Гуляючы па польскай сталіцы, часам можна пачуць беларускія традыцыйныя спевы. Гэта дзяўчаты са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве. Яны таксама арганізуюць заняткі і вечарыны для ўсіх ахвотных. Мы распыталі дзяўчат і вучняў Школы, навошта ім гэта трэба і што даюць такія заняткі.
Выступ у варшаўскім старым горадзе
Стары горад Варшавы. Вечар. Шмат турыстаў. Над старуўкай разносіцца спеў. Людзі спыняюцца, слухаюць, пакідаюць грошы. Бывае, пытаюцца, на якой мове пяюць. Сярод версій — «нейкая ўсходнеславянская», «украінская» (найчасцей), «лемкаўская» (паводле розных навукоўцаў — украінскі дыялект альбо асобная ўсходнеславянская мова). Выканаўцы з гонарам адказваюць, што гэта беларускія традыцыйныя песні. У рэпертуары таксама некалькі ўкраінскіх твораў.
Гэта дзяўчаты са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве. Яны сустрэліся сёлета на Каляды, падрыхтавалі святочную праграму і не пажадалі развітвацца. Па чацвяргах ладзяць спеўныя заняткі ў Беларускім моладзевым хабе для ўсіх ахвочых, і дзяўчат, і хлопцаў (пачатак у 18.30).
Часам дзяўчаты выбіраюцца спяваць у стары горад. Спыталі іх, навошта яны гэта робяць. Спявачкі адказалі і распавялі крыху пра сябе.
Вечарына ў Беларускім моладзевым хабе
Ліза Рэут: Спяваю, таму што магу гэта рабіць і адначасова не магу не рабіць. Я скончыла музычны каледж, потым Універсітэт культуры ў Беларусі, з’яўляюся выкладчыкам харавых народных спеваў. Гэта маё жыццё, ужо столькі год. Працавала ў Доме культуры, у Цэнтры пазашкольнай адукацыі, з дзецьмі, з дарослымі, вучыла іх спяваць.
Збіраюся ў Польшчы паступаць у магістратуру. Па прыездзе ў Варшаву знайшла гурток, які займаецца спевамі. Неяк мы рабілі выступ у Беларускім моладзевым хабе, а пасля вырашылі паспрабаваць спяваць на старуўцы. Канечне, спачатку было страшна, што падыйдуць людзі ў чорным і скажуць: «Ваша мерапрыемства несанкцыянаванае, просьба разысціся!». Але такога не адбылося. Нам сталі дзякаваць і нават кідаць грошы, і нейкі драйв я адчула: тое, што падабаецца мне, аказваецца, падабаецца яшчэ камусьці. Тым больш зараз у Варшаве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Падыходзяць, дзякуюць, кажуць, што вельмі прыемна пачуць родную мову, спевы, нават далёка ад радзімы. Кажуць, што ў іх вёсцы таксама спявалі такія песні. Некаторыя блытаюць нас з украінцамі, пытаюцца. Мы кажам, што з Беларусі.
У старым горадзе пяем ад аднаго да чатырох разоў на тыдзень, часцей на выходных, увечары. Звычайна на рынкавай плошчы ці каля барбакана.
Вечарына ў Беларускім моладзевым хабе
Наталка Гапановіч: Мне падаецца, што беларускія песні вельмі прыгожыя і іх павінны чуць усе. Таму пяем у старым горадзе. Я сама вучу песні і хачу несці іх у народ. Калі мы спяваем на старуўцы, людзі ідуць, і беларусы таксама, чуюць родную мову, прыпыняюцца, разумеюць, што Беларусь тут таксама ёсць. Я лічу, што нашу культуру трэба падтрымліваць любымі спосабамі, і гэта адна з магчымасцей.
