Нядаўні візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў адзначыўся не толькі палітычнымі сустрэчамі, але і ўвагай да агульнай гістарычнай спадчыны Беларусі і Украіны. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга перадаў беларускай дэлегацыі копіі архіўных дыпламатычных дакументаў, у якіх адлюстроўваецца ўзаемадзеянне Украінскай Народнай Рэспублікі і Беларускай Народнай Рэспублікі. Дакументы дэманструюць, як сто гадоў таму нашы народы наладжвалі першыя афіцыйныя кантакты на шляху да пабудовы міждзяржаўных сувязей. Гэтыя дакументы з’яўляюцца толькі пачаткам для вялікай даследчай працы, якая сёння патрэбна абодвум бакам.

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга вывучаюць архіўныя дакументы падчас візіту дэлегацыі дэмсіл Беларусі ў Кіеў. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай
Дакументы перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі заўсёды выклікаюць цікавасць даследчыкаў. Нягледзячы на тое, што афіцыйная дзяржаўная гістарыяграфія доўгі час пакідала і працягвае пакідаць «на ўскрайку» тэму БНР, архіўныя знаходкі сведчаць пра актыўную дзейнасць яе прадстаўнікоў. Вывучылі матэрыялы з Кіева і на іх падставе расказваем, як структуравалася тагачасная дыпламатычная праца і рабіліся спробы наладзіць кантакты з суседзямі.
Каб зразумець важнасць гэтых дакументаў, трэба ўлічваць кантэкст 1918 года. Імперыі руйнуюцца, ідуць войны, межы змяняюцца ледзь не штомесяц. У гэтым хаосе маладыя ўрады ў Мінску і Кіеве спрабуюць не проста выжыць, але і выбудаваць паўнавартасныя дзяржаўныя інстытуты.
Архіўныя матэрыялы паказваюць, што гэтыя дыпламатычныя намаганні не былі марнымі. Так, сярод перададзеных копій матэрыялаў увагу прыцягвае «Спіс замежных прадстаўніцтваў ва Украіне» за 1918 год. У гэтым дакуменце беларускае консульства значыцца побач з консульскімі ўстановамі Англіі, Галандыі, Грэцыі, Італіі, Іспаніі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Спіс замежных прадстаўніцтваў ва Украіне. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай/Цэнтральны дзяржаўны архіў вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны
Дакументы дазваляюць прасачыць, як менавіта выбудоўвалася гэтае супрацоўніцтва. Падмурак для яго пачаў закладвацца яшчэ тады, калі сама беларуская дзяржаўнасць толькі фармавалася — раннія кантакты пачаліся да афіцыйнага абвяшчэння незалежнасці БНР. Пра гэта сведчыць тэлеграма Рады Усебеларускага з’езда аб прызначэнні Паўла Алексюка ўпаўнаважаным прадстаўніком пры Генеральным сакратарыяце Украіны ў пачатку 1918 года.
Тэлеграма Рады Усебеларускага з’езда аб прызначэнні Паўла Алексюка ўпаўнаважаным прадстаўніком пры Генеральным сакратарыяце Украіны. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай/Цэнтральны дзяржаўны архіў вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны
Гісторыя дыпламатычных адносін БНР і Украіны немагчымая і без постаці Аляксандра Цвікевіча. Сярод дакументаў — Упаўнаважвальная грамата. Гэтым дакументам 23 траўня 1919 года Цвікевіч быў прызначаны Надзвычайным паслом БНР пры Урадзе УНР.
«Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ, назначаем грамадзяніна Александра Цьвікевіча Надзвычайным Паслом Беларускай Народнай Рэспублікі пры Урадзе Украінскай Народнай Рэспублікі. Дзеля гэтага яму, Цьвікевічу, надаюцца усе правы і абавязкі, якія выцякаюць з яго становішча, а такжа права ад імені Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі вясьці перагаворы і рабіць умовы з Урадам Украінскай Народнай Рэспублікі. Жадаючы заховываць з Украінскай Дзяржавай добрасуседзкія адносіны, загадываецца яму, Цьвікевічу, прылажыць усіх стараньняу дзеля іх удзяржаньня і умацаваньня.
СТАРШЫНЯ РАДЫ НАРОДНЫХ МІНІСТРАУ І МІНІСТЭР ЗАГРАНІЧНЫХ СПРАУ Антон Луцкевіч»
Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай/Цэнтральны дзяржаўны архіў вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны
Цікавасць для разумення двухбаковых узаемаадносін уяўляюць дакументы, звязаныя з эканомікай. Вельмі часта перыяд БНР успрымаецца праз прызму выключна палітычных дэкларацый. Аднак ліст Надзвычайнага пасла БНР ад кастрычніка 1919 года малюе і іншую карціну.
Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай/Цэнтральны дзяржаўны архіў вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны
Гэты дакумент прысвечаны тавараабмену паміж рэспублікамі. Беларускі бок прагматычна аналізуе патрэбы ўкраінскага рынку і прапануе канкрэтны пералік тавараў для экспарту: драўляны будаўнічы матэрыял, льняную і суконную мануфактуру, скураны тавар, мыла, хмель, прадукты сухой перагонкі драўніны і вырабы з драўнянай масы (паперу, кардон) і іншае.
Дакумент сведчыць пра спробы выпрацоўкі з боку Урада БНР эканамічнай палітыкі. Урад разумеў экспартны патэнцыял беларускіх тэрыторый і імкнуўся інтэграваць маладую рэспубліку ў рэгіянальныя эканамічныя працэсы.
Перадача копій гэтых гістарычных дакументаў — пазітыўны жэст з боку афіцыйнага Кіева. Ён падкрэслівае глыбіню гістарычных сувязяў паміж нашымі народамі.
Аднак трэба разумець: тое, што мы ўбачылі, — гэта толькі невялікая частка дакументаў. Гісторыя ўзаемаадносін беларускіх і ўкраінскіх дзяржаўных утварэнняў, БНР, УНР, Украінскай Дзяржавы, захоўвае яшчэ шмат таямніц. Шмат якія з іх знаходзяцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіравання Украіны.
«Для даследчыкаў важна мець магчымасць доступу да гэтых архіваў, — адзначае гісторык і музеязнаўца, былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алесь Крыжэвіч. — Сёння, калі Беларусь і Украіна зноў сутыкаюцца з экзістэнцыйнымі выклікамі з боку расійскага імперыялізму, разуменне таго, як нашыя продкі будавалі саюзы сто гадоў таму, набывае асаблівае значэнне. Адкрыццё гэтых фондаў дазволіць вярнуць з нябыту забытыя імёны, ліквідаваць прабелы ў гісторыі Усходняй Еўропы».
Такія дакументы сапраўды могуць сфармаваць наймацнейшы падмурак для ўзаемаразумення і стратэгічнага партнёрства паміж беларусамі і ўкраінцамі. Бо вывучэнне гэтай спадчыны — гэта не толькі пра гісторыю, але і пра агульную інвестыцыю ў будучыню.
А. П., Budzma.org