«Збудінне»: як амаль 40 гадоў таму на Палессі нармавалі ўласную мову і патрабавалі аўтаноміі

04.06.2026 Гісторыя

Напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у Беларусі віравалі не толькі агульнанацыянальныя дэмакратычныя працэсы. На паўднёвым захадзе краіны зарадзіўся ўнікальны і шмат у чым супярэчлівы феномен — заходнепалескі (або «яцвяжскі») рух: яго прыхільнікі займаліся навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасцю, праводзілі мітынгі, друкавалі перыядычныя выданні. Яны аб’ядноўваліся вакол ідэі, што палешукі — гэта асобны народ са сваёй мовай, гісторыяй і правам на аўтаномію. Галоўным рупарам гэтых ідэй стала газета «Збудінне» — грамадска-палітычнае выданне на заходнепалескай мікрамове. Пра адно з самых самабытных рэгіянальных выданняў распавядае Мікалай Заяц.

Нараджэнне «яцвяжскай» мары

Газета «Збудінне» пазіцыянавала сябе як перыядычнае выданне палешукоў на роднай мове, а яе стварэнне было шчыльна звязана з грамадска-культурным згуртаваннем «Полісьсе» і яго лідарам Міколам Шэляговічам. Газета стала спадкаемцам праекта «Балесы Полісься» (Галасы Палесся) — адмысловага дадатку да рэспубліканскай газеты «Чырвоная Змена», які выходзіў з 1988 года. У красавіку 1989 года гэты супольны голас палескіх энтузіястаў перафарматаваўся з дадатку ў самастойнае выданне, што, пазней, у ліпені таго ж года, адкрыла шлях для выхаду газеты «Збудінне».

zbudinnie-01.jpg
Вокладка аднаго з нумароў «Збудіння»

Мэты выдання, якія прасочваюцца пры аналізе матэрыялаў «Збудіння», былі даволі амбіцыйныя: спыніць працэсы паланізацыі, русіфікацыі, украінізацыі і нават беларусізацыі Палескага краю. Рэдакцыя лічыла, што яцвягі (так яны называлі заходніх палешукоў) маюць уласную ўнікальную культуру, якую трэба ратаваць. 

Каб ахапіць як мага большую аўдыторыю, газета выходзіла на некалькіх мовах: пераважнае месца займала «яцвяжская» (заходнепалеская мікрамова), а таксама выходзілі матэрыялы па-беларуску, па-руску і па-ўкраінску.

Як пісалі заходнія палешукі

Адна з галоўных цікавостак выдання — яго заходнепалеская лексіка. Рэдакцыя рабіла каласальную працу па стандартызацыі палескіх гаворак і стварэнні заходнепалескай мікрамовы. У газеце абмяркоўваліся фанетычныя асаблівасці мясцовых гаворак, а ў 1990 годзе нават быў апублікаваны праект уласнай лацінкі — «Jiтvyeža laтynśka aljfobeта».

zbudinnie-02.jpg
Праект заходнепалескай лацінкі. Крыніца: «Збудінне» № 5-6 за чэрвень 1990 года

Рэдакцыя публікавала карты «Заходнепалескага этнамоўнага арэала», які ахопліваў не толькі беларускае Палессе, але і суседнія прымежныя раёны Польшчы і Украіны.

zbudinnie-03.jpg
Заходнепалескі этнамоўны арэал на старонках выдання. Крыніца: «Збудінне» № 12 (17) за лістапад 1990 года

Паколькі прапанаваная лінгвістычная сістэма істотна адрознівалася ад звыклай беларускай ці рускай графікі, газета рэгулярна друкавала адмысловыя памяткі з тлумачэннем фанетыкі і правілаў чытання.

zbudinnie-04.jpg
Як чытаць па-палеску. Крыніца: «Збудінне» № 12 (17) за лістапад 1990 года

Акрамя таго, рэдакцыя займалася кадыфікацыяй уласнага лексікону. Складаныя існыя або наваствораныя палескія тэрміны збіраліся ў адмысловыя слоўнікі, дзе побач з лакальнымі словамі падаваўся іх рускі ці беларускі эквівалент.

zbudinnie-05.jpg
Заходнепалескі слоўнік. Крыніца: «Збудінне» № 1 за ліпень 1989 года

