Мастачка, якая апярэдзіла свой час. Расказваем пра Марыю Магдалену Бутаўт-Андрайковіч

Яна з’яўляецца першай прафесійнай жанчынай-мастачкай з Беларусі, удзельнічала ў еўрапейскіх выставах, была філантропкай і асветніцай. Яе імя — Марыя Магдалена Бутаўт-Андрайковіч. PALATNO расказвае пра жыццё і творчасць мастачкі.

Maryja Mahdaliena Bataŭt-Andrajkievič
Марыя Магдалена Батаўт-Андрайкевіч

Адметная лёсам і паходжаннем

Марыя Магдалена нарадзілася 22 ліпеня 1852 года ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Баландзічы на Кобрыншчыне. Радавод дзяўчыны бярэ пачатак яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Яе сям’я належала да заможнай каталіцкай шляхты і валодала маёнткамі на Гродзеншчыне і Піншчыне.

Пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага бацьку дзяўчыны, Яраслава, выслалі ў Пензенскую губерню. Там сям’я правяла некалькі гадоў. Пазней яны пераехалі ў Рыгу, дзе Марыя атрымала пачатковую адукацыю, менавіта там праявілася яе захапленне мастацтвам.

Марыя Магдалена стала адной з першых жанчын у Еўропе, хто атрымаў прафесійную мастацкую адукацыю. Яна навучалася ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі мастацтваў — унікальнай навучальнай установе, якая прымала жанчын. Настаўнікамі Марыі Магдалены былі вядомыя еўрапейскія мастакі таго часу. Мастачка шмат падарожнічала, асабліва па Італіі — там яна захаплялася класічным мастацтвам і архітэктурай. Цікава, што жанчына таксама ўдзельнічала ў еўрапейскіх выставах.

Якой была творчасць Бутаўт-Андрайковіч?

Марыя Магдалена дэбютавала з карцінай «Ян Каханоўскі над памерлай Уршуляй», якую напісала ў 1876 годзе ў Кракаве. У наступныя гады яна пастаянна ўдзельнічала ў выставах у Варшаве, Вільні, Мюнхене і тым жа Кракаве.

Мастачка пераважна працавала на гістарычную і рэлігійную тэматыку. Яе творы вылучаліся кампазіцыйнай глыбінёй, эфектнымі святлоценявымі рашэннямі і тэхнічнай дакладнасцю. Сярод яе вядомых карцін: «Кардынал Джавані Медзічы і Пампоні Лэтус на рымскіх раскопках» (1878), «Уладзіслаў Лакетак у Айцове» (1881), «Хрыстос вяртае зрок сляпому» (1882), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884).

Karcina «Uladzislaŭ Lakietak u Ajcovie»
Карціна «Уладзіслаў Лакетак у Айцове»


Karcina «Jan Kachanoŭski nad pamierlaj Uršuliaj»
Карціна «Ян Каханоўскі над памерлай Уршуляй»

У 1881 годзе Марыя Магдалена вярнулася на радзіму. Частку жыцця яна правяла ў маёнтку Гарнастаевічы (цяпер — Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці), часам жыла ў Варшаве. У Варшаве яна выкладала на мастацкіх курсах у жанчын, удзельнічала ў дзейнасці Літоўскага таварыства мастакоў у Вільні, падтрымлівала творчыя сувязі з іншымі творцамі.

У канцы 1880-х гадоў у яе пагоршыўся зрок, таму яна вымушана спыніла мастацкую дзейнасць. Яна прысвяціла жыцця асветніцтву і збіранню народнага мастацтва.

Асабістае жыццё

Марыя Магдалена ніколі не была замужам і не мела дзяцей. Сваю спадчыну — маёнтак Гарнастаевічы — перадала сваяку Генрыху Бутаўт-Андрайковічу.

Мастачка памерла ў чэрвені 1933 года ў Гарнастаевічах. Яе пахавалі ў родавым маёнтку Поразава ў Свіслацкім раёне.