28 студзеня адбылася чарговая вандроўка па Беларусі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” з МГА “Гісторыка” і Іванам Сацукевічам. З нагоды васьмі гадзін раніцы ў суботу і маразоў, у шлях выправіліся толькі самыя адважныя аматары гісторыі (ці самыя шалёныя?). Кампанія сабралася вельмі дружная і цёплая, дзякуй усім вялікі. Маршрут быў даволі зручны па дасяжнасці: Койданаў (Дзяржынск) – Рубяжэвічы – Івянец – Люцінка – Пяршаі – Валожын – Ракаў. Наш нястомны экскурсавод цешыў нас усё новымі і новымі гісторыямі літаральна аб усім навокал. Прыгадаю прадмесце Добрыя мыслі, дзе раней быў самы старажытны у горадзе чыгуначны вакзал; вуліцу Кавальскую (зараз Варанянскага), кавалі якой абслугоўвалі найважнейшую транспартную магістраль – Койданаўскі тракт (зараз вул.Чкалава). Дарэчы, адна з станцый будучай трэцяй лініі мінскага метро атрымае назву “Кавальская слабада”!
Першы наш прыпынак – Дзяржынск (назва з 1932 года) альбо былое беларускае мястэчка Койданаў, а па-старому – Крутагор’е. Па легендзе існаваў гарадок Крутагор’е ажно ў 1146 годзе. А першая афіцыйная згадка пра новую назву – 1442 год, горад Койданаў (менавіта так, бо Койданава – русіфікаваная назва). Дзьве версіі паходжання назвы: па адной тут забілі татарскага хана падчас набегаў, па другой – тут уладарыў адзін з татарскіх ханаў хаўруснікаў ВКЛ.
Койданаў быў тыповым для тэрыторыі Беларусі мястэчкам з характэрнай мястачковай забудовай. Усе вуліцы сыходзіліся на вялікай цэнтральная гандлёвай плошчы. Шкада, але старая забудова плошчы не захавалася, засталася толькі ўнікальная царква Покрава Прысвятой Багародзіцы у неарускім стылі. Унікальная, бо такога праекта вы бадай больш нідзе ў нас не пабачыце. Узведзена яна была ў 1851 годзе, да жахліва вядомага нам графа Мураўёва, пасля якога паўсюдна пачалі будавацца мураўёўкі – тыповыя цэрквы ў неарускім стылі. З сумам пабачылі мы тое, што засталося ад Замкавай гары, на ёй калісьці пасярод замка з васьмю вежамі стаяў вялізны мураваны кальвінскі збор 1613 года. Тую прыгажосць можна пабачыць толькі на здымках ды малюнках, бо, на жаль, нічога не захавалася. І даследванні ніколі не праводзіліся, бо сродкі ў краіны ёсць толькі на лядовыя палацы. Непадалёк ад замчышча ў вясёлкавым драўляным касцёле Святой Ганны сонца свяціла ў вокны, як і сотні гадоў да нас, бо ўзведзены ён быў ажно ў 1439 годзе. Уявіце толькі, што касцёл на гэтым месцы бачылі вочы Вярэйскіх, Гаштольдаў, Радзівілаў, што валодалі мястэчкам! Паколькі жылі ў мястэчках пераважна габрэі, можна пабачыць драўляны будынак хедара – габрэйскай навучальная установы, зараз пафарбаваны ў жудасны сіні колер. А яшчэ менавіта ў Койданаве, дарэчы, знаходзіцца Дзяржаўны архіў кіна- і фотадакументаў, адзіны ў Беларусі.
Трохі на захад ад Койданава былое мястэчка з цікавай назвай Рубяжэвічы. Паводле канцэпцыі Міколы Ермаловіча менавіта ў гэты месцах была мяжа паміж Менскім княствам і летапіснай Літвой, Літвой Міндоўга. Рубяжэвічы мяне вельмі ўразілі. У Беларусі паўсюль так: едзеш па нейкіх маленькіх вёсачках па пустыннай дарозе, прыязджаеш у нейкую глуш і бачыш сапраўдны цуд! Гэтым цудам у невялікай вёске Рубяжэвічы быў вялізны неагатычны касцёл сярод заснежаных лістоўніц, у якім таямніча гарэлі вітражы. Побач разбіты арыгінальны сад камянёў, напамін пра 43 вёсачкі – парафію касцёла Святога Юзэфа. З 1799 года ў мястэчку быў драўляны касцёл, які перабудавалі ў царкву ў 1860, і да 1906 года мясцовыя каталікі не мелі ўласнага храма. У 1906 яны такі атрымалі дазвол на будоўлю касцёла з умовай узвесці храм за 4 гады. Праект рабіў польскі архітэктар Пільх. На праекце храм больш складаны, але часу на будоўлю не хапала, і яго спрасцілі. Дарэчы, пачула файнае тлумачэнне папулярнасці ў нас неаготыкі, ўсё проста: каталіцкі неагатычны храм вельмі складана перабудаваць пад праваслаўны, што часта адбывалася пасля паўстання Каліноўскага, няма тут куды цыбуліну пасадзіць!