Заходнепалеская культура на старонках выдання

Рэдакцыя газеты перакладала на заходнепалескую мікрамову творы мастацтва і нават культавыя тэксты. Напрыклад, у 1990 годзе была апублікаваная хрысціянская малітва «Ойча наш» у перакладзе на сыманавіцкую гаворку (Сыманавічы — вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці), які зрабіў вядомы дыялектолаг Фёдар Клімчук яшчэ ў 1978 годзе. Гучала гэта так:

zbudinnie-06.jpg
«Ойча наш» па-заходнепалеску. Крыніца: «Збудінне» № 5-6 за чэрвень 1990 года

Разам з тым сапраўднай душой выдання станавілася арыгінальная палеская лірыка. Аўтары імкнуліся паказаць, што заходнепалеская гаворка створана не толькі для лінгвістычных дыскусій, але і для тонкай паэзіі. Пяшчотныя калыханкі, вершы пра марозныя дні і святочныя клопаты дэманстравалі прыгажосць і натуральнае гучанне мясцовага слова.

zbudinnie-07.jpg
Вершы ў газеце. Крыніца: «Збудінне» № 13 (18) за снежань 1990 года

На старонках выдання выходзіла кулінарная рубрыка ад «Бабы Уласіхі», дзе на заходнепалескай гаворцы друкаваліся рэцэпты традыцыйных мясцовых страў.

zbudinnie-08.jpg
Кулінарная рубрыка. Крыніца: «Збудінне» № 11 (16) за кастрычнік 1990 года

Клапаціліся аўтары і пра тое, каб мікрамова гучала ў дзіцячым асяроддзі. Дзеля гэтага публікаваліся апісанні народных гульняў і лічылак (накшталт гульні «У козу»), адаптаваныя да прапанаванай рэдакцыяй арфаграфіі.

zbudinnie-09.jpg
Крыніца: «Збудінне» № 11 (16) за кастрычнік 1990 года

Адным з вынікаў культурнага лабізму і сапраўднай перамогай, якую газета падавала пад лозунгам «Сталося!», было афіцыйнае прызнанне на рэспубліканскім узроўні. «Палеская мова» была згаданая ў афіцыйнай «Канцэпцыі моўнай адукацыі ў сярэдніх навучальных установах БССР».

Міністэрства фактычна прызнала існаванне мільёна носьбітаў палескіх гаворак і разглядала магчымасць эксперыментальнага ўкаранення палескай мовы ў мясцовых садках і школах. Праўда, гаворка ішла хутчэй пра палескія гаворкі ў шырокім сэнсе, якія сапраўды маюць значную колькасць носьбітаў, але сама мікрамова руху не атрымала такога масавага прызнання.

zbudinnie-10.jpg
Крыніца: «Збудінне» № 12 (17) за лістапад 1990 года

Палітычныя амбіцыі: ад пашыраных правоў да аўтаноміі

Чым больш разгойдваўся човен перабудовы, тым больш рашучымі станавіліся палітычныя амбіцыі заходнепалескага руху. У 1989 годзе выданне публікуе дэкларацыю руху (у той час на старонках «Збудіння» рух называў сябе незалежнай часткай у межах БНФ), а таксама праграмныя і статутныя палажэнні. У іх рух выказаў неймаверныя для тагачаснага савецкага прававога поля патрабаванні.

zbudinnie-11.jpg
Дэкларацыя, у якой узгадваецца аўтаномія Палесся ў складзе Беларусі. Крыніца: «Збудінне» № 2 ад верасня 1989 года

zbudinnie-12.jpg
Крыніца: «Збудінне» № 5 за снежань 1989 года

Актывісты бачылі свой край — «Етвызь» — як суб’ект у складзе «Лытвыні» (так у тэкстах часам называлася Беларусь). Яны не проста планавалі падзел на чатыры ключы (Берасцейскі, Кобрынскі, Пінскі і Тураўскі) з цэнтрам у Пінску, але і наўпрост замахваліся на дзяржаўны лад рэспублікі. Праект прадугледжваў стварэнне двухпалатнага парламента, дзе палешукі павінны былі мець фіксаваную квоту (не менш за 2/5 месцаў у Верхняй палаце), а таксама права абсалютнага вета на рэспубліканскія законы, якія закраналі інтарэсы краю.

zbudinnie-13.jpg
Крыніца: «Збудінне» № 3 ад кастрычніка 1989 года

Праграма грамадска-культурнага аб’яднання, прынятая вясной 1990 года, гучала максімальна смела і бескампрамісна. У дакуменце адкрыта дэкларавалася мэта на «обретение Краем этнокультурной автономии путем установления правовых гарантий». Актывісты выступалі за дэмакратычныя падыходы да вырашэння праблем, пры тым заяўляючы пра сваё права «быть полноправными хозяевами на своей земле». Натуральна, што такія амбіцыі ішлі ў наўпроставае сутыкненне з афіцыйнай уладай.

