Вандруем разам з «Будзьма!»: Што паглядзець у Шаркаўшчынскім раёне. Частка першая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Беларусі. Сёння прапануем наведаць Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці, колішнюю Дзісеншчыну. Тут нас чакаюць старасвецкія палацы, велічныя касцёлы, праваслаўныя цэрквы, колішнія сінагогі, помнікі прамысловай архітэктуры, сцежкі нязломных патрыётаў СБП, выбітнага мастака Язэпа Драздовіча ды шмат іншых цікавостак. Такім чынам, прапануем рушыць наступным шляхам: Гарадзец — Лужкі — Германавічы — Шкунцікі — Радзюкі — Шаркаўшчына.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Гарадзец

Пачнем нашае падарожжа з вёскі Гарадзец, якая ўтварылася на рацэ Мнюта. Жыццё тут віравала ўжо ў ІХ—XІІ стагоддзях. Тое, што ў азначаны перыяд тут існавала ўмацаванае паселішча, было пацверджана археалагічнымі раскопкамі на гарадзішчы над Мнютай, ці, як называюць яе месцічы, на Замкавай гары. Магчыма, тут быў адзін з заходніх фарпостаў Полацкага княства, які страціў сваю ролю пасля велькага пажару. У пісьмовых жа крыніцах двор Гарадзец узгадваецца ў 1519 годзе як уладанні роду Сапегаў.

2.jpg

Насупраць гарадзішча на ўсходняй ускраіне вёскі варта звярнуць увагу на даволі высокі насып. Паводле мясцовага падання, гэта курган, насыпаны вельмі даўно пасля нейкай велькай бітвы. Так яно ці не, хто ўзгадае, але вядома, што гэтае месца месцічы ўшаноўвалі здаўна, а напрыканцы ХVІІІ стагоддзя тагачасны ўладальнік мястэчка Антоній Жаба фундаваў тут будаўніцтва капліцы з фігурай Хрыста пад крыжам, якую мы можам пабачыць і сёння. Капліца складзеная з цэглы на падмурку з бутавага каменю, змяшчае ў сабе рысы позняга барока і класіцызму.

3.jpg
Фота: planetabelarus.by

3-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Кашталян полацкі, сын Антонія Жабы Валяр’ян Жаба напрыканцы ХVIII стагоддзя закладае ў Гарадцы палацава-паркавы ансамбль, які часткова захаваўся і па сёння. Тут можна пабачыць уласна будынак сядзібы Жабаў, перабудаваны ў стылі класіцызму, частку прысядзібнага пейзажнага парку, уезную браму, кузню, стайню, будынак колішняга лютэранскага малітоўнага дома, які датуецца ХІХ стагоддзем.

4.jpg
Фота: vedaj.by

4-1.jpg
Фота: vedaj.by

4-2.jpg

Кузня, стайня, як і іншыя гаспадарчыя пабудовы пры сядзібе, былі ўзведзены ў другой палове ХІХ стагоддзя. Сама сядзіба была часткова перабудавана ў ХХ стагоддзі, зменена яе ўнутраная планіроўка, аздабленне фасадаў.

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

Наступнымі пасля Жабаў гаспадарамі палаца ў Гарадцы быў род Плятэраў, які атрымаў Гарадзец у якасці пасагу праз шлюб Апалінарыі Жабы і Казіміра Плятэра. Адбылося гэта ў першай палове ХІХ стагоддзя.

5-1.jpg

Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў маёнтку Гарадзец гаспадарыў Віктар Генрыхавіч Плятэр. Месцічы распавядаюць, што Віктар быў выдатным гаспадаром. Пры ім у 1905 годзе на рацэ Мнюта была закладзена першая ў Беларусі гідраэлектрастанцыя, якая праславіла Гарадзец на ўсю краіну. У маёнтку Плятэра да таго ж функцыянаваў і спіртзавод, будынак якога можам пабачыць і сёння.

6.jpg

Цікавы факт, што аграномам у маёнтку Віктара Плятэра служыў Станіслаў Булак-Балаховіч — вайсковы і палітычны дзеяч, вельмі неадназначная асоба ў беларускай гісторыі. 

Ён не аднаразова і пасля наведваў Гарадзец, бо ягоная першая жонка Генрыета была родам з суседніх Лужкоў, яна дачка мясцовага лекара Марціна Гарбэля.

7.jpg

Не аднойчы ў Гарадцы бываў і Язэп Драздовіч, беларускі мастак, краязнаўца, які працаваў у суседніх Лужках. Доўгі час у будынку колішняга лютэранскага малітоўнага дома пры сядзібе Плятэраў месціўся філіял Германавіцкага музея культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. Сёння экспазіцыя перавезеная ў Германавічы, а будынак малітоўнага дома патроху занепадае.

