Другі год запар традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі шлях» у Беларусі не праходзіць, затое ў замежжы адбываецца шэраг мерапрыемстваў, звязаных з ушанаваннем памятнай даты з дня аварыі на Чарнобальскай АЭС. Budzma.org сабрала ўсе імпрэзы, што будуць адбывацца ў замежжы.
Польшча, Варшава
У Варшаве адбудзецца дыскусія «Жыццё побач з атамам». Гаворка пойдзе пра тое, як вырашылася ці не вырашылася праблема чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі, пра бяспеку выкарыстання Беларуссю мірнага атаму і БелАЭС, а таксама пра атам у нашай новай рэчаіснасці, калі ва Украіне ідзе вайна.
У дыскусіі возьмуць удзел: Саша Годзіна — заснавальніца «Sustainable strategies network fundacja», Наталля Рабава — заснавальніца «Sustainable strategies network fundacja», Рыгор Цярэнцьеў — «Fundacja Centrum Współpracy Międzynarodowej» (Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва), Таццяна Новікава — спецыялістка ў галіне ўстойлівага развіцця, прадстаўніца «Экадома» і каардынатарка «Беларускай антыядзернай кампаніі».
Месца правядзення — Беларускі Моладзевы Хаб, пляц Канстытуцыі, 6, Варшава. Пачатак а 18 гадзіне па мясцовыму часе.
Запіс на дыскусію па спасылцы.
Польшча, Кракаў
Беларусы Кракава ўпершыню ладзяць «Чарнобыльскі шлях», каб ушанаваць памяць пацярпелых ад Чарнобыльскай трагедыі і выказаць салідарнасць з тымі, хто супрацьстаіць рэжымам, якія пагражаюць новымі «чарнобылямі».
Мерапрыемства адбудзецца на Plac Wielkiej Armii Napoleona а 18 гадзіне па мясцовыму часе.
Літва, Вільня
26 красавіка беларусы Вільні пад эгідай «Экадома» ладзяць «Чарнобыльскі шлях». Традыцыйнае мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны аварыі на ЧАЭС, распачнецца на Лукішскай плошчы а 18.00 мясцовага часу. У 19.00 марш рушыць да помніка «Маці Чарнобыля» ў парку Сапегаў. Скончыцца акцыя ў 20.30.
Асабліва востра тэма атама ўспрымаецца цяпер, калі з-за вайны, якую развязала Расія, упершыню ў гісторыі АЭС сталі месцам вядзення баявых дзеянняў, ставячы пад пагрозу радыеактыўную бяспеку ў Еўропе. Менавіта таму сёлета на «Чарнобыльскім шляху» загучаць і антываенныя лозунгі.
Глядзіце таксама: «Чарнобыльскі шлях» у Берліне
Акцыю памяці праводзілі амаль 30 год
30 верасня 1989 года ў Мінску адбылося несанкцыянаванае шэсце і мітынг «Чарнобыльскі Шлях», арганізаваны па ініцыятыве БНФ. Савецкія ўлады Беларускай ССР прызначылі на гэты дзень суботнік, але гэта не спыніла беларусаў, у мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек, якія прайшлі ад Мінскага гадзіннікавага завода праз цэнтр горада і правялі мітынг на тагачаснай плошчы імя Уладзіміра Леніна, цяпер — плошча Незалежнасці.
Наступная акцыя адбылася толькі ў 1996 годзе, была прымеркаваная да 10 годдзя чарнобыльскай аварыі. У шэсці ўдзельнічала каля 50 тысяч чалавек. Тады ж адбыліся сутычкі з міліцыянтамі.
«Чарнобыльскі шлях» у Мінску адбываўся да 2021 года.