Позна ўвечары 20 сакавіка ў вітальню вялікага князя літоўскага зайшла група асобаў. Нехта з візіцёраў узяў качаргу і забіў ёй уладара да самай смерці. Так драматычна скончылася эпоха Жыгімонта Кейстутавіча, які быў адным з галоўных ініцыятараў і дзеючых асобаў крывавай феадальнай вайны 1430-х гадоў.
У дзень памяці гэтага правіцеля прыгадваем цікавосткі з яго жыццяпіса і спрабуем разабрацца: а ці праўда ён быў такім, як яго нам падаюць летапісы і хронікі?
Жыгімонт Кейстутавіч
Жыгімонт быў сынам Кейстута і малодшым братам Вітаўта Вялікага. Калі бацька і брат былі жывыя, ніякай заўважнай ролі ў жыцці Вялікага Княства Літоўскага ён не адыгрываў. Жыгімонт Кейстутавіч заўжды быў на другасных пазіцыях і лічыўся палітыкам слабым, хаця і меў даволі пакручастую біяграфію. Але ўсё рэзка памянялася, калі ўвосень 1430 года старэйшы брат пайшоў з жыцця, а ў княстве распачалося зацятае змаганне за ягоную спадчыну.
Вялікае Княства Літоўскае — самая буйная дзяржава ва Усходняй Еўропе таго часу, пагрузілася ў змрочную дынастычную вайну, якая ў выніку магла прывесці яе да распаду сама меней на два вялікія кавалкі. Амаль на цэлае дзесяцігоддзе былыя родзічы сталі кроўнымі ворагамі ў змаганні за ўладу і ўплыў.
Яшчэ пры жыцці Вітаўт Вялікі так і не здолеў узвысіцца да ўзроўню свайго стрыечнага брата. Ягайла, зрабіўшыся каралём польскім, заставаўся пры гэтым і вялікім князем літоўскім. А Вітаўт быў як бы «пры ім». Парадокс, але на момант смерці Вітаўта тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага дасягнула свайго максімальнага памеру — такім вялікім княства яшчэ ніколі не было і ўжо не стане пасля.
Карціна «Вітаўт Вялікі» Мсціслава Дабужынскага, 1930 год.
Як толькі Вітаўт зразумеў, што цяпер ён сапраўдны гаспадар на Літве, адразу ўзяўся за цэнтралізацыю ўлады — многія мясцовыя князі і князькі ўсё яшчэ захоўвалі самастойнасць ад Вільні і імкнуліся праводзіць уласную палітыку. Гэта ніяк не ўкладалася ў той фармат гаспадарства, які ён імкнуўся ўвасобіць — ніхто не меўся яму замінаць разбудоўваць сваю імперыю. Таму княствы касаваліся, пасады тасаваліся, а нехта нават памёр ад атручвання.
Стаць другім у гісторыі пасля Міндоўга літоўскім каралём Вітаўту Вялікаму так і не давялося, хаця захады такія былі зроблены. За год да сваёй смерці Вітаўт пагадзіўся прыняць карону, не супраць каранацыі быў і Ягайла, але пасля ціску польскіх элітаў вымушаны быў адмовіцца ад сваіх словаў. Сюжэт аб скрадзенай кароне, якую везлі з Рыма на Літву даволі часта сустракаецца ў беларускай літаратуры, бо стаў добрай матывацыяй для нашых творцаў. Так ці іначай, але Вітаўт Вялікі зрабіў усё, каб увайсці ў гісторыю ВКЛ, як магутны ўладар. Магчыма, гэта самы ўплывовы з усіх вялікіх літоўскіх князёў.
Пасля яго смерці вялікім князем літоўскім нечакана стаў Свідрыгайла Альгердавіч — малодшы брат Ягайлы. Ужо з маладых гадоў ён меў вялікія амбіцыі і ўвесь час спрабаваў праявіць сябе на палітычнай ніве, але тое не заўжды пазітыўна сканчалася для яго самога. А сам факт абрання Свідрыгайлы вялікім князем ставіў краіну ў складаную сітуацыю, бо працэдура адбывалася без удзелу Польшчы.
Свідрыгайла
Паводле ранейшых дамоўленасцяў паміж польскімі і літоўскімі элітамі, якія некалькі разоў мяняліся, Вялікае Княства Літоўскае павінна было па смерці Вітаўта або проста адысці да Польшчы, або гаспадарыць там павінен быў уладар, якія быў бы прызначаны Ягайлам. Зрэшты, стаць уладаром Літвы мог і сам Ягайла, бо перад смерцю Вітаўт перадаў менавіта яму свае ўладанні.