8.jpg
Фота: planetabelarus.by

8-2.jpg
Гарадзец на Мнюце, 1932, Язэп Драздовіч

Лужкі

Далей прапануем рушыць у колішняе мястэчка Лужкі, сёння вёску Шаркаўшчынскага раёна. Да нашага часу тут захаваліся касцёл Св. Міхала Арханёла ў стылі віленскага барока, колішняя ўніяцкая царква Нараджэння Божай Маці канца ХVІІІ стагоддзя пабудовы, крушні сінагогі, узведзенай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, помнік прамысловай архітэктуры — вадзяны млын на рацэ Мнюта і іншыя не менш цікавыя аб’екты.

8-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Упершыню Лужкі ўзгадваюцца ў 1519 годзе. У розныя часы паселішча належала Сапегам, Жабам, Чапскім, Плятэрам. Ужо вядомы нам з Гарадца Валяр’ян Жаба ў 1741 годзе запрасіў у Лужкі ордэн піяраў, статут якога абвяшчаў асноўнай мэтай дзейнасці развіццё навукі праз адукацыю і выхаванне моладзі. Для мэтаў ордэна жонкай Валяр’яна было выдаткавана 1000 злотых на патрэбы пабудаванага ў 1744 годзе калегіума піяраў у Лужках, які ў гонар фундатара называўся Валяр’янаўскім. Калегіум на працягу доўгіх гадоў быў асноўным месцам асветы ўсёй навакольнай моладзі.

9.jpg
Фота: planetabelarus.by

Ля калегіюма ў 1756 годзе быў узведзены храм Міхала Арханёла ў стылі віленскага барока. Храм мае сваю цікавостку — ягоныя вежы нібы вынесеныя наперад, ад чаго ствараецца ілюзія, нібы храм з фасада мае форму паўкола. У 1831 годзе Лужкі сталі цэнтрам шляхецкага паўстання ў Дзісенскім павеце. Менавіта тут 13 красавіка 1831 года ўдзельнікамі паўстання з мясцовай шляхты быў падпісаны акт канфедэрацыі аб супольнай барацьбе супраць царскай Расіі ды аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. А мясцовым ксяндзом-піярам у касцёле Міхала Арханёла Адамам Татурам было праведзена набажэнства, дзе маліліся за ўсіх паўстанцаў.

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля паразы паўстання кіраўнік Лужкоўскага паўстанцкага камітэта Валенцій Брахоцкі і ксёндз Адам Татур былі расстраляныя, а калегіум піяраў зліквідаваны ды зруйнаваны. Замест яго адчынілі царкоўна-прыходскую школу, узровень адукацыі ў якой, вядома, быў не параўнальны з еўрапейскім, які быў тут за піярамі.

11.jpg
Фота: vedaj.by

11-1.jpg
Фота: vedaj.by

У 1843 годзе касцёл быў перададзены праваслаўным, у міжваенны час зноў вярнуўся да каталікоў, а за савецкім часам у ім захоўвалі ўгнаенні. Толькі ў 1988 годзе касцёл быў вернуты вернікам ды адрэстаўраваны на сродкі мясцовых парафіянаў. Яшчэ за савецкім часам выкшталцонае ўбранства касцёла было вывезена — што ў музеі, што па прыватных калекцыях. Сёння ад першапачатковага інтэр’еру засталіся хіба фрагменты фрэсак ХVІІІ стагоддзя на сценах касцёла.

11-2.jpg
Фота: vedaj.by

12.jpg

Лужкі атрымалі статус мястэчка паводле каралеўскага прывілея ад 14 студзеня 1745 года. Ён дазваляў сярод іншага праводзіць кірмашы два разы на год ажно на працягу цэлага тыдня, што значна спрыяла эканамічнаму развіццю мястэчка. Праводзіліся гэтыя кірмашы на цэнтральнай рынкавай плошчы.

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

13-1.jpg
Рынак, Лужкі, 1934

Сёння на плошчы ў Лужках засім ціха. Тут можна пабачыць яшчэ адзін адметны будынак, колішнюю ўніяцкую царкву, узвядзенне якой у 1794 годзе фундаваў усё той жа вядомы нам Валяр’ян Жаба. Царква Нараджэння Маці Божай — помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Пасля скасавання ўніі будынак аддалі праваслаўным вернікам. У другой палове ХІХ стагоддзя храм істотна перарабілі, каб выглядаў бліжэй да праваслаўнай традыцыі Расійскай імперыі, надбудаваўшы купалы-цыбуліны.

