«Шэсьць загадок» ад Vuraj (прэм’ера EP)

09.12.2015 Музыка

Этна-гурт Vuraj прэзентуе на Tuzin.fm сваю новую працу з таямнічай назвай «Шэсьць загадок». Гэта міні-альбом, у які ўвайшлі тры аўтарскія апрацоўкі народных сьпеваў ды тры іх аўтэнтычныя вэрсіі.

Рэліз ад Vuraj атрымаўся хоць і кампактным, але адразу з двумя цікавымі асаблівасьцямі. У яго ўвайшлі тры песьні – «Шэсьць загадок», «Гаю» і «Шчодры вэчор». Разам з трыма студыйнымі кампазыцыяміVuraj упершыню зьмясьціў першакрыніцы – аўтэнтычныя сьпевы бабуль з Заходняга Палесься. Яны натхнілі музыкаў на стварэньне альбому і яны ж леглі ў аснову аўтарскіх трэкаў.

«Кожная песня для нас што цэлы Сусьвет са сваей атмасфэрай, гісторыяй і сакральным кодам. Ты стараешся яе зразумець, адчуць і, як вынік, пераасэнсаваць», – кажа фронтмэн гурта Сяржук Доўгушаў.

На фота (зьлева направа): Ніна Міневіч, Надзея Супрун, Кацярына Рыжук. Фота Міхася Лешчанкі. 

Другая асаблівасьць тычыцца ўжо саўнду гурта, які стаў яшчэ больш адметным з прыходам у калектыў таленавітага баяніста Аляксандра Ясінскага (BosaeSonca, The Unlimited Trio). «Гэта новы этап у разьвіцьці нашага гурта!», – заяўляе ў сувязі з гэтым лідэр Vuraj.

Прэзентацыя міні-альбому адбудзецца на канцэрце 22-га снежня ў 19.00 на ў клюбе Beer&Wine з нагоды 5-годьдзя гурта.

Vuraj – Шэсьць загадок

  1. Vuraj – Шэсьць загадок
  2. Vuraj – Гаю
  3. Vuraj – Шчодры вэчор
  4. Кацярына Рыжук –  Шэсьць загадок
  5. Кацярына Рыжук – Гаю
  6. Ніна Міневіч і Надзея Супрун – Шчодры вэчор

Vuraj:

Cяржук Доўгушаў – вакал, сапілка

Аляксандар Ясінскі – баян

Вольга Палякова – флейта

Эрык Арлоў-Шымкус – кантрабас

Наста Папова – скрыпка

Даніла Залескі – бубны

запіс і мастэрынг – Андрэй Багданаў

дызайн вокладкі – Аляксей Кульбіцкі

 

Tuzin.fm