Завіталі мы і ў слаўнае мястэчка Івянец, якое згадваецца з 15 стагоддзя. Пра яго можна распавядаць доўга і смачна. Смачна, бо тут знаходзіцца “Івкон”, які ня толькі робіць цукеркі, але апошнім часам яшчэ і прапагандуе гісторыю і культуру праз “Цукеркавы фэст”, што ладзіцца ў чэрвені (раю ўсім паўдзельнічаць, з’ява цудоўная!).
Перш-наперш завіталі мы ў мясцовы музей знакамітага Фелікса Дзяржынскага, дакладней, у былы ягоны музей :). Зараз гэта краязнаўчы музей народнай культуры і побыту, дзе можна пабачыць арыгінальныя працы майстры разьбы па дрэву Апалінарыя Пупко і ганчарныя вырабы знакамітых мясцовых майстроў. На жаль, традыцыя рамёстваў, якая калісь былі знакамітыя на ўвесь свет, зараз трымаецца на асобных майстрах, якіх ужо няшмат. Некаторых можна пабачыць у майстэрнях побач з музеям: ганчарнай і ткацкай.
У Івянцы нас нагнаў цень Жалезнага Фелікса, які пераследваў нас усюды, бо ў кожным мястэчку ён абавязкова дзе-небудзь стаяў (колькі іх па Беларусі? на што?). Быў ён і ў Івянцы, насупраць былой гандлёвай плошчы. Выявілася, што ў 15-20 км за Івянцом у гушчары Налібоцкай пушчы знаходзіцца Дзяржынаў – родавы маёнтак Дзяржынскіх, мясцовай паланізаванай шляхты герба Суліма. А ў Івянцы да 24 ліпеня 1943 года жыў родны брат Фелікса Казімір. Ён з жонкай быў расстраляны ў той дзень фашыстамі.
Парафіяльны касцёл Св. Архангела Міхаіла быў узведзены ў сярэдзіне 18 стагоддзя стагоддзя стольнікам менскім – Тэадорам Ваньковічам як манастырскі касцёл братоў францішканцаў. Гэта беларускае або віленскае барока. Пасля паўстання 1863-1864 касцёл зрабілі царквой, зруйнаваўшы часткова вежы, і толькі ў 1980-я аддалі вернікам і пачалі рэстаўраваць. Манастырская частка захавалася, яна прыбудавана ззаду храма, зараз там кшталту плябаніі.
Цікавая заўвага наконт назваў вуліц. Бальшавікі не мянялі назвы ў мястэчках вуліцам Чырвонай і Школьнай. Чырвонай зразумела чаму, хоць не ў гонар бальшавікоў яе называлі, а па прыгажосьці: Чырвоная – Красная, красівая – старажытны славянскі корань. Назва вуліцы Школьнай кажа, што на ёй знаходзілася сінагога (дарэчы, у Івянцы іх было некалькі). Бо сінагогі быля ня толькі храмамі, але і школамі для габрэйскіх дзетак. Такая вось байка.
Люцынка. Месца, дзе знаходзілася сядзіба Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, нашага славутага класіка, вядомага перакладчыка паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на беларускую мову, аўтара камедыі “Пінская шляхта”. Пра яго нам цудоўна распавёў Алесь Белы – уладальнік агра-сядзібы “Марцінова гусь”, бачыцца непадалёк. Падаецца мне, аграсядзібы ўжо далёка перараслі межы свайго арга-, гэта ўжо сапраўдныя невялічкія цэнтры культуры і гісторыі краю.