Я скончыла музычную школу, спявала і акапэльна, і ў харавой манеры. Апошні час — традыцыйныя спевы, бо адчуваю менавіта ў іх глыбіню нашай культуры, усю гісторыю нашага народа. Гэтых жанчын уяўляеш, як яны жылі раней, аб чым марылі, на што спадзяваліся, да чаго імкнуліся, пра што плакалі і гаравалі. Спевы таксама выпускаюць энергію, якая накапліваецца ў цябе ўнутры. Гэта магчымасць аб’яднацца і парэлаксаваць разам.
У мяне эканамічная і тэхнічная адукацыя, і пачатковая музычная. У Беларусі я працавала ў сферы эканомікі, а таксама будаўніцтва і праектавання. Пераехала ў Варшаву з Мінска ў пачатку 2021 года. Тут працавала праекціроўшчыкам. Канечне, у эміграцыі трэба інтэгравацца і ў польскае асяроддзе. Але вельмі істотна не губляць свае карані.
Выступ у варшаўскім старым горадзе
Зарына Шэўка: Чаму спяваю? Я музыка, мне ёсць што сказаць гэтымі песнямі людзям. Месца, дзе мы пяем, — стары горад XIII–XIV стагоддзяў, і канечне, тут мусіць гучаць музыка тых часоў. Cпачатку мы з гуртом Lity Taler, дзе я ўдзельнічаю, гралі на беларускіх дудах палову рэпертуара тых часоў, палову народных танцаў, якія больш асацыююцца з ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзяў, хаця, канечне, яны значна старажытнейшыя. Але сітуацыя ў свеце пагоршылася, мы доўга не маглі выйсці граць танцы, а вось народныя спевы — гэта іншая гісторыя, поўная болю і вайны, і пакут...
Выступ у варшаўскім старым горадзе
Мы з дзяўчатамі пазнаёміліся ў Варшаве і пачалі спяваць, хаваючыся ад усіх, але ў пэўны момант зразумелі, што гэтыя песні зараз — заклік да сумлення, яшчэ адзін званочак для тых, хто жыве звычайным жыццём, для тых, хто не ведае, чаму столькі людзей з’ехала з Беларусі. А такіх досыць шмат, нават сярод украінцаў. Нашы песні — гэта зерне для думкі. Такой цікавасці ад звычайных людзей розных нацыянальнасцей я не чакала.
Дудамі таксама шмат цікавіліся, нават палякі. Хаця ў іх есць свая адметная традыцыя грання на дудзе, тут гэта рэдкі інструмент.
Выступ у варшаўскім старым горадзе
Я па адукацыі архітэктар, малюю. Яшчэ з дзяцінства захапляюся коньмі, але асноўны заробак і занятак зараз — фольк-музыка і спевы. Не так даўно размаўляю па-польску. У гэтым дапамагае падпрацоўка — вучу ездзіць на конях дзетак, з імі не так страшна пачаць гутарыць. Спевамі я пачала займацца ў 2014 годзе, у мінскай школе народных спеваў «Гуда». Я тады ўжо была шчыльна звязаная з гістарычнай інструментальнай музыкай, Сярэднявеччам, і спевы былі для мяне пашырэннем гарызонту. Працэс навучання ідзе і сёння...
Выступ у варшаўскім старым горадзе
Песні і музыка даўніх часоў знікаюць так, як знікалі палацы, замкі і храмы, столькі каштоўнасцей ужо знікла назаўсёды! У савецкія часы наогул з’явілася цэлая плынь аранжыровак і стылю, якая адштурхнула ад спеваў шырокія колы звычайных людзей, навязаў стэрэатыпы, якім мусіць быць народны вакал. Хачу паказаць, што можа быць іначай.
Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве часам арганізуе вечарыны, дзе вучні выступаюць са спевамі, а танчаць пасля кароткага інструктажу нават пачаткоўцы. Звычайна на такія імпрэзы прыходзяць акрамя беларусаў, якіх, канечне, большасць, палякі ды ўкраінцы. Некалькі вучняў Школы і наведвальнікаў арганізаваных ёй імпрэз мы таксама спыталі, чаму яны гэтым цікавяцца.