14.jpg
Фота: fotobel.by

Унутры царквы варта звярнуць увагу на іканастас, тут захоўваюцца абразы XVII—XVIIІ стагоддзяў, уніяцкія фератроны «Святы Мікола» і «Маці Божая Адзігітрыя», пазалочаная рыза, якую ў 1794 годзе тут выканаў мясцовы залатнік Ян Жыгель. Пад царквой размяшчаецца крыпта. Цікава, што царква дзейнічала і пры расійскай, і пры польскай, і пры нямецкай уладзе.

15.jpg
Фота: fotobel.by

Лужкі — прыклад тыповага беларускага мястэчка, дзе побач размяшчаліся і касцёл, і царква, і сінагога. Крушні колішняй юдэйскай сінагогі можна пабачыць у цэнтры Лужкоў. Сінагога была пабудаваная тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы ды бутавага каменю на высокім схіле ракі Мнюта. Пры сінагозе да 1930-х гадоў дзейнічала пачатковая яўрэйская рэлігійная школа — хедэр. У гэтым хедэры і вучыўся Эліэзэр Бэн-Ягуда — адраджальнік мовы іўрыт, на якой размаўляе сёння ўся краіна Ізраэль. Але да ХХ стагоддзя іўрыт гучаў толькі на малітвах у сінагозе, а раскіданыя па свеце яўрэі размаўлялі ў штодзённым жыцці на розных варыянтах мовы ідыш.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

Эліэзэр-Іцхак Пэрэльман, які ўзяў псеўданім Бэн-Ягуда, прысвяціў усё сваё жыццё вяртанню іўрыту ў побытавы ўжытак, каб зрабіць яго размоўнай мовай адроджанай яўрэйскай дзяржавы. І ў яго атрымалася. Памёр ураджэнец Лужкоў Бэн-Ягуда ў Іерусаліме ў 1922 годзе, дзе адна з цэнтральных вуліцаў мае ягонае імя.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вуліцы ў Лужках захавалі гістарычныя назвы: Германавіцкая, Дзісенская, Маставая, Млыновая, Касцёльная. Старыя камяніцы ды драўляныя дамы першай паловы мінулага стагоддзя пабудовы на каменных падмурках перадаюць яшчэ захаваную тут атмасферу даўнішняга мястэчка. На Млыновай вуліцы некалі жыў Станіслаў Булак-Балаховіч, які атрымаў мянушку Бацька яшчэ ў Лужках.

18.jpg
Фота: planetabelarus.by

Варта прайсціся ўніз па Млыновай да ракі Мнюта, дзе захаваўся помнік прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя — вадзяны млын. У 1912 годзе над ім надбудавалі яшчэ два паверхі. Тут выраблялі муку розных гатункаў, манку, часалі сукно, з якога шылі вопратку, а на ніжэйшым паверсе млына працавала гідраэлектрастанцыя, якая забяспечвала ўсе Лужкі электраэнергіяй. Млын спынілі выкарыстоўваць толькі ў 2000-я гады.

19.jpg
Фота: planetabelarus.by

Тут жа, у Лужках, працаваў настаўнікам Язэп Драздовіч пасля таго, як савецкая ўлада прыйшла ў Заходнюю Беларусь. З-за недахопу настаўнікаў ён мусіў выкладаць разнастайныя прадметы: і астраномію, і маляванне, і гісторыю. Пасля Другой сусветнай вайны праз праблемы са здароўем ён спыніў выкладчыцкую дзейнасць і працягваў маляваць. Але савецкая дзяржава не прыняла мастака, ягоныя творы не лічыліся вартымі ўвагі. Адзін з прыкладаў — роспіс сталовай у Лужках рукі Язэпа Драздовіча, які зафарбавалі па загадзе аднаго з мясцовых чыноўнікаў.

20.jpg
Фота: planetabelarus.by

Германавічы

Далей раім рушыць у колішняе мястэчка старажытнай Дзісеншчыны, сёння вёску Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Паводле меркавання мясцовых гісторыкаў, гэтае паселішча ўзнікла не пазней за ХІІІ стагоддзе, але ж упершыню ў пісьмовых крыніцах Германавічы ўзгадваюцца ў 1563 годзе.

21.jpg
Дарога на Германавічы, Язэп Драздовіч, 1917

Маёнтак Германавічы быў уласнасцю роду Сапегаў. У 1782 годзе маёнтак прыдбаў Ігнат Шырын. Род Шырынаў заставаўся гаспадарамі Германавічаў ажно да 1939 года, калі да ўлады прыйшлі бальшавікі.