Карціна «Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы» Войцэха Герсана, 1873 год
Гісторыкі, расчытваючы і аналізуючы дакументы таго часу, спрачаюцца і цяпер: Свідрыгайла быў сапраўды абраны літоўскай элітай, а брат толькі пагадзіўся з такім рашэннем, або было роўна наадварот. Гэта старэйшы брат пасадзіў на трон малодшага, а літоўская знаць вымушана прыняла волю польскага караля.
Так ці іначай, але маем яўную палітычную інтрыгу, якую наўрадці нехта здолее ўжо развязаць. Бо кожны з бакоў у гэтай гісторыі меў, відавочна, свой інтарэс: палякі называлі тое «захопам» вітаўтавай спадчыны, а літвіны настойвалі на адзінагалосным «абранні» новага вялікага князя. Ягайла дык наогул аказаўся ў сітуацыі няпэўнасці, бо хацеў прызнання вяршэнства сваёй улады над Літвой, як тое было пры Вітаўце, а знаць рабіць гэтага не спяшалася.
Ягайла
І вось тут пачынаецца канфлікт інтарэсаў, які ўласна і прыводзіць да крывавай бойні. Польскія эліты не вельмі і збіраліся прызнаваць новаабранага літоўскага князя — 2 гады перамоваў ні да чаго канкрэтнага ў выніку не прывялі. А Свідрыгайла, які ачоліў княства, зрабіў даволі нечаканы, хаця і цалкам лагічны крок — вырашыў скасаваць унію з Польшчай і імкнуцца да максімальнай самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага. Сітуацыя ў выніку прывядзе да канфрантацыі паміж краінамі, якая ў перспектыве можа перарасці і ў збройнае супрацьстаянне. Пачаткам яго можна лічыць непрацяглую Луцкую вайну 1431 года, якая скончылася ў выніку спартыўнай нічыёй.
Свідрыгайла быў даўнім супернікам Вітаўта Вялікага, таму цалкам лагічна, што, заняўшы вакантнае месца ўладара, ён пачаў мяняць усё на ўласны капыл. Узгадаваны на ўсходзе сённяшняй Беларусі — у Віцебску, ён спавядаў каталіцызм. Хрышчаны быў разам з братамі ў 1386 годзе ў Кракаве пад хрысціянскім імем Баляслаў. Але ва ўласнай палітыцы абапіраўся менавіта на «рускія» тэрыторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што выклікала незадаволенасць у каталікоў. Пры гэтым добрыя кантакты наладзіў таксама і з Тэўтонскім ордэнам, які абавязаўся падтрымаць у выніку новай вайны з Польшчай. Таму і не дзіва, што неўзабаве супраць Свідрыгайлы саспела змова раз’юшанай літоўскай знаці.
На чале змоўшчыкаў, якія паспрабавалі забіць Свідрыгайлу ў Ашмянах у ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1432 года, стаяў Жыгімонт Кейстутавіч — чалавек безкампрамісны, недаверлівы, з неверагодна цяжкім характарам. Прынамсі, менавіта такім яго падаюць дакументы таго часу. Малодшы брат Вітаўта, хаця і не быў такім амбіцыйным, імкнуўся ставіць пытанні рубам і гэтаксама іх вырашаць. Без лішніх ваганняў і сантыментаў. Разам з тым кола змоўшчыкаў не было такім шырокім, як можна было б падумаць. Гэта быў самы сапраўдны пераварот у класічным разуменні гэтага слова.
Калі забойства ў Ашмянах не ўдалося, Свідрыгайла са жменькай верных асабіста яму людзей уцёк у Полацк, дзе быў прыхільна сустрэты мясцовай знаццю. Гэтая «руская» частка Вялікага Княства Літоўскага стане на пэўны час сапраўдным апірышчам для Свідрыгайлы, які пачне ў хуткім часе збіраць там сілы з мэтай паходу на Вільню і вяртання ўлады сабе.
Жыгімонт таксама не будзе губляць час, седзячы ў літоўскай сталіцы. За даволі хуткі час ён не проста адновіць скасаваную папярэднікам унію, але і наладзіць папсаваныя раней прыязныя стасункі з палякамі. А следам пачне сілай прымушаць вызнаваць ягоны суверэнітэт — як ні круці, але Свідрыгайла да замаху у Ашмянах і фактычнага перавароту быў легітымным уладаром, у той час як Жыгімонт проста ачоліў адну з груповак літоўскай знаці.
Адзін за адным уладзе новага гаспадара пачнуць падпарадкоўвацца гарады: Берасце, Менск, Драгічын... Прыроднай мяжой паміж уладаннямі двух гаспадароў стане рака Бярэзіна, якая падзеліць Вялікае Княства Рускае са сталіцай у Полацку і Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Вільні. Прычым кожны з уладароў у гэты час карыстаецца падтрымкай на падкантрольнай яму тэрыторыі. І ў гэтым ёсць свая логіка, бо разлік змоўшчыкаў на тое, што ім удасца ціха прыбраць Свідрыгайлу, не спраўдзіўся. А іх публічнае тлумачэнне перавароту не магло не абурыць праваслаўных.