Рэдакцыя «Збудіння» жорстка крытыкавала тагачасную партыйную вярхушку (у прыватнасці, першага сакратара ЦК КПБ Сакалова), а ў афіцыйнай праграме асобным радком фіксавалася: «„Полісьсе“ категорически против наличия всяких институтов номенклатуры».

zbudinnie-14.jpg
Праграма ГКЗ «Полісьсе». Крыніца: «Збудінне» № 4 (9) за май 1990 года

Пры гэтым рух балансаваў паміж агульнабеларускім дэмакратычным рухам (аўтаноміяй у складзе Беларусі) і больш радыкальнымі ідэямі (уласна палескім сепаратызмам). 

На старонках газеты актыўна абмяркоўвалася «Праграма БНФ вачыма этнічнага палешука». З аднаго боку, актывісты прызнавалі БНФ як галоўную антытаталітарную сілу, але з іншага — патрабавалі ад Фронта прызнання сваёй аўтаноміі.

zbudinnie-15.jpg
«Мы, полэшукы, одчуваемо свое родство з бэлорусамы. Пэрэплэлася наша гысторыя, нашы судьбины. Поважаючы сусидов, помятаючы нашэ родство, мы однакож бачымо и свою самобытность: вона и в мове нашое и в нашых обрадах» — «Праграма БНФ вачыма этнічнага палешука». Крыніца: «Збудінне» № 2 ад верасня 1989 года

Акрамя тэарэтычных праграм, дзеячы руху таксама пераходзілі і да вулічнай палітыкі. Газета рапартавала пра мітынгі — напрыклад, у Пінску, дзе палешукі не толькі раздавалі бюлетэні, але і наўпрост збіралі подпісы за адкліканне тагачаснага народнага дэпутата, які не падтрымліваў ідэю адраджэння «Етвызі».

zbudinnie-16.jpg
Мітынг у Пінску. Крыніца: «Збудінне» № 1 за ліпень 1989 года

У лістападзе 1990 года «Збудінне» публікуе дакумент, які стаў вынікам палітычнага сталення руху — «Адкрыты ліст народным дэпутатам БССР і УССР ад Заходняга Палесся». Гэта ўжо не проста развагі пра карані, а прагматычны зварот. Актывісты грамадска-культурнага згуртавання «Полісьсе» і рэдакцыя газеты разумелі: без дзяржаўнай падтрымкі і афіцыйнага прызнання іх культурны праект асуджаны на паразу ў эпоху рынкавых адносін. Яны патрабавалі «дзяржаўнага мецэнацтва» і ўліку заходнепалескіх інтарэсаў на заканадаўчым узроўні.

zbudinnie-17.jpg
Крыніца: «Збудінне» № 12 (17) за лістапад 1990 года

Завяршэнне праекта

Нягледзячы на энтузіязм стваральнікаў, выразную праграму, правядзенне сходаў, культурных мерапрыемстваў, Яцвяжскай навукова-практычнай канферэнцыі ў красавіку 1990 года і нават спробу вылучэння кандыдатуры Мікалая Шэляговіча прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, праект палескай аўтаноміі і асобнай мовы паступова згас.

zbudinnie-18.jpg
Чытацкая дыскусія: чыё ты, Палессе?

Па-першае, рух заставаўся пераважна інтэлектуальным канструктам групы энтузіястаў і не атрымаў масавай падтрымкі сярод саміх палешукоў, для якіх эканамічнае выжыванне ў 1990-я стала куды больш важным за этналінгвістычныя дыскусіі.

Па-другое, ідэя «яцвяжскага сепаратызму» выклікала насцярожанасць як у тагачасных афіцыйных уладаў, так і сярод актывістаў Беларускага Народнага Фронту, якія бачылі ў гэтым пагрозу адзінству маладой беларускай дзяржавы. Частка рэдакцыі не падтрымала палітычную дзейнасць Шэляговіча, а сам ён у сярэдзіне 1990-х пакінуў Беларусь — выданне «Збудіння» спынілася.

Сёння «Збудінне» — гэта ўнікальны гістарычны артэфакт. Ён нагадвае пра тое, якой стракатай, шматгалоснай і непрадказальнай была Беларусь напярэдадні сваёй незалежнасці, і якое незвычайнае багацце хаваюць у сабе дыялекты нашага Палесся.

Мікалай Заяц, Budzma.org