22.jpg

У 1787 годзе Ігнат Шырын фундаваў будаўніцтва касцёла ў стылі віленскага барока на беразе ракі Дзісна. Ля касцёла ў 1796 годзе ён і быў пахаваны. У 1918 годзе ксяндзом у храме служыў Міхал Буклярэвіч, які вельмі шмат зрабіў для беларусізацыі касцёла: перакладаў літургічныя тэксты, праводзіў казані па-беларуску. Храм быў зачынены пасля Другой сусветнай вайны ды ператвораны савецкай уладай у зернясховішча. Касцёл Перамянення Пана вярнуўся да вернікаў у 1989 годзе.

23.jpg
Фота: planetabelarus.by

23-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Насупраць касцёла, на іншым беразе Дзісны Ігнат Шырын распачаў будаўніцтва сядзібы роду Шырынаў, але дабудаваць да смерці не паспеў. Сканчвалі ўзвядзенне палаца ўжо ягоныя сыны. Палац Шырынаў добра захаваўся з канца ХVІІІ стагоддзя па сённяшні дзень. Сядзіба была ўзведзена ў стылі класіцызму, ад яе да Дзісны спускаўся пейзажны парк, рэшткі якога можам пабачыць і сёння. Месцічы распавядаюць, што ад палаца да касцёла існаваў падземны ход. Сутарэнні нібыта былі пракладзены ажно пад Дзісной, але праз будаўніцтва моста былі затопленыя.

23-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

23-3.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння ў сядзібе Шырынаў месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча, якога часам называюць беларускім Леанарда да Вінчы, бо ў сваіх летуценнях пра космас у творы «Нябесныя бегі» ён прыдумаў нават шматступенчатую ракету. Навуковую каштоўнасць Драздовіцкіх вынаходніцтваў даследчыкі крытыкуюць, але ж культуралагічная каштоўнасць іх неаспрэчная.

24.jpg
Фота: planetabelarus.by

Нават космас бачыўся Драздовічу беларускім, мастак выяўляў яго на сваіх карцінах, дзе сатурніянскія краявіды вельмі нагадваюць родную Дзісеншчыну, у штучным моры можна пазнаць Беларускае паазер’е, у тварах сатурніянцаў чытаюцца тыпажы мясцовых жыхароў.

24-2.jpg

24-3.jpg

Варта наведаць і мясцовыя могілкі, тут пахаваная маці Язэпа Драздовіча, надмагілле зроблена ўласнаруч Язэпам Нарцызавічам.

25.jpg

У мясцовым музеі захоўваецца шмат твораў Драздовіча, можна пабачыць нават калекцыю падарожных кійкоў вандроўнага мастака, кожны з якіх — сапраўдны твор мастацтва.

25-1.jpg

Вялікая колькасць экспанатаў з’явілася ў музеі дзякуючы руплівай працы Ады Эльеўны Райчонак, беларускай грамадскай дзяячкі, якая доўгі час выкладала ў мясцовай школе. Унёсак Ады Эльеўны ў развіццё культурніцкага жыцця ў Германавічах ды турыстычнага патэнцыялу мясцовасці цяжка перабольшыць. У Германавічах працуе створаны Адай Райчонак літаратурна-мастацкі музей, які безумоўна варта наведаць.

26.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1926 годзе ў Германавічах была пабудаваная стараверская Свята-Успенская царква для даволі вялікай мясцовай супольнасці старавераў, якіх налічвалася каля 400 чалавек. За савецкім часам царква была зачыненая ды абрабаваная, скрадзены ўнікальныя старажытныя іконы.

27.jpg
Фота: fotobel.by

27-1.jpg
Фота: fotobel.by

Як і ў любым беларускім мястэчку, яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя ў Германавічах жыло шмат яўрэяў, было пабудавана нават дзве сінагогі. Пагаворваюць, што другую пабудаваў дзядзька, які не пажадаў хадзіць маліцца ў адну сінагогу са сваім пляменнікам з-за маёмаснай судовай спрэчкі, якая вырашылася не на ягоную карысць. Былі тут і яўрэйскія могілкі, якія за савецкім часам запахалі пад калгаснае поле. На сёння ў Германавічах з усёй жылой забудовы, дзе жылі яўрэі, захавалася толькі адна камяніца.

28.jpg
Фота: fotobel.by

28-1.jpg
Фота: fotobel.by

Германавічы былі паводле веравызнання пераважна каталіцкім паселішчам, але тут без варажнечы ўжываліся і шматлікія іншыя канфесіі ды прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Не так даўно тут з’явілася і праваслаўная царква ў будынку колішняй сталовай.

29.jpg
Фота: fotobel.by

30.jpg
Фота: fotobel.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