Свідрыгайла здолеў не толькі выжыць, але і перацягнуць на свой бок многіх. У канцы восені 1432 года адбываецца першы паход Свідрыгайлы на Літву — ён не сустракае амаль ніякага супраціву, але ўсё мяняе бітва пры Ашмянах, якая адбылася 9 снежня. Ініцыятыва была на баку Свідрыгайлы, ён жа меў значна большыя чалавечы рэсурсы. Але ў выніку лютай сечы, якая прывяла да вялікіх стратаў з абодвух бакоў, выходзіць абсалютным пераможцам Жыгімонт. Свідрыгайла зноў вымушаны бегчы ў Полацк. Не прынясе яму ўдачы і новы паход, які ён арганізуе ў 1433 годзе.
У выніку дынастычнай вайны Жыгімонт будзе вымушаны адысці ад звыклых ідэалагем і стаць сапраўдным майстрам палітычнай эквілібрыстыкі. Ён перастане лічыць, што толькі каталікі павінны мець выключныя правы і пачне шукаць хаўруснікаў у тым ліку і на непадкантрольных яму «рускіх» землях. З іншага боку будзе бязлітасна рэпрасаваць нелаяльных да яго прадстаўнікоў літоўскай знаці. Весьці адначасова перамовы з ордэнам, каб аслабіць пазіцыі Свідрыгайлы і рыхтавацца да вайны. У стасунках з Польшчай будзе таксама няпэўнасць — Жыгімонт хаця і аднавіў унію, а потым некалькі раз яе пацвердзіў, так і не атрымае адчувальнай падтрымкі ад палякаў, каб вырашыць свае праблемы. З часам ён да гэтых пытанняў пачне ставіцца прагматычна — шукаць залатой сярэдзіны паміж саюзам дзяржаваў і поўнай самастойнасцю. Безкампрамісным ён застаецца хіба што ў дачыненні да Свідрыгайлы і ягонага атачэння. Калі палякі затрымаюць і перададуць яму свідрыгайлавых паслоў, той нават не раздумваючы пакарае іх смерцю.
Паступова Жыгімонт набраў палітычную вагу ў княстве, а канчаткова акцэнты расставіла Вількамірская бітва, якая адбылася 1 верасня 1435 года. Там войска Свідрыгайлы было зноў разбіта, гэтым разам ужо канчаткова і безпаваротна. Болей рэсурсаў, каб сабраць новае войска ў яго проста не засталося. Свідрыгайлу давялося развітацца з марамі аб тым, каб вярнуць уладу сабе. Суцяшальным прызам для яго стане хіба што вяртанне Луцкай зямлі ў 1436 годзе. А Жыгімонт з той бітвы выйшаў абсалютным трыумфатарам.
Але баляваць яму давялося нядоўга, бо ўжо 20 сакавіка 1440 года яго самога заб’юць свае ж падданыя ва ўласнай вітальні. Чаму так адбылося? Версій існуе мноства, але падаецца, што адказ на паверхні. Самы вядомы — Жыгімонта пакаралі смерцю за ягоную жорсткасць, маўляў, збіраўся «извести» знаць. Менш вядомая — пасля канчатковай перамогі над Свідрыгайлам ён стаў пачувацца самадастаткова і пачаў праводзіць антыпольскую палітыку, шукаць сяброўства з крыжакамі. Яны, як бы памяняліся месцамі, бо Свідрыгайла яшчэ ў 1437 годзе здолеў пайсці на дамову з палякамі. Падданыя не хацелі чарговай канфрантацыі з польскай каронай, таму і прыбралі князя-самадура. Самая рэалістычная — у канцы 1439 года суперніцтва паміж некалькімі групоўкамі ўнутры літоўскай знаці настолькі абвострылася, што прымусіла адну з іх пайсці на такі адчайны крок.
Як бы там ні было насамрэч, але гэтым разам забойцы ніяк не патлумачылі свае дзеянні. Мы нават не ведаем поўнага спісу тых, хто браў у змове ўдзел, а гэта падзея важная, бо ледзь не спіхнула Вялікае Княства Літоўскае ў крывавую прорву чарговай міжусобіцы.
Па жорсткай іроніі лёсу Жыгімонт Кейстутавіч, які і сам у свой час арганізаваў ды ажыццявіў пераварот, стаў ахвярай такой самай змовы. Ён думаў закласці новую дынастыю, але ў яго гэта не выйшла. У гісторыі ён застаўся тым вялікім князем, якога да смерці забілі качаргой ва ўласнай вітальні свае ж падданыя.
Ф.Т., budzma.org
Глядзіце яшчэ: