Пытанне, якое мучыць большасць беларускіх эмігрантаў. Як не памыліцца, шукаючы адказ? Разважае пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская і прапануе адно простае пытанне, якое варта задаць сабе перад тым, як купляць квіток у адзін канец.

Пытаньне, якое ў роўнай ступені накрывае вялікую частку эмігрантаў падчас жыцьцёвых выпрабаваньняў у новай краіне. Выключэньне могуць скласьці, бадай, толькі тыя, каму фізычна няма куды вяртацца — напрыклад, таму што іх дамы дашчэнту зруйнаваныя вайной, — альбо тыя, хто ўжо грунтоўна асыміляваўся, вывучыў мову, стварыў сям’ю, нарадзіў дзяцей — грамадзян новай краіны, ды і сам атрымаў грамадзянства.
І нават у пералічаных выпадках хто ведае: можа, падчас сяброўскай сустрэчы ці сярод калегаў, у момант жарту, зразумелага толькі тым, хто рос у гэтай культуры, закрадаецца ў галаву думка пра тое, як было і як магло б быць у родным краі.
Эмігрант наогул часта нагадвае Арфея. Паводле старажытнагрэцкага міту, той вывеў сваю каханую Эўрыдыку з царства мёртвых, але страціў яе ў той момант, калі азірнуўся назад. Эміграцыя, вядома, не падобная да падарожжа ў падземны сьвет. Але ў ёй таксама заўсёды ёсьць спакуса азірнуцца. Параўнаць. Успомніць. Падумаць, што там, за сьпінай, усё ж было лепш, прасьцей і больш зразумела. Асабліва, калі ў новым жыцьці нешта не складаецца.

«Арфей і Эўрыдыка». Карціна Кэтрын Аделаіды Спаркс (1842–1924)
Думаеце, беларусаў абмінае гэтае ліха? Дзе там!
Вось сутыкаецца беларус ці беларуска з мэдычнай сыстэмай у новай краіне — у Эўропе ці ў ЗША. І адкрываецца цэлы новы сьвет: аказваецца, у большасьці выпадкаў ня лекар едзе да пацыента, а пацыент да лекара; аказваецца, да вузкіх спэцыялістаў трэба чакаць месяцамі; аказваецца, працуе сыстэма страхаваньня, а частка рахункаў можа сягаць касьмічных сумаў.
Прыгадвае чалавек візыты лекараў дахаты ў Беларусі, знаёмых спэцыялістаў, звыклы парадак рэчаў — і робіцца сумна. А ў тэматычных чатах заўсёды знойдуцца людзі, якія ахвотна растлумачаць, што беларуская мэдыцына ледзь не найлепшая ў сьвеце.
Ці вось працуе беларус дальнабойшчыкам у Амэрыцы. Каб утрымліваць сям’ю, практычна жыве ў траку. Ангельскую пры пераезьдзе ня ведаў, а вывучыць так і не пасьпеў. І міжволі задаецца пытаньнем: а ці ня лепш адправіць сям’ю ў Беларусь, а самому некалькі месяцаў працаваць і потым жыць на амэрыканскі заробак дома?
Піша пра гэта ў сацыяльных сетках, шукае рады. І тут жа знаходзяцца дарадцы, якія пераконваюць: вядома, будзе лепей. У Беларусі і камуналка танная, і жыцьцё спакайнейшае, і людзі жывуць ня горш за іншых.
Ці проста не ўладкаваўся чалавек у замежжы. Зьяжджаў не па ахвоце, а па неабходнасьці. Спадзяваўся на хуткія зьмены і вяртаньне. Але мінуў год, другі. Мову вучыць ня надта хацеў, бо не хацеў асымілявацца. Працу, якую меў дома, знайсьці цяжка. Трэба пачынаць з нуля.
Дадайце да гэтага стрэс, самоту і стому — і чалавеку пачынае здавацца, што дома ўсё ж было нядрэнна. А суразмоўцы ў сетцы падхопліваюць: людзі жывуць як жылі, на тых, хто зьехаў, ужо забыліся, усё нармальна.
Толькі вось беларуская сацыяльная мэдыцына нагадвае парадаксальны сплаў — лекараў, якія прыязджаюць дахаты, але ў арсэнале лекаў маюць толькі парацэтамол, вузкіх спэцыялістаў, даступных толькі платна, і дасьледаваньняў, якія якасна можна зрабіць толькі па знаёмстве.
Толькі вось жонку амэрыканскага беларускага дальнабойшчыка па вяртаньні могуць паставіць на ўлік як дармаедку, дзяцей — на ўлік у СНС, бо ня вучацца ў беларускай школе, а з самім дальнабойшчыкам рана ці позна правядзе даверлівую гутарку таварыш маёр і пацікавіцца, чаму ён так часта матаецца за мяжу.
А неўладкаваны ў замежжы небарака, наважыўшыся вяртацца, можа раптам высьветліць, што мае ў сваім партфоліа народны артыкул, падазроны лайк ці сумнеўны данат. І ў лепшым выпадку атрымае некалькі сутак ці хатнюю хімію, а разам зь імі — доўгі шлейф наступстваў для ўсяго далейшага жыцьця.
Па вяртанні чалавек рызыкуе ў лепшым выпадку атрымаць некалькі сутак арышту ці хатнюю хімію. Выява, створаная пры дапамозе ШІ
Але пра гэта ім не напіша ананімны камэнтатар у сеціве.
Бо ананімны камэнтатар заўсёды раскажа пра танную камуналку. Пра даступную мэдыцыну. Пра спакойнае жыцьцё.
І амаль ніколі не раскажа пра тое, чаму чалавек калісьці сабраў валізку і зьехаў.
Памяць любіць вяртаць нас дадому.
Настальгія любіць падфарбоўваць мінулае.
Але паміж «сумаваць па Радзіме» і «вярнуцца» ляжыць не адлегласьць у кілямэтрах.
А толькі адказ на адно простае пытаньне:
Ці зьмянілася краіна настолькі, каб у яе можна было вярнуцца бяз страху?
І пакуль адказу на гэтае пытаньне няма, шмат каму з беларусаў даводзіцца жыць зь іншым пытаньнем.
Не «вярнуцца альбо застацца?».
А «калі нарэшце можна будзе вярнуцца?».
Яна Вольская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org