Даміян Дада: У Польшчы я няшмат чуў пра беларускую традыцыйную культуру, а пра танцы — дык наогул нічога. Я люблю танчыць, танчыў таксама традыцыйныя танцы іншых краін. Таму і беларускімі зацікавіўся. Трэба прызнацца, што беларускія танцы мне вельмі спадабаліся.
Танцы ў Музеі Вольнай Беларусі
Рафал Місьта: У Польшчы дамінуюць парныя віровыя танцы, у рэвівалі (rewiwal — асяродак людзей, які адраджаюць традыцыйную культуру — рэд.) танцавальныя гульні ці фігурныя танцы не вельмі папулярныя. Разам з тым здаецца, што раней (не 100, а, можа, 200 год таму) польскія танцы маглі мець менш віровы і больш фігурны характар. З гэтага пункту гледжання знаёмства з беларускімі танцамі, асабліва з разнастайнымі аздобнікамі, імправізацыямі, варыянтамі выканання асобных крокаў, цікавае, калі хочаш развіць сваю інтуіцыю адносна таго, як маглі б выглядаць больш архаічныя формы польскіх танцаў.
Цікавасць да беларускіх танцаў мае і іншае, геапалітычнае вымярэнне. Калісьці навукоўцы і танцоры шукалі сувязі паміж польскімі і шведскімі танцамі, прыглядаліся да вопыту венгерскага рэвівалю. А культура беларусаў, аднаго з самых шматлікіх народаў былой Рэчы Паспалітай, неяк абміналася. Я лічу, праз сваю гістарычную і геаграфічную блізкасць беларускія танцы павінны быць больш вядомымі палякам.
Мне вельмі падабаецца гучанне беларускай дуды. Шкадую толькі, што яе рэдка можна пачуць у больш «сырым», традыцыйным варыянце, а часцей у псеўдасярэднявечным ці фолькавым стылі («folkowy», асучаснены ці стылізаваны від традыцыйнай музыкі супрацьпастаўляецца «in crudo» — «сырому», без апрацовак, пурыстычнаму, такому, які гучаў у вёсцы — рэд.). Спадзяюся, чым большы будзе беларускі рэвіваль (чаго я жадаю), тым больш будзе ў ім плыняў, у тым ліку пурыстычных.
Танцы ў Музеі Вольнай Беларусі
Сяржук Герасімовіч: У Школе беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве я апынуўся невыпадкова. З дзяцінства цікавіўся спевамі. Мае бабулі з вёскі Азярніца Слонімскага раёна спявалі. Пасля цікаўнасць толькі ўзрастала. У студэнцкія гады пазнаёміўся з музыкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай, таксама стаў наведваць танцавальныя вечарыны на Карчы (знакамітая пляцоўка для народных і сярэднявечных танцаў у Менску), імкнуўся не прапускаць увогуле. Таксама ў студэнцкія гады сфера навуковых інтарэсаў была звязаная з беларускай традыцыйнай культурай: удзельнічаў у экспедыцыях этнагістарычнага таварыства «Явар». Пабываў у 90 са 118 раёнаў Беларусі, даведаўся пра цікавы свет аўтэнтычнай беларускай культуры, гэта толькі ўмацавала маю цікавасць. Пачаў слухаць этніку і фольк-музыку, даведаўся пра гурты, якія спявалі беларускія традыцыйныя песні.
Таму калі апынуўся ў Варшаве, вырашыў абавязкова наведваць імпрэзы, звязаныя з беларускай аўтэнтычнай культурай. Калі пачуў пра Школу, то вырашыў туды прыйсці, бываю на занятках і па спевах, і па танцах. Вельмі добра, што такі асяродак ёсць у Варшаве. Я лічу, што пакуль традыцыйная культура жывая, то жывыя і беларусы як спецыфічная і вельмі цікавая нацыя, як такі этнакультурны феномен. Думаю, што мы і тут, у Варшаве, здолеем сваю адметнасць захаваць.
Танцы ў Музеі Вольнай Беларусі
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org