«Школа маладога пісьменніка» абвяшчае набор на новы навучальны год

Любіце літаратуру і марыце стаць пісьменнікам?

Тады скарыстайцеся ўнікальнай магчымасцю павучыцца ў «Школе маладога пісьменніка». Выкладаць будуць сапраўдныя прафесіяналы — літаратары, педагогі, даследчыкі і навукоўцы са шматгадовым вопытам працы і з акадэмічнымі ступенямі ў галіне філалогіі.


fb_ШМБ.jpg

Заняткі ў школе бясплатныя і праходзяць у фармаце анлайн, так што далучыцца можна з любой кропкі свету.

Дэдлайн падач заявак — 25 кастрычніка 2022 г.

Школа працуе як нефармальны адукацыйны праект для дарослых. Выкладчыкі школы дадуць вам асновы тэорыі прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу; методыка выкладання ставіць акцэнт на камунікацыі і ўзаемным абмеркаванні тэкстаў з калегамі.

Акрамя практычных заняткаў з пастаяннымі выкладчыкамі, па праграме навучання прадугледжаны лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.

Навучанне працягваецца з лістапада 2022 г. па травень 2023 г. , заняткі будуць праходзіць па суботах. Навучанне — бясплатнае, дыстанцыйнае, вочнае — on-line сустрэчы. Таму краіна вашага пражывання не стане перашкодай — пішыце нам!

Правілы афармлення заяўкі

Узрост удзельнікаў і ўдзельніц — да 35 гадоў.

Заяўка павінны ўключаць:

1) уласны мастацкі тэкст любога жанру на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;

2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў Школе;

3) спіс з 5-10 кніг ці прозвішчаў аўтараў, якія на вас паўплывалі найбольш.

Вашыя ўзоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню shkolapismennika2022@gmail.com разам адным файлам у фармаце .doc.

Тэма ліста: Школа 2022-2023

На першай старонцы файла абавязкова пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.

Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― «вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя», напрыклад: Pashkevich_Alaiza.doc

Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу!

Колькасць месцаў абмежаваная, адбор прэтэндэнтаў адбываецца паводле матывацыйных лістоў і ўзору твораў. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена ў паштовай рассылцы на адрасы, пададзеныя ў заяўках.

Дэдлайн дасылкі заявак — 25 кастрычніка 2022 г. Падвядзенне вынікаў — 1 лістапада 2022 г. Залічаныя на курс Школы атрымаюць лісты з пацвярджэннем залічэння на e-mail.

Па ўсіх пытаннях пішыце нам shkolapismennika2022@gmail.com ці на старонцы школы ў Facebook.