы пагляд.
На ўсю Беларусь мільён пракурораў
І толькі адзін, толькі ён адвакат.
Пайшоў з жыцця Рыгор Семашкевіч на 37 годзе жыцця пры даволі загадкавых абставінах. Пісьменнік і мастак Адам Глобус у сваім эсэ «Мінскі авангард» прыгадвае некаторыя акалічнасці:
«Той дзень я запомніў. На запыленым асфальце ў нашым двары валяліся кветкі. Хавалі Рыгора Семашкевіча, які выпаў з акна на пятым паверсе. Беларуская інтэлігенцыя з купленымі букетамі ў руках разьвітвалася зь літаратарам. А тым часам, пад гукі пахавальных маршаў, кватэрны злодзей абрабаваў Уладзіміра Караткевіча».
Рыгор Семашкевіч, 1986 г. Малюнак Адама Глобуса
Семашкевіч быў суседам Уладзіміра Караткевіча, жыў у тым самым «пісьменніцкім» доме на вуліцы Карла Маркса, дзе сёння месціцца кнігарня «Веды». Злодзеяў, якія абрабавалі кватэру Караткевіча, так і не знайшлі. Бытуе версія, што яны маглі скрасці працяг раману «Каласы пад сярпом тваім», які класік так і не завяршыў.
У гісторыі беларускай літаратуры Рыгор Семашкевіч застаўся як след не расчытаным і не ацэненым, нягледзячы на тое, што быў даволі арыгінальным паэтам і празаікам, а многія ягоныя творы не губляюць актуальнасці і цяпер. Ён, відавочна, не ўпісваўся ў сваю эпоху і пачуваўся ў ёй вельмі няўтульна.
У 2017 годзе пабачыў свет аднатомнік выбраных твораў Рыгора Семашкевіча ў серыі «Беларускі кнігазбор», які ўсё яшчэ можна адшукаць у кнігарнях.
Л. Г., budzma.org