Па дарозе на Пяршаі пачулі занятную байку пра дах. І гонт (дранка), і чарот як пакрыцці для дахаў патрабуюць прафісійнага падыходу. Калі некалькі год таму Музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах спатрэбілася мяняць чаротавы дах на свіране, яны ледзь знайшлі майстра, каштавала гэта шалёных грошаў (каля 90 млн. руб.). Рабіце высновы на каго варта вучыцца!
У мястэчку Пяршаі пабачылі касцёл Св. Юрыя ў арыгінальным эклетычным ці неараманскім стылі, узведзены ў 1933 намаганнямі мясцовага графа Тышкевіча.
Слаўны беларускі горад Валожын сустрэў нас крутымі высокімі пагоркамі, з якіх так добра глядзець навокал. Відаць, такую асалоду атрымлівалі і Тышкевічы, якія валодалі гэтым маёнткам з 1803 года (да іх ён належыў Чартарыйскім, Радзівілам, а ў пач. 15 ст. Войцеху Манівіду, якому яго падараваў Вітаўт). Для Тышкевічаў быў пабудаваны архітэктарам Касакоўскім адзін з самых прыгожых і загадкавых палацавых комплексаў. У яго складзе было тры будынка літарай П, якія дасюль выклікаюць шмат спрэчак. Справа ў тым, што той, што па логіцы павінен быў быць галоўным (гарызантальная рысачка), быў аранжарэяй. А люстэркавыя будынкі, падобныя па размяшчэнні на флігелі, былі адзін палацам, адзін гасцёўняй. А мо справа была проста ў краявідах з вокнаў? На жаль краявідамі гэтымі зараз могуць цешыцца толькі вайскоўцы. У палацы сёння раённая міліцыя, насупраць – вайсковая частка міністэрства абароны за плотам з рэшткамі парку Тышкевічаў. Ведалі, што хапаць.
Акрамя палацавага комплекса, Касакоўскі працаваў для Тышкевічаў над праектам касцёла Св. Юзэфа ў рэдкім для Беларусі класічным стылі. Ён выходзіць фасадам на былую гандлёвую плошчу, якая зараз называецца плошчай Свабоды і мабыць нездарма: у Валожыне ніколі не было помніка Леніну!
Ёсць у Валожыне і царква Св. Канстанціна і Алены, пабудаваная ў 1866, тыповая, але яна вападае з шэрагу мураўёвак, бо пабудавана з дрэва. Насупраць – цудоўная польская камяніца 1932 года пабудовы. Побач дом №49 – хата Старога Уласа, дзе жыў наш вядомы дзеяч Адраджэння пачатку ХХ ст. Захавалася ў Валожыне і некалькі прыгожых дамкоў урадавай калоніі, у якіх у 30-я гады мелі кватэры польскія чыноўнікі. Большасць з іх ужо знесена, у адным зараз раённы краязнаўчы музей.
Апошняе мястэчка нашага падарожжа зусім не апошняе сярод беларускіх мястэчак. Калісьці тут быў вялізарны кірмаш, які, напэўна, ўваходзіў у тройку самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі. Безумоўна, ракаўскія ганчары былі самымі выбітнымі і вядомымі на ўсю Еўропу. Чаму? Самі ракаўцы некалі адказалі вельмі проста: “У нас самая якасная гліна”. На жаль, і тут рамяство прыйшло ў заняпад, майстраў амаль не засталося. У Ракаве побач жылі хрысціяне і іўдзеі, кожныя рабілі свой ўнёсак у жыццё мястэчка. Між іншым, Ракаў яшчэ вельмі любілі кантрабандысты. Пасля Рыжскага міру Заходняя Беларусь адышла Польшчы, Ракаў апынуўся з польскага боку амаль на мяжы, і большая частка памежнага насельніцтва зарабляла грошы вядома ж на кантрабандзе.
Гісторыі Ракава хопіць на асобны артыкул, дадам толькі тое, што мяне найбольш уразіла. Тыя, хто быў у Ракаве, уявіце: на ўсю тэрыторыю ад царквы да касцёла цягнулася суцэльная гандлёвая плошча! Якое жыццё віравала ў гэтым мястэчку!
Напрыканцы яшчэ раз вялікі дзякуй Івану Сацукевічу, які даў нам магчамасць адчуць дух некалі сапраўды жывых мястэчак, уявіць сябе сярод жвавага кірмашовага натоўпу і зноўку акунуцца ў нашу гісторыю. Зычу ўсім найлепшых вандровак!
Дар’я Мандзік, фота – Уладзімір Дрындрожык