Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка другая

11.06.2021 Краіна

Працягваем спазнаваць прыгажосць Шчучыншчыны. Далей прапануем рушыць па маршруце Лядск — Дэмбрава — Астрына — Новы Двор — Шастакоўцы — Васілішкі — Старыя Васілішкі — Касцянёва — Галавічполе.


Лядск 

Кіруемся да вёскі Лядск, якая згадваецца ў пісьмовых крыніцах значна раней за сённяшні цэнтр раёна — у 1385 годзе.

30.jpg
Фота: fotobel.by

Тут трэба пабачыць неагатычны касцёл св. Станіслава 1905 года. Парафія ў Лядску ўзнікла ўжо ў 1424-м. Сучасны касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы, неатынкаваны.

31.jpg
Фота: fotobel.by

Арган у касцёле не захаваўся, толькі праспект.

32.jpg
Фота: argany.by

Побач з касцёлам — плябанія з чырвонай цэглы і гаспадарчыя пабудовы, якім больш за 100 гадоў.

Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая

33.jpg
Фота: fotobel.by

Дэмбрава 

Далей прапануем рушыць у вёску Дэмбрава, вядомую з ХVІ стагоддзя, якая ўжо ў ХVІІ стагоддзі займела статус мястэчка. Існаванне тагачаснага мястэчка было шчыльна звязанае з айцамі езуітамі, духоўная і дабрачынная дзейнасць якіх усяляк падтрымлівалася мясцовымі землеўласнікамі. Вядома, што ўжо ў 1654 годзе тут дзейнічаў парафіяльны касцёл.

34.jpg
Фота: fotobel.by

Касцёл з’яўляецца архітэктурнай дамінантай Дэмбрава і сёння. Мяркуецца, што ён мае сучасны выгляд з ХVІІІ стагоддзя. Пабудаваны ў стылі барока, асвечаны ў гонар Святой Тройцы. Вакол касцёла ў добрым стане захавалася каменная агароджа з брамай.

35.jpg
Фота: fotobel.by

Дэмбрава — радзіма двух выбітных мастакоў — Казіміра і Гіяцынта Альхімовічаў. Абодва браты былі ўдзельнікамі паўстання 1863 года і сасланыя ў Сібір. Але ім пашчасціла вярнуцца і працягваць сваю дзейнасць у Еўропе, часта звяртаючыся ў творчасці да родных мясцінаў.

36.jpg

Казімір Альхімовіч — майстар гістарычнага жывапісу. Натхненне знаходзіў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, у якой быў вельмі абазнаны.

37.jpg
«Пахаванне Гедыміна» (1888), Казімір Альхімовіч

Працаваў у побытавым жанры, ілюстраваў сюжэты з жыцця роднага Дэмбрава і ваколіцаў. Таксама Казімір Альхімовіч вядомы як графік, у тэхніцы літаграфіі выканаў шматлікія ілюстрацыі да твораў Адама Міцкевіча («Пана Тадэвуша»), Юліюша Славацкага, Юзафа Крашэўскага, іншых пісьменнікаў.

Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску

38.jpeg
Фота: onebid.pl

39.jpeg
Фота: onebid.pl

Пахаваны мастак на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.

40.jpg
Фота: Матэуш Апасінскі

Астрына 

Далей рушым у колішняе магдэбургскае мястэчка, якое згадваецца ў пісьмовых крыніцах упершыню ў 1386 годзе, у сённяшні пасёлак гарадскога тыпу Астрына. Вядома, што людзі тут жылі і ў Х стагоддзі, за паўтара кіламетра ад паселішча ля вёскі Кульбачына на беразе ракі Астрынка археолагі знайшлі гарадзішча і курганны могільнік.

41.jpg
Герб 1792

Ад былой велічы мястэчка мала што захавалася. З архітэктурных помнікаў варта пабачыць так званыя «халодную» і «цёплую» сінагогі 1916 года. Абодва будынкі былі ўзведзеныя на месцы сваіх згарэлых папярэднікаў. Цёплая сінагога функцыянавала ў цёплы перыяд, узімку яўрэі збіраліся на малітву ў суседнім, меншым, будынку — халоднай сінагозе.

42.jpeg
Фота: shtetlroutes.eu

Падчас Другой сусветнай вайны мясцовая яўрэйская супольнасць была цалкам знішчаная. У астрынскім гета 5 лютага 1943 года забілі 1969 чалавек. З таго часу будынкі сінагогаў больш не выкарыстоўваліся ў рэлігійных мэтах.

43.jpg
Фота: planetabelarus.by

Яшчэ ў Астрыне варта наведаць адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны жыццю і творчасці народжанай на Шчучыншчыне, у фальварку Пешчын, знакамітай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі пачатку ХХ стагоддзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Музей месціцца ў будынку мясцовай школы.

44.jpeg
Фота: grodnonews.com

45.jpeg
Фота: grodnonews.com

Новы Двор 

Наступны пункт нашага маршрута — колішняе магдэбургскае мястэчка, а сёння аграгарадок Новы Двор. Першая пісьмовая згадка пра Новы Двор датуецца 1480 годам, калі тут збудавалі касцёл. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які мы бачым тут сёння, датуецца 1749 годам і з’яўляецца адным з нешматлікіх помнікаў драўлянага дойлідства Беларусі, якія захаваліся ў першасным выглядзе ажно з ХVIII стагоддзя. Званіца дабудаваная ўжо ў 1852 годзе.

46.jpg
Фота: planetabelarus.by

У храме 3 алтары, выкананыя ў стылі ракако і ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Аздобленыя яны, адпаведна стылю, вялікай колькасцю разьбяных драўляных скульптураў ХVIII стагоддзя, дробных дэталяў, пазалотай. У алтарах размешчаныя іконы сярэдзіны ХVIII стагоддзя «Каранацыя Багародзіцы», «Узнясенне».

47.jpg
Фота: argany.by

Трэба звярнуць увагу і на арган, таксама выкананы ў стылі ракако. Арган унікальны: у ім ёсць рухомыя часткі барочных фігур анёлкаў, якія стаяць абапал фасада і трымаюць у руцэ звон. На ўзроўні локця адпаведнай рукі анёлка ўстаўлены шарнір, а ззаду прымацаваны рычаг з падпругай. На канцы рычага зробленая пятля, куды прымацоўвалася вяроўка, якая праз адпаведную адтуліну ў корпусе аргана злучалася з незахаваным механізмам. У 1910 годзе арган быў грунтоўна перабудаваны Пятром Вайцэховічам.

48.jpg
Фота: argany.by

Вядома, што ў 1863–1864 гг. месцічы бралі актыўны ўдзел у паўстанні супраць Расійскай імперыі. У ваколіцах Новага Двара пэўны час дзейнічаў атрад знакамітага Людвіка Нарбута. За падтрымку паўстання на смяротнае пакаранне, якое пасля было замененае на 12 гадоў высылкі ў Тульскую губерню, быў асуджаны навадворскі ксёндз Ян Каржанеўскі.

49.jpeg
«Смерць Нарбута», Міхал Эльвіра Андрыёлі

Апроч касцёла ў Новым Двары трэба не абмінуць будынак сінагогі пачатку ХХ стагоддзя. Пасля знішчэння мясцовых яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны тут працавала харчовая крама.

50.jpg
Фота: fotobel.by

Стары Двор 

Побач з вёскай Стары Двор пахаваная Алаіза Пашкевіч (Цётка).

51.jpg
Фота: planetabelarus.by

Васілішкі 

Далей можна заехаць у былое мястэчка, сёння вёску, Васілішкі, вядомае ажно з першай паловы XV стагоддзя. Гістарычнай забудовы тут засталося няшмат, толькі некалькі жылых дамоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Асноўную турыстычную цікавасць у Васілішках мае касцёл св. Яна Хрысціцеля 1769 года пабудовы. Касцёл быў узведзены пры кляштары дамініканаў. У 1868 годзе храм быў аддадзены праваслаўным, вернуты каталікам у міжваенны час. З 1922 па 1928 год быў рэканструяваны і з таго часу мае сучасны выгляд.

52.jpg
Фота: planetabelarus.by

Касцёл св. Яна лічыцца адным з самых яскравых узораў «віленскага барока» ў Беларусі. У першую чаргу за кошт вежаў, што ўпрыгожваюць фасад разам з паўкруглым франтонам. Унутранае аздабленне храма выкананае ў стылі ракако, алтары ўпрыгожаныя пазалочанай ляпнінай і элементамі, што імітуюць ружовы і блакітны мармур.

53.jpg
Фота: wikipedia.org

Старыя Васілішкі 

Турысты звычайна едуць у Старыя Васілішкі як на радзіму «польскага бітла» Чэслава Немена, каб наведаць дом-музей знакамітага музыкі. Але немагчыма тут абмінуць і велічны неагатычны Петрапаўлаўскі касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1903 годзе па праекце Канстанціна Вайцяхоўскага.

54.jpg
Фота: planetabelarus.by

Касцёл быў узведзены на ахвяраванні неабыякавых парафіянаў, чые імёны выбітыя на вапнавых блоках, з якіх складзены падмурак. Але імёны былі нядбайна зафарбаваныя праз халуйства, і, кажуць, нават не за савецкім часам. Рэч у тым, што імя імператара Мікалая ІІ не было згаданае сярод фундатараў (хаця грошай на храм ён не ахвяраваў), менавіта таму па загадзе тагачаснай адміністрацыі ўсе надпісы былі знішчаныя. А замест іх прымацаваная адна шыльда з іменем самі ведаеце каго.

55.jpg
 Фота: fotobel.by

Унутры варта звярнуць увагу на велічныя спічстыя вокны, драўляныя алтары, амбон, лавы для вернікаў, выкананыя ў вытанчанай неагатычнай форме. Вітражы, фрэскі, скульптура, разьба па дрэве, кераміка ствараюць высокамастацкае асяроддзе храма. Тут нават ёсць пячоры, што імітуюць тыя, дзе нарадзіўся і дзе спачыў Хрыстос.

56.jpg
Фота: planetabelarus.by

Бадай, самы каштоўны тут арган, створаны сям’ёй знакамітых майстроў Янтцон, бацькам і сынам, на мяжы ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Гэтыя ж майстры зрабілі і будслаўскі арган. Васілішкаўскі арган вылучаецца тым, што ён класічны барочны, у адрозненне ад большасці арганаў Беларусі, старэйшых за яго амаль на стагоддзе.

57.jpg
Фота: novychas.by

Адметна, што бацька Чэслава Немена, Антон Выджыцкі (сапраўднае імя Немена — Чэслаў Юліюш Выджыцкі) быў арганістам. Тут жа быў хрышчаны і сам Чэслаў Немен.

58.jpg
Фота: planetabelarus.by

59.jpg
Фота: planetabelarus.by

У Старых Васілішках у 2011 годзе ў хаце, дзе жыла сям’я Выджыцкіх, быў створаны дом-музей, якім апякуецца дырэктар Уладзімір Сянюта. Пан дырэктар апантаны сваёй справай і з радасцю правядзе цікавую экскурсію.

60.jpg
Фота: planetabelarus.by

Касцянёва 

У вёсцы Касцянёва апроч гарадзішча варты ўвагі сядзібны ансамбль шляхецкага роду Кастравіцкіх канца ХІХ стагоддзя.

Мястэчка чатырох канфесій: вандруем у Іўе!

61.jpg
Фота: planetabelarus.by

Захаваўся сядзібны дом, старажытны парк, сажалкі, якія раней выкарыстоўваліся для вывядзення экзатычных відаў рыб. За савецкім часам тут месцілася школа. Апошнія гады тэрыторыя сядзібы знаходзілася ў прыватнай уласнасці.

Галавічполе 

У вёсцы Галавічполе трэба наведаць адметны маёнтак роду Іваноўскіх Лябёдка. Сёння тут месціцца Васілішкаўскі дом-інтэрнат, таму на тэрыторыю палаца турыстам трапіць складана.

62.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сядзіба ў Лябёдцы пабудаваная ў стылі мадэрн з элементамі неаготыкі больш за сто дзесяць гадоў таму. Тут захаваліся і рэшткі старога парку.

63.jpg
Фота: racyja.com

Сям’я Іваноўскіх адметная тым, што дала выбітных дзеячаў адразу чатыром народам. Гаспадаром Лябёдкі ў пачатку ХХ стагоддзя быў Леанард Іваноўскі — інжынер, выбітны гаспадарчы і грамадскі дзеяч у Расійскай імперыі. З пяці дзяцей Леанарда тры сыны — Вацлаў, Ежы і Тадэвуш — сталі знакавымі асобамі для трох іншых краінаў. Вацлаў Іваноўскі быў беларускім палітычным і грамадскім дзеячам, Тадэвуш Іваноўскі стаў Тадасам Іванаўскасам — літоўскім навукоўцам-біёлагам, а Ежы Іваноўскі — польскім палітыкам і грамадскім дзеячам.

64.jpg
Станіслаў, Тадэвуш Алена, Вацлаў і Ежы Іваноўскія

У Галавічполі апроч Лябёдкі цікавы яшчэ адзін будынак, які належаў Ежы Іваноўскаму і быў спраектаваны ў міжваенны час выбітным беларускім архітэктарам Лявонам Вітан-Дубейкаўскім у закапанскім стылі. Побач захавалася афіцына.

65.jpg
Фота: nn.by

66.jpg
Фота: nn.by

Цяпер будынак належыць парафіі касцёла ў Старых Васілішках, фундатарамі будаўніцтва якога, сярод іншых, былі і Іваноўскія.

ШЧУ-ЧЫН-ШЧЫ-НА: Вандроўка па знакамітым краі

67.jpg
Фота: nn.by

Далей прапануем ці вяртацца дадому, ці прыпыніцца ў Шчучыне. Тут усё ў парадку з тым, дзе заначаваць, дзе паесці і што паглядзець.

Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, Budzma.by