Для ўсіх прыхільнікаў сваёй творчасці Vinsent прэзентуе на афіцыйным сайце VINSENT.ORG адразу шэсць live-кліпаў на новыя і ўжо добра вядомыя песні. Гэтыя запісы паўсталі з вялікага жывога канцэрта, які адбыўся вясною 2011 года ўжо ў легендарным і не існуючым на сённяшні момант клубе “Рэактар”, дзе рэпер упершыню ў Беларусі прэзентаваў свой жывы праект.
Сярод песень, на якія былі створаны live-кліпы, ёсць новыя і яшчэ не выдадзеныя, якія ўпершыню прагучалі на канцэрце ў “Рэактары” – гэта лірычная кампазіцыя “Вусны” і кавер на песню гурта “Rage Against The Machine” “Нас не скарыць”, а таксама добра вядомыя песні “Веру”, “Бог. Радзіма. Воля”, “Слава героям”, “Лютаўскія дажджы”, якія загучалі ў новай апрацоўцы.
“Уся мая творчасць пачыналася з рэпу, з класічнага для гэтага стылю выканання пад бітовыя мелодыі, але мне хочацца ўдасканальвацца і рабіць мой музычны прадукт больш цікавым як для слухача, так і для гледача. На сённяшні дзень я бачу будучыню ў працы з жывымі музыкамі, а не з бітмейкерамі. Наш новы фармат дае мне і наведвальнікам нашых канцэртаў значна больш пазітыўных уражанняў ды эмоцый, дазваляе імправізаваць на канцэртах і знаходзіць новыя магчымасці”, – кажа Vinsent.
Таму, каб адчуць усю моц live hip-hop’у, Vinsent вырашыў перад пачаткам запісу новага альбому прэзентаваць наглядны прыклад таго, як можа гучаць і выглядаць сучасная беларуская альтэрнатыўная культура.
На афіцыйным сайце артыста VINSENT.ORG і канале www.youtube.com/vinsentmusic, дзе адбываецца прэзентацыя кліпаў, кожны ахвотны на паўгадзіны можа перанесціся ў яскравую атмасферу клуба “Рэактар” і аднаго з апошніх канцэртаў, які адбыўся на сцэне гэтага ўсім добра вядомага прыхільнікам музыкі месца, якое дзякуючы і гэтаму канцэрту таксама назаўжды застанецца ў нашых найлепшых успамінах.
Каб адчуць нажыва ўсю энергетыку Vinsent’а разам з жывым бэндам, ужо 6 кастрычніка адбудзецца вялікі сольны канцэрт у сталічным клубе “Гудвін”, які зноў пачаў сваю працу на старым і добра знаёмым месцы: пр. Незалежнасці, 19. Інфалінія: 8-029-782-88-81.
Па ўсіх пытаннях звяртацца:
+375 29 782